4 верасня ў Дзятлаве прайшоў дабрачынны канцэрт «Ад сэрца да сэрца», сродкі ад продажу білетаў на яго будуць пералічаны на лячэнне трохгадовага дзятлаўчаніна Сяргейкі Мушальскага.
«Маленькая дапамога лепш, чым вялікая спагада», — гэтыя словы, сказаныя адной з удзельніц дабрачыннага канцэрта, сталі сутнасцю мерапрыемства. Работнікі культуры Дзятлаўшчыны, удзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык», самадзейныя таленты, вучні школ горада Дзятлава, пасёлка Гезгалы, выкладчыкі музыкі — нават не ўвесь пералік тых, хто захацеў дапамагчы маленькаму хлопчыку. Усе яны падарылі сваю творчасць неабыякавым людзям, гледачам канцэрта.
Збор ад праграмы «Ад сэрца да сэрца» ў Дзятлаве склаў каля 350 дэнамінаваных рублёў, а гэта значыць, што як мінімум 175 гледачоў канцэрта дапамаглі хлопчыку зрабіць крок да выздараўлення. Дабрачынны тур артыстаў па Дзятлаўшчыне ў падтрымку Сяргейкі Мушальскага прадоўжыцца. Фінальным акордам праграмы стане заключны гала-канцэрт, які адбудзецца зноў у Дзятлаве на Каляды.
Фота Н. АВЯРЧУК