Знакаміты старажытнагрэчаскі доктар Гіпакрат, якога яшчэ называюць «бацькам усёй медыцыны», у свой час зазначыў: «Доктар — гэта філосаф, бо няма вялікай розніцы паміж мудрасцю і медыцынай». Сваё прафесійнае свята людзі мудрай прафесіі адзначаюць у 3-юю нядзелю чэрвеня, а здароўе і жыццё пацыентам вяртаюць кожны дзень.
Аб прафесійных буднях, любімай справе і сваім шляху ў медыцыну карэспандэнтцы газеты расказала доктар-педыятар Дзятлаўскай раённай бальніцы Т. Шэфарэвіч, якая напярэдадні Дня медыцынскага работніка за шматгадовую добрасумленную працу і прафесіяналізм была ўшанавана ганаровым званнем «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
— Таццяна Аляксандраўна, раскажыце пра сябе.
— Родам я з Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Мой тата чвэрць стагоддзя адпрацаваў старшынёй калгаса, мама была настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, старэйшая сястра жыве і працуе ў Расіі, яна — дырэктар школы, кандыдат філасофскіх навук. У нашай сям’і былі пераважна педагогі, хаця сярод родных ёсць і медыкі. Дзядзька быў ваенным хірургам, стрыечная сястра — лор-доктарам. Калі паўстала пытанне, кім быць, рашэнне было адно — дзіцячым доктарам. У 1977 годзе скончыла школу з залатым медалём і паступіла ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на спецыяльнасць «педыятрыя».
Працаваць пачынала ў Слоніме, куды прыехалі з мужам. Там прайшла інтэрнатуру. За час прафесійнага станаўлення прайшла ўсе магчымыя этапы работы педыятра: у Слоніме працавала ардынатарам дзіцячага аддзялення, неанатолагам у радзільным аддзяленні, цяпер я — участковы педыятр.
На Дзятлаўшчыну трапіла, калі мужа перавялі сюды працаваць. У раённай бальніцы якраз патрабаваўся неанатолаг (доктар, які наглядае за нованароджанымі), і мне давялося з 1987-га па 1993 год працаваць на гэтай пасадзе. Пачынала, як кажуць, з «азоў», бо перайшлі ў новую бальніцу і асвойвалі новае абсталяванне. Але не гэта было самым складаным. На той час да немаўлятак з ускладненнямі выклікалі рэанімабіль, але максімум, на што можна было спадзявацца — на дапамогу кансультанта. Мы самі выходжвалі хворых нованароджаных на працягу 7 сутак. Самыя цёплыя ўспаміны ў мяне засталіся аб медыцынскіх сёстрах Лідзіі Іванаўне Стома і Наталлі Уладзіміраўне Леўчык, якія працавалі ў палаце нованароджаных. Адказныя, уважлівыя, надзейныя, на іх я магла поўнасцю разлічваць. З вялікай павагай успамінаю тагачасную загадчыцу радзільнага аддзялення Людмілу Паўлаўну Лябецкую.
З 1993 года я працую ўчастковым педыятрам, і пад маім наглядам падрастае ўжо другое пакаленне дзяцей. Я ведаю мамаў і татаў сваіх маленькіх пацыентаў, бабуляў і дзядуляў, што вельмі дапамагае ў рабоце.
— А за што вы любіце сваю прафесію?
— За работу з дзецьмі. Стасункі з маленькімі пацыентамі — вялікі стымул, бо для мяне кожнае дзіця — гэта асоба, цудоўны і непаўторны свет. Аддаеш дзецям пазітыў і абавязкова атрымліваеш яго ўзамен. Аднак, як доктар, калі я бачу ў дзіцяці на прыёме брудныя рукі, то прымушу памыць іх адразу ў кабінеце. Калі ёсць праблемы з зубкамі — паўшчуваю, што чысціць іх трэба лепш. Калі адчуваю псіхалагічную праблему ў сям’і, абавязкова скажу пра гэта бацькам. Дарэчы, адносіны з бацькамі будую па прынцыпе ўзаемапавагі, не прымаю нахабства, знявагі. Пры ўзнікненні праблемаў са здароўем дзіцяці проста патрабую ад дарослых, каб яны пачулі і выканалі тое, што маленькаму пацыенту назначыў доктар.
— А што самае складанае ў вашай прафесіі?
— Прафесія доктара сама па сабе нялёгкая, патрабуе адказнасці, патрабавальнасці да сябе і іншых, добрасумленнасці, пастаяннага ўдасканаляння працоўных ведаў і навыкаў.
Складанасці ўзнікаць пры рабоце з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі бацькі неналежным чынам выконваюць свае абавязкі, бо пакутуюць ад гэтага дзеці. А самае сумнае, калі нядбайных дарослых пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. На маім участку апошні такі выпадак быў гадоў пяць таму, але гісторыя мае добры канец. Застаўшыся адна, маці кінула піць, вярнула бацькоўскія правы, прыйшла да нас і сказала «дзякуй» за дапамогу. На жаль, так бывае не заўсёды. І калі ў гора-бацькоў нараджаецца дзіця, то пакуль немаўляці не споўніцца год, медыкі абавязкова наведваюць такую сям’ю двойчы на тыдзень, а то і часцей, асабліва пасля выхадных і святаў, каб пракантраляваць не толькі здароўе маленькага пацыента, але і паводзіны дарослых, ці не ствараюць яны пагрозы для жыцця немаўляці.
— Ці здараліся ў вашай практыцы пацешныя выпадкі?
— Здараліся і не раз. Асабліва запомніўся такі. Было гэта гадоў 20 таму. Да мяне на заключны прыём прыйшлі маці і маленькая дачка, якая ўжо паправілася. Я паслухала дзіця, пацвердзіла, што ўсё ў парадку і развіталася. На парозе дзяўчынка спынілася і прамовіла: «А горла паглядзець забыліся!». З таго часу на ўсіх сваіх прыёмах я дасканала аглядаю маленькіх пацыентаў.
— Доктар — гэта прафесія ці стыль жыцця?
— Лічу, што стыль жыцця, бо доктар заўжды павінен прыстойна сябе паводзіць, быць акуратным ва ўсім — прыклад з яго бяруць пацыенты, асабліва дзеці. А дзіцячы доктар — гэта яшчэ і выхавальнік. Калі мае маленькія пацыенты робяць што-небудзь не так або кепска сябе паводзяць, я абавязкова рэагую.
— Якая вы дома? Раскажыце пра свае захапленні.
— Я люблю зямлю, люблю працаваць на агародзе, дзе ў мяне расце ўсё, паколькі я аматар рацыянальнага і карыснага харчавання.
Калі выдаецца вольная хвілінка, люблю чытаць. Любоў да кнігі мне прывіў тата, які быў эрудыраваным, інтэлігентным чалавекам. Цікаўлюся псіхалогіяй, нядаўна прачытала кнігу Ганны Барсавай «Тыпалогія асобы, або Як пражыць сваё жыццё, а не чужое». Падабаецца духоўная літаратура, сярод нядаўна прачытанага — «Пасха красная» Ніны Паўлавай.
Са мной жыве мая дарагая матуля, аптымістка, чалавек, на якога мы заўсёды раўняліся. Цяпер ёй 94 гады. Яна была рукадзельніцай, нястомнай працаўніцай, майстрыхай і нас таксама прывучыла да работы.
Дзеці мае ўжо дарослыя. Дачка Любоў — лінгвіст, закончыла магістратуру, жыве і працуе за мяжой. Унуку Габрыэлю — 8 гадоў, і ён пойдзе ў 4 клас, бо за год скончыў адразу два класы. Габрыэль вельмі сур’ёзны хлопчык, любіць чытаць, паспяхова займаецца музыкай, ведае англійскую і рускую мовы.
Мой сын Яўген скончыў у Мінску архітэктурна-будаўнічы каледж, вучыцца завочна ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Дзеці мае не прадоўжылі сямейную справу, не сталі медыкамі, але для мяне галоўнае, што яны выраслі годнымі людзьмі. Лічу, што для жанчыны вельмі важна выгадаваць дзяцей, укласці ў іх сваю любоў і пяшчоту і радавацца іх поспехам. Мая сям’я, мая работа робяць мяне шчаслівай.
— Ці не шкадуеце, што сталі медыкам?
— Ні разу не пашкадавала, што я — дзіцячы доктар. Вядома, здараліся сумныя хвіліны і сітуацыі, штосьці не атрымлівалася, але гэта жыццё. Я нават не ўяўляю сабе, кім магла б стаць, каб не пайшла ў медыцыну.
— Чаго пажадаеце калегам у дзень свята?
— Моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, радасці ў дзецях, цярпення і душэўнай раўнавагі.
Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКУ: доктар-педыятар Дзятлаўскай раённай бальніцы Т. А. Шэфарэвіч у час прыёму.
Фота П. АДАМЧУКА