Аказваецца, блізнят блытаюць і ў… дакументах

Падзеі

Калі пачынаеш распавядаць пра сустрэчы з людзьмі падчас камандзіровак, у адказ чуеш розныя пытанні: пра дасягненні новых знаёмых, пра характар і захапленні, звычкі і праблемы. На гэты раз толькі пачынаў казаць пра дзяўчат-блізнят з Дзятлаўскага лясгаса, чуў адно: «Мусіць, іх часта блытаюць?» Прызнаюся, карцела і мне пачаць гутарку з імі такім жа чынам, але першым было іншае пытанне: «Няўжо разам, удваіх, без дыскусій вы вырашылі прысвяціць свой лёс лясной гаспадарцы?»

А даведаўся я пра дзяўчат ад дырэктара Дзятлаўскага лясгаса Аляксандра Ківулі:

— Факт працы ў нашай гаспадарцы блізнят ужо сам па сабе цікавы. Але галоўнае іншае — па ўсім відаць, яны прыйшлі працаваць у лясную сферу невыпадкова і надоўга. Да сваіх абавязкаў ставяцца адказна.

Калі мы сустрэліся з дзяўчатамі, я нават спачатку разгубіўся — якія яны блізняты? Але хутка зразумеў: так здаецца спачатку, бо валасы іначай зачэсваюць, адна выглядае вышэй, бо на абцасах. І робяць яны тое, падумалася, каб сапраўды іх не блыталі. Потым, падчас гутаркі, у сваіх меркаваннях я ўпэўніўся.

Што тут казаць — працоўны досвед у іх невялікі. Ды і жыццёвы. Ліда і Ліля Каспяровіч пасля заканчэння Юрацішскай сярэдняй школы, што месціцца ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, паступілі ў Полацкі лясны каледж на спецыяльнасць «лясная гаспадарка».

Сям’я ў іх шматдзетная, ніхто з бацькоў у лясной гаспадарцы не працуе. Але лес вабіў заўсёды. Старэйшая сястра стала медыцынскім работнікам, і блізняты маглі пайсці яе шляхам. Ды пасля сумесных разваг выбралі лясную справу.

— Для нас галоўнае — быць разам, — ледзь не ў адзін голас казалі Ліда і Ліля.

— І што, моцна адчуваеце прывязанасць адна да адной?

— Так, асабліва калі не побач…

bliznetsy222

Працуюць сёстры Каспяровіч майстрамі лесу. Лідзія — у Руда-Яварскім лясніцтве, Лілія — у Вензавецкім. Андрэй Ерамейчык, яго ляснічы, з якім мы сустракаліся раней, абмяркоўвалі розныя пытанні, пра работу дзяўчыны адказаў коратка: «Пажывём — пабачым».

Ляснічы Руда-Яварскага лясніцтва Дзмітрый Шостак быў больш шмат­слоўным. Ён прызнаўся, што стараецца быць са сваёй падначаленай патрабавальным:

— Адна справа знаходзіцца на практыцы, а сёстры яе праходзілі тут, другая — самастойная праца. І ўжо на першы план выходзіць не столькі афармленне папер, колькі стасункі з людзьмі.
Пра іх, гэтыя стасункі, я перапытаў блізнят.

— Калектыў дружны, дапамагаюць нам, — сказалі дзяўчаты.

— Вы ж яшчэ зусім маладыя спецыя­лісты. Напэўна, не вельмі лёгка са старэйшымі работнікамі…

— Наадварот!

Высветлілася: якраз з равеснікамі больш складана, а вось са старэйшымі прасцей — і падкажуць, і дапамогуць.

Ляснічы Дзмітрый Шостак дадаў:

— У калектыве трэба думаць не толькі пра сябе, але і пра ўсіх…

Ён, відаць, кіраўнік хоць і малады, але строгі. Ды, здаецца, дзяўчаты разу­меюць, як трымацца ў калектыве.
Іх сапраўды блыталі, асабліва хлопцы ў школе. Але што цікава — такое здараецца не толькі ў побытавым жыцці, але і пры афармленні розных дакументаў. Ініцыялы ж у Ігараўнаў супадаюць — «Л. І.».

А ўвогуле і праўда — аднолькавых людзей не бывае. Ліля любіць спяваць, Ліда малюе, вось і агарод каля дома, выдзеленага лясгасам у вёсцы, пасадзіла, схіляецца да тэхнікі. Дарэчы, і Лілі лясгас аплачвае жыллё. А сёлета яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

…Ці задумваліся вы над выразам «малады спецыяліст»? Якое слова ў ім важнейшае — «малады» ці «спецыяліст»? Для саміх маладых людзей, відаць, усё ж першае. Але ж хто не хоча стаць спецыя­лістам? Не намінальна, а па форме, па сутнасці. Добрым спецыялістам, якога цэняць. Спадзяюся, у Ліды і Лілі Каспяровіч з Дзятлаўскага лясгаса гэта атрымаецца.

Па матэрыялах «Беларускай лясной газеты»

logo-1



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *