У чарговы раз Дзятлаўшчыну наведалі госці з Люксембурга — Рэнэ і Жоэль Фіш, муж і жонка, прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі «Сябры ахвяраў Чарнобыля», або проста «Сябры», як яны часта сябе называюць пры размове.
Штогод «Сябры» наведваюць наш раён з дабрачыннымі візітамі, у час якіх імкнуцца дапамагчы тым жыхарам, якія маюць у гэтым найбольшую патрэбу. Вось і на гэты раз у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава іх чакалі з нецярпеннем, а сустракалі з вялікай радасцю. Справа ў тым, што кожны з сямі дзяцей, якія цяпер знаходзяцца ва ўстанове, склаў пералік самых неабходных або проста жаданых рэчаў: іх паабяцалі набыць спонсары. Сярод падарункаў, якія ўручалі Рэнэ і Жоэль Фіш былі цацкі, фен, плойка, касметычныя сродкі, школьныя рэчы, а таксама цукеркі і напоі. На памяць аб сустрэчы зрабілі агульны фотаздымак.
Пасля афіцыйнай часткі карэспандэнтка газеты папрасіла Рэнэ Фіша, які з’яўляецца прэзідэнтам дабрачыннай арганізацыі «Сябры ахвяраў Чарнобыля», больш падрабязна расказаць аб яе дзейнасці.
— Рэнэ, калі адбыўся ваш першы візіт на Дзятлаўшчыну?
— Упершыню мы сюды прыехалі ў 1998 годзе. Тады аказвалі гуманітарную падтрымку школе-інтэрнату і Дзятлаўскай раённай бальніцы, прывезлі сюды адзенне і прадукты харчавання, медыцынскае абсталяванне.
Прыкладна з 2000 года крыху змянілі фармат сваіх візітаў: прыязджаем у Беларусь на ўласным аўтамабілі і тут набываем усе неабходныя рэчы і прадукты. Нашу дзейнасць на працягу апошніх пяці гадоў каардынуюць мясцовыя ўстановы — Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава — дапамагаюць нам сустрэцца з людзьмі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Мы адрасна дастаўляем людзям найбольш неабходныя рэчы і прадукты харчавання. Напрыклад, у час кожнага візіту развозім па 50-70 харчовых набораў пажылым адзінокім жыхарам навакольных вёсак. Такі спосаб дапамогі я называю супрацоўніцтвам з беларускімі сябрамі, і бачу, што яно дае вынік.
— Чаму вырашылі займацца дабрачыннасцю?
— Таму, што лічу, усе людзі павінны любіць і шкадаваць адзін аднаго, жыць, як вялікая дружная сям’я. Наша краіна — Люксембург — вельмі гасцінная. Там жывуць 53% карэннага насельніцтва, астатнія 47% — людзі іншых нацыянальнасцяў. Мы дапамагаем адзін аднаму і сябруем. А калі ў Люксембургу даведаліся пра чарнобыльскую трагедыю, то вырашылі дапамагаць яшчэ і беларусам, якія значна ад яе пацярпелі. Таму мы і пачалі супрацоўніцтва з вашым рэгіёнам.
— Ці дапамагаеце жыхарам іншых раёнаў нашай вобласці?
— Мы невялікая арганізацыя — усяго 10 чалавек, і ў нас не так ужо шмат сродкаў, каб дапамагчы многім. Таму наведваемся толькі на Дзятлаўшчыну. Грошы «Сябрам» ахвяруюць нераўнадушныя люксембуржцы або мы зарабляем іх самі. Мы не тая арганізацыя, якая атрымлівае прыбытак, мы проста дапамагаем людзям, ахвяруючы невялікія сумы.
У іншых рэгіёнах Беларусі за гады супрацоўніцтва мы паспелі пабыць як турысты. Наведалі Мінск, Гродна, Мір, Бярозаўку, Ліду, былі з экскурсіяй на Дварэцкім льнозаводзе. У Нясвіжы, дарэчы, мы былі першымі люксембуржцамі, якія пакінулі свае запісы ў кнізе наведвальнікаў.
— Ці многае памянялася у нашым раёне з моманту вашага першага візіту?
— Змены адчувальныя, асабліва за апошнія гады. Ваш горад прыгажэе, капітальна рамантуюцца вуліцы і будынкі. Гэта радуе і пабуджае нас вяртацца сюды зноў і зноў. Значыць, жыццё мяняецца да лепшага, і мы робім свой невялікі ўклад у гэтыя змены. Бачым, што сродкі, якія выдзяляе наша арганізацыя, выкарыстоўваюцца па прызначэнні.
— Ці збіраецеся прыехаць на Дзятлаўшчыну ў наступным годзе?
— Безумоўна, бо тут нас чакаюць і заўсёды гасцінна сустракаюць, тут жывуць сапраўдныя сябры.
Напрыканцы аб супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй «Сябры ахвяраў Чарнобыля» расказала дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Аркадзьеўна Жэгалік:
— Сёлета спаўняецца пяць гадоў нашаму супрацоўніцтву. За гэты час «Сябрамі» было вельмі шмат зроблена для нашай установы. Яны — нашы пастаянныя і самыя надзейныя спонсары. Мэбля, аргтэхніка, бытавая тэхніка, дываны, люстэркі і многае іншае, што ў нас ёсць, набыта за іх кошт. Таксама яны адрасна дапамагаюць дзецям — набываюць для іх вопратку, асабістыя рэчы, рыхтуюць іх да навучальнага года. Таму мы вельмі ўдзячны ім за дапамогу і спадзяёмся прадоўжыць наша плённае супрацоўніцтва. У сацыяльным прытулку знаходзяцца дзеці, якіх бацькі не песцяць падарункамі, таму прыезду «Сяброў» нашы выхаванцы заўжды чакаюць з вялікім нецярпеннем. Нашы спонсары, як добры чараўнік Санта-Клаус, дапамагаюць ажыццявіцца дзіцячым марам.
І. КАЎКЕЛЬ