Маша Распуціна і не толькі

Падзеі

Па выніках  конкурса «Краса Дзятлаўшчыны -2014» Кацярына Заянчкоўская атрымала тытул «Міс індывідуальнасць».  Гледачоў дзяўчына ўразіла сваім творчым нумарам: яна выступіла як парадыстка вядомых расійскіх зорак. Гэтыя  нумары  Кацярына паказала і на нядаўнім моладзевым вулічным капусніку «Тваё лета».
Сустрэўшыся з Кацярынай, карэспандэнтка газеты папрасіла яе адказаць на пытанні, якія датычацца захаплення і не толькі.

— На пачатку раскажыце крыху пра сябе, адкуль вы родам?

— Я нарадзілася на дзятлаўскай зямлі, у вёсцы Пацаўшчына, у шматдзетнай сям’і, у якой — васьмёра дзяцей: чатыры браты і чатыры сястры. Я — самая малодшая.

Вучылася я ў сярэдняй школе №2, цяперашняй гімназіі. Пасля заканчэння паступіла  ў Гродзенскі педадагічны каледж. Цяпер працую выхавальніцай у дзіцячым садзе №1 горада Дзятлава.

— Чаму абралі менавіта гэтую прафесію?

— З дзяцінства марыла быць педагогам пачатковых класаў або выхавальніцай. Проста вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі.

— Цікава, а якой вы самі былі ў дзяцінстве? Магчыма, ужо тады для  вас была характэрна «творчая жылка»?

— Не, я была спакойнай дзяўчынкай. Як і ўсе дзеці, вельмі любіла бавіць час за рухомымі гульнямі на вуліцы. І сёння мяне здзіўляе, што цяперашнія хлопчыкі  і дзяўчынкі не захапляюцца гэтым, а праводзяць  час за камп’ютарам.

Што тычыцца творчых здольнасцяў, то парадыраваць я пачала яшчэ ў школьныя гады. Першы мой вопыт — гэта пародыя на Жырыноўскага. Пасля у маім рэпертуары з’явілася пародыя на Машу Распуціну.

— Ёсць у вашым рэпертуары і пародыя на Анжаліку Варум і Алену Ваенгу…

— Так. Увогуле, я спрабую парадыраваць многіх зорак расійскай эстрады. Але не заўсёды атрымліваецца. Даволі складана парадыраваць тую ж Любоў Успенскую або Ларысу Доліну. Для гэтага трэба валодаць вельмі добрымі вакальнымі дадзенымі.

_MG_0714

— Кацярына, удзел у «Красе Дзятлаўшчыны» гэта ваш першы выхад на «вялікую сцэну»?

— Не. Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага каледжа па размеркаванні я была накіравана працаваць у аграгарадок Індура. Там была ўдзельніцай хору пры мясцовым Доме культуры. Выступала і як парадыстка.

Цяпер пастаянна ўдзельнічаю у творчых мерапрыемствах, якія праходзяць у дзіцячым садзе №1. Мне гэта вельмі  падабаецца. На тых жа ранішніках я з задавальненнем «агучваю» Бабу Ягу — персанажа Георгія Мілляра з вядомай казкі «Марозка».Увогуле, напэўна, калі б не стала выхавальніцай, я выбрала б творчую прафесію, звязаную менавіта з артыстычнай дзейнасцю.

— А ці ёсць у вас іншыя захапленні?

— Ёсць. Гэта маляванне. Асвоіла я яго таксама  самастойна.

У гады навучання у Гродзенскім педагагічным каледжы я атрымала і дадатковую спецыялізацыю — творчасць. Работа з саломкай, кераміка, макрамэ — усяму гэтаму я навучылася ў студэнцкія гады. А яшчэ я асвоіла такую тэхніку малявання як батык.

— У якім жанры любіце больш за ўсё маляваць?

— Падабаецца жывапіс. Люблю маляваць пейзажы, нацюрморты. Таксама малюю і плакаты.

— А хто з’яўляецца вашым любімым мастаком?

— Гэта Шышкін, Левітан. Увогуле, падабаюцца мастакі-рэалісты. Абстракцыянізм я не разумею.

— Вашы студэнцкія гады прайшлі ў Гродне. А якія месцы гэтага горада найбольш прыйшліся па душы?

— Мне вельмі падабаецца ўвесь Гродна. Гэта горад, які пранізаны духам гісторыі, жыве ёю. Больш за ўсё прыйшоўся даспадобы  парк Жылібера. У студэнцкія гады я жыла непадалёку ад гэтага месца. І, праходзячы паўз яго, заўжды захаплялася яго прыгажосцю і адметнасцю.

— А ці любіце вы чытаць?

— Так, падабаецца. Раней вельмі любіла беларускую класіку. У прыватнасці — творы Васіля Быкава. Прачытала ўвесь збор яго твораў.

— Кацярына, ці часта вы наведваеце сваю малую радзіму?

— Кожныя выхадныя. У Пацаўшчыне жыве мой тата. На жаль, вёска з кожным годам пусцее ўсе больш і больш. Вельмі баліць душа, калі бачыш апусцелыя  хаты.

Сёння ў вёсцы застаўся толькі магазін. А яшчэ адметнасцю Пацаўшчыны з’яўляецца  праваслаўная капліца, узведзеная на вясковых могілках. Яе пабудавала ўраджэнка вёскі, якая цяпер жыве за мяжой.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *