Людміла Савасцюк: “Сёння людзі свядома клапоцяцца аб сваім здароўі”

Улада

Людміла Савасцюк, загадчыца Раклевіцкага фельчарска-акушэрскага пункта ўстановы аховы здароўя “Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца”:

— V Усебеларускі народны сход – хвалюючая і адказная падзея, вельмі пачэсна актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваёй краіны. Тым больш, што на форуме я буду прадстаўляць медыцыну ўсяго Дзятлаўскага раёна, а здароўе нацыі, здароўе кожнага чалавека – адна з самых важных і нязменна актуальных тэмаў для абмеркавання.

На Раклевіцкім фельчарска-акушэрскім пункце я працую з 2005 года. Акурат за мінулыя пяць гадоў тут адбыліся самыя вялікія перамены – перавод у новы будынак, дзе быў выкананы рамонт і ў маі 2013 года прайшло ўрачыстае адкрыццё.

Сёння памяшканне, дзе размяшчаецца Раклевіцкі ФАП, адпавядае ўсім санітарным нормам, патрабаванням Міністэрства аховы здароўя. Адпаведна і аказанне медыцынскай дапамогі ўзнялося на якасна новы ўзровень. З павелічэннем колькасці кабінетаў узрос пералік працэдураў, маніпуляцый не толькі для лячэння людзей, але і для іх аздараўлення.

Спецыяльна для нашага ФАПа былі закуплены апараты, аналагі якіх на Дзятлаўшчыне ёсць толькі ў райпаліклініцы. З гэтага года ў нашай медыцынскай ўстанове – падоўжаны рабочы дзень, каб кожны вясковец мог атрымаць неабходны медыцынскі догляд.

Раклевіцкі ФАП – “малады”, са станоўчай дэмаграфічнай дынамікай. Да нашага ўчастка адносяцца 4 населеныя пункты, дзе жывуць 549 чалавек: з іх 100 дзяцей да 18 гадоў, 328 працаздольных, 121 пенсіянер, адзінокіх пажылых людзей у нас толькі 3 чалавекі. Таму і медыцынская работа вядзецца пераважна прафілактычная. Кожны месяц мы разам з сацыяльнай службай наведваем адзінокіх пажылых вяскоўцаў, трымаем на кантролі не толькі іх здароўе, але і бытавыя ўмовы, харчаванне, псіхічны стан і настрой.
Радуе тое, што сёння людзі свядома клапоцяцца аб сваім здароўі. На нашым ФАПе заўжды на належным узроўні дыспансэрызацыя, усе прызначаныя працэдуры людзі наведваюць стопрацэнтна. Гэтаму спрыяе рэгулярны рух транспарту СВК “Русь-Агра”, на якім можна да нас дабрацца ў любы дзень.

Сёння нячастыя выпадкі, калі мясцовыя жыхары звяртаюцца да медыкаў у райцэнтр. Грунтоўная работа, якая вядзецца на нашым участку, дае свой плён: вельмі малы працэнт людзей лечыцца ў стацыянары. Рэгулярна, згодна з графікам, у Раклевічы прыязджаюць дактары – вузкія спецыялісты – і вядуць прыём, на які вяскоўцы могуць папярэдне запісацца. Вельмі важным новаўвядзеннем стала з’яўленне на базе Дзятлаўскай ЦРБ кругласутачнага “чацвёртага паста” хуткай дапамогі, на якім працуе дзяжурны доктар і медыцынская сястра.

Калі казаць пра будучыню Раклевіцкага ФАПа і цалкам медыцыны ў Дзятлаўскім раёне, акрэсленыя планы ёсць ужо сёння. Гэта паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх установаў, закупка сучаснага медыцынскага абсталявання, запрашэнне ў медыцыну Дзятлаўшчыны дактароў вузкіх спецыяльнасцяў, якіх пакуль не ўсюды хапае.

Як адзначае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, забеспячэнне станоўчай дынамікі медыка-дэмаграфічных працэсаў па такіх напрамках, як павелічэнне працягласці жыцця, зніжэнне ўзроўню смяротнасці і небяспечных захворванняў; інтэнсіўнае развіццё медыцыны, даступнасць медыцынскай дапамогі – адна з асноўных мэтаў дзяржавы і сістэмы аховы здароўя. Наша задача на месцах – забяспечыць яе належнае выкананне.

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК
Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *