У нашай краіне пачасціліся выпадкі гібелі дзяцей пры выпадзенні з вокнаў шматпавярховых жылых дамоў. З пачатку 2016 года ўжо загінулі пяцёра непаўналетніх.
Так, 26 сакавіка гэтага года ў выніку падзення з акна кватэры на 5 паверсе ў горадзе Магілёве ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр двухгадовы хлопчык. 23 мая каля 11 гадзін з акна кватэры на 8 паверсе ў горадзе Брэсце выпаў хлопчык, 2013 года нараджэння. Нягледзячы на старанні медыкаў, вечарам таго ж дня дзіця памерла ў бальніцы ад атрыманых траўмаў. Гродзенскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта вядзецца праверка па факце смерці пяцігадовай дзяўчынкі, якая выпала з акна кватэры на 5 паверсе дзевяціпавярховага дома на вуліцы Малышчынскай ў Гродне. Упраўленнем Следчага камітэта па горадзе Мінску праводзіцца праверка па факце смерці трохгадовага хлопчыка, чыё цела без прыкметаў жыцця было знойдзена 2 ліпеня каля жылога дома па праспекце Любімава. Па папярэдніх даных дзіця выпадкова выпала з балкона на 9 паверсе. Вечарам 4 ліпеня ў горадзе Лоеве пасля падзення з акна 4 паверха памерла двухгадовая дзяўчынка. Праверку па гэтым факце праводзіць Лоеўскі раённы аддзел Следчага камітэта.
Аналіз абставінаў пералічаных здарэнняў дазваляе зрабіць высновы аб тым, што ўсе гэтыя трагедыі адбыліся ў той ці іншай ступені па віне дарослых — з-за недагляду або нядбайнасці бацькоў.
Супрацоўнікі Следчага камітэта не могуць застацца раўнадушнымі да такіх трагедый. Адным са сродкаў прафілактыкі выпадзення дзяцей з вокнаў можа стаць абсталяванне вокнаў замыкаючымі прыстасаваннямі, блакіратарамі, якія не даюць дзецям самастойна адчыніць акно. Вытворцы вокнаў прапаноўваюць насельніцтву разнастайныя практычныя рашэнні, якія могуць быць выкарыстаны не толькі ў кватэрах і прыватных дамах, але і ў школах, дзіцячых садах і яслях: спецыяльныя сістэмы фурнітуры, замкі на вокны ад дзяцей, а таксама ручкі з ключом. Перавагай двух апошніх прыстасаванняў з’яўляецца магчымасць іх устаноўкі на ўжо выкарыстоўваемыя ў дамах і кватэрах вокны ПВХ.
Следчы камітэт заклікае вытворцаў вокнаў, а таксама арганізацыі, якія займаюцца іх устаноўкай, абслугоўваннем і рамонтам на добраахвотнай аснове прыняць удзел у акцыі, скіраванай на стварэнне бяспечных умоваў для захавання жыцця і здароўя дзяцей, якія жывуць у шматпавярховых дамах, і дапамагчы шматдзетным, няпоўным, малазабяспечаным сем’ям і сем’ям, якія апынуліся ў складаных матэрыяльных умовах, абсталяваць вокны замкамі або ручкамі з ключом. Вашы добрыя справы — найлепшая рэклама вашай работы.
Д. СУША,
старшы следчы Дзятлаўскага раёнага аддзела Следчага камітэта