Пажарны — гэта назаўжды

Здарэнні і бяспека

Ветэраны пажарнай службы не падобныя да іншых: нават па выхадзе на заслужаны адпачынак яны “гараць” сваёй справай, часта наведваюць свой пост, дзе прайшло не адно бяссоннае дзяжурства. Яны заўжды памятаюць і шануюць сапраўдных сяброў-саслужыўцаў, з якімі поруч выконвалі складаныя задачы дзеля ўратавання людзей, іх жылля і маёмасці.
Іван Губко, жыхар Дварца, заслужаны работнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прызнаецца, што сустрэча з былымі калегамі для яго заўжды прыемная – і дапамагчы, калі трэба, і прафесійнае свята разам сустрэць.
Аглядваючыся на дзясяткі гадоў назад, Іван Леанідавіч прыгадвае, як прыйшоў у пажарную службу. Пасля школы ён закончыў Жыровіцкі тэхнікум, затым служыў у войску, пазней атрымаў спецыяльнасць інжынера-рамонтніка ў  Беларускім аграрна-тэхнічным інстытуце. Мог пасля вучобы працаваць у Жлобіне на мясакамбінаце, але не захацеў пакідаць бацькоў адных, вярнуўся на радзіму на Дзятлаўшчыну. Ужо тады ведаў, што будзе служыць міліцыянерам або ратаўніком, без доўгіх ваганняў выбраў службу ў МНС.
Дзякуючы тэхнічнай адукацыі, Іван Губко паступіў на службу намеснікам начальніка пажарнай часці ў Наваельні. Пасля больш чым дзесяці гадоў службы ратаўніком Іван Леанідавіч у вочна-завочнай форме вучыўся ў інстытуце перападрыхтоўкі ў Барысаве, дзе атрымаў спецыяльную адукацыю ратаўніка-пажарнага. З гэтым перыядам супала служба ў Навагрудку, пасля якой зноў вярнуўся на Дзятлаўшчыну. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак камандзіра пажарнай часці ў Наваельні пагадзіўся на прапанову ўзначаліць фарміраванне. Па словах Івана Губко, у службе ён быў прыхільнікам  метадаў працы сённяшняга начальніка Дзятлаўскага РАНС Уладзіміра Нячаева. Нават цяпер Іван Леанідавіч памятае яго наказ:
— Калі я стаў начальнікам паста, наш кіраўнік, Уладзімір Аляксандравіч, сказаў мне: “Калектыў паста ў Наваельні падбіраць табе, але і адказваць за кожнага работніка – таксама табе”.

IMG_9615ф
Гэтым жыццёвым прынцыпам ратаўнік і кіраваўся на працягу ўсяго часу, што служыў у Наваельні. Іван Губко згадвае, што калі ён узначаліў пост у Наваельні, там камандзірамі аддзяленняў служылі толькі афіцэры, якія пасля рэарганізацыі перайшлі на службу ў райцэнтр, іх змянілі прапаршчыкі. Але нязменным заставалася адно: наваельнянскі пост на працягу многіх гадоў быў лепшым у раёне і сёння не губляе сваіх пазіцый. “Цякучасць” кадраў тут блізкая да нуля: адказныя, разумныя, верныя сваёй службе пажарныя працуюць тут зазвычай ад першага дня і да выхаду на пенсію, калі перадаюць назапашаны вопыт маладым. Мяняюцца пакаленні наваельнянскіх ратаўнікоў, але па-ранейшаму працуюць законы братэрства і ўзаемнай падтрымкі.
Вопытны ратаўнік-пажарны кажа, што за гады службы давялося не аднойчы пачуць і словы ўдзячнасці за службу, і едкія шпількі, маўляў, “пажарныя толькі спяць у шапку”. Мужчына не злуецца і не засмучаецца, бо ведае: кепска пра ратаўнікоў гавораць тыя, хто зусім не ведае акалічнасцяў і цяжкасцяў пажарнай службы.
—  Служба пажарнага можа нават працяглы час быць адносна спакойнай, і гэта не воля лёсу, а плён актыўнай прафілактычнай работы. Але калі здараецца надзвычайная сітуацыя, ніхто не хацеў бы апынуцца на месцы ратаўніка. Не бывае аднолькавых здарэнняў, не бывае нязначных пажараў. Нават калі за свой век службы пажарным я ўратаваў хоць адно чалавечае жыццё – то не дарэмна служыў.
За гады службы Іван Леанідавіч уратаваў не аднаго чалавека і прыдбаў не аднаго добрага сябра. Ён і сёння з задавальненнем прымае запрашэнні на юбілеі былых саслужыўцаў, на святкаванні прафесійных святаў, куды кіраўніцтва Дзятлаўскага РАНС абавязкова запрашае сваіх ветэранаў, паважаючы ўсё, што яны зрабілі для пажарнай службы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *