Станіслаў Мазур: “Ад якасці выпускаемай прадукцыі залежыць выручка сельгаспрадпрыемства”

Улада

Станіслаў Мазур, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Граніт-Агра”:

— Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Граніт-Агра” – адна з буйнейшых гаспадарак Дзятлаўскага раёна. Тыя вынікі гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці, з якімі мы падышлі да V Усебеларускага народнага сходу, даюць нам права быць у ліку лепшых на Дзятлаўшчыне.

За апошнія пяць гадоў гаспадарка дасягнула значных поспехаў. Тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 107,8%. З году ў год прыбытак гаспадаркі расце і складае 1,7 мільярда рублёў з рэнтабельнасцю 1,4%.

Дзякуючы ўкараненню прагрэсіўных тэхналогій, павышэнню эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці, тэхнічнаму перааснашчэнню, рацыянальнаму выкарыстанню сыравіны, матэрыялаў, паліўна-энергетычных рэсурсаў нам удаецца на працягу апошніх гадоў мець высокую ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур, цукровых буракоў, насення рапсу.

За апошнія гады ў гаспадарцы адчувальна палепшылася культура земляробства, гэтаму спрыяла пакупка высокапрадукцыйнай і тэхналагічна новай сельскагаспадарчай тэхнікі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. На гэта было выдаткавана 29,2 мільярда рублёў (каля 80% склала лізінгавая растэрміноўка). Мы набылі 8 сучасных айчынных высокапрадукцыйных збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218, кормаўборачны каомплекс “Палессе”, 17 трактароў (у тым ліку 10 – энерганасычаныя), а таксама 30 адзінак прычэпнай тэхнікі. Правялі рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Таркачы”, зманціравалі другі збожжасушыльны комплекс КЗСВ-30.

За поспехамі СВК “Граніт-Агра” – штодзённая праца калектыву гаспадаркі. Тут працуюць 448 чалавек, з якіх кожны чацвёрты – ва ўзросце да 30 гадоў, пераважная большасць – мясцовае насельніцтва. На працягу некалькіх гадоў стаўку робім на моладзь, таму не маем недахопу ў кадрах. На сёння ў гаспадарцы 8 чалавек маюць статус маладога спецыяліста.

Працоўны калектыў гаспадаркі – наш гонар. За пэўнымі вынікамі працы стаяць пэўныя людзі. Камбайнер Уладзімір Гукіш неаднаразова прадстаўляў нашу гаспадарку на рэспубліканскіх “Дажынках”, дастойная яго змена Дзмітрый Жых – таксама неаднаразовы пераможца абласнога вытворчага спаборніцтва сярод моладзі. Нязменнымі лідарамі ў раённых вытворчых спаборніцтвах з’яўляюцца многія нашы працаўнікі.

У гаспадарцы ствараюцца ўмовы, якія садзейнічаюць росту дабрабыту нашых работнікаў. Гадавы фонд заработнай платы – 27,4 мільярда рублёў, што складае 18,7% ад выручкі. Работнікамі СВК толькі за апошнія 2 гады прыватызаваны 31 жылы дом і 8 кватэраў. За кошт гаспадаркі забяспечваецца навучанне выпускнікоў у ВНУ і сярэднеспецыяльных навучальных установах па найбольш запатрабаваных у гаспадарцы спецыяльнасцях. Усё гэта дае ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Ужо сёння можна казаць пра асноўныя акцэнты ў далейшай рабоце СВК “Граніт-Агра”. Плануем павялічыць аб’ём вырабляемай прадукцыі, найперш – жывёлагадоўчай. Сёння рэнтабельная малочная прадукцыя, свініна, ялавічына, таму будзем працаваць у гэтых напрамках. Па-ранейшаму будзем клапаціцца пра якасць рэалізуемай прадукцыі, бо ад гэтага наўпрост залежыць выручка сельгаспрадпрыемства. Ёсць рэзервы па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці рапсу, цукровых буракоў, збожжавых культур. А калі будзем з добрым ураджаем, то зможам і будаваць, і абнаўляць машынна-трактарны парк, і забяспечваць дастойны ўзровень жыцця вяскоўцаў.

Зразумела, што як прадстаўнік аграпрамысловага комплексу звязваю з V Усебеларускім народным сходам свае чаканні. Спадзяюся, што на форуме будуць прыняты захады для далейшага эфектыўнага развіцця сельскай гаспадаркі, асабліва гэта тычыцца цэнавай палітыкі. У прыватнасці, кошты на запчасткі для сельгастэхнікі, сродкі абароны раслінаў, паліва для сельгасмашын мусяць быць “адвязаны” ад арыентацыі на замежную валюту, бо сельскагаспадарчая прадукцыя рэалізуецца толькі за беларускія рублі.  

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК
Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *