Рэйды ў час жніва

Здарэнні і бяспека

У мэтах папярэджання пажараў у перыяд уборачнай кампаніі работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі і СМІ праводзяць рэйды ў месцах уборкі і захоўвання збожжа.

Інспектар аддзела Аляксандр Беленка і журналісты раённай газеты наведалі збожжавыя палі, на якіх працуе ўборачная тэхніка сельгасвытворчых кааператываў “Войневічы” і “Дварэц-Агра”, а таксама збожжасушыльныя комплексы дадзеных гаспадарак. Прадстаўнік РАНС праверыў наяўнасць на ўборачнай тэхніцы першасных сродкаў пажаратушэння, веды аб паслядоўнасці дзеянняў пры ўзнікненні пажару, правільнасць запаўнення журналаў па ўліку тэмпературы цепланосьбітаў, выкананне шэрагу патрабаванняў пажарнай бяспекі.

_MG_0373

_MG_0413

У ходзе праведзенага маніторынгу былі зафіксаваны розныя парушэнні. Напрыклад, месца для курэння на збожжасушыльным комплексе СВК “Дварэц-Агра” арганізавана за межамі сушылкі, аднак непасрэдна каля хлебнага масіву, што недапушчальна. Іншых заўвагаў спецыялістам гэтай гаспадаркі не было, нават пры практычнай адпрацоўцы ўводных дадзеных па патэнцыяльным пажары камбайна на полі.

_MG_0477

Пахваліцца такой жа гатоўнасцю да надзвычайнай сітуацыі спецыялісты СВК “Войневічы” не змаглі. Рамонт камбайнаў на полі каля вёскі Лядзіны праводзіўся непасрэдна ў межах хлебнай нівы. Як патлумачыў інспектар РАНС, па правілах пажарнай бяспекі рамонт павінен ажыццяўляцца за межамі поля. Калі ж камбайн немагчыма вывесці з хлебнага масіву, месца вакол камбайна трэба ўзараць на шырыню не менш за чатыры метры. Уразілі рэйдавую групу вогнетушыцелі на тэхніцы, якая тут працавала. Вогнетушыцель на аўтамабілі МАЗ увесь быў падрапаны, без даты перазарадкі і з трэснутым шлангам. Як адзначыў Аляксандр Беленка, пры выкарыстанні такога вогнетушыцеля увесь парашок будзе ляцець у твар чалавеку, а не на полымя.

Што датычыцца практычнай адпрацоўкі ўмоўнага пажару камбайна, увогуле адбыўся атракцыён “смех скрозь слёзы”. Апавясціць вадзіцеля трактара з мотапомпай, члена дабраахвотнай пажарнай дружыны, аб пажары атрымалася толькі праз 10-15 хвілін. Калі трактар пад’ехаў да камбайна, высветлілася, што шланг ад мотапомпы кароткі – каб пагасіць рэальны пажар, прыйдзецца наблізіцца ўпрытык да тэхнікі, якая гарыць, адпаведна, згарэць разам. Больш за тое, шматразовыя спробы завесці мотапомпу так і не завяршыліся поспехам. З ліквідацыяй умоўнага пажару камбайна працаўнікі СВК “Войневічы” не справіліся.

Па выніках рэйда інспектар РАНС даў заўвагі, правёў дадатковыя інструктажы па дзеяннях у выпадку ўзнікнення пажару і правілах выкарыстання першасных сродкаў пажаратушэння.

І. КАМАРОВА
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *