Ураджэнец Наваельні Міхаіл Рыгоравіч Гранкоўскі быў актыўным удзельнікам французскага антыфашысцкага Супраціўлення
Сёлета спаўняецца 75 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў. Радзеюць шэрагі ветэранаў гэтай вайны, але ўдзячныя нашчадкі адкрываюць для сябе новыя імёны тых, хто змагаўся з ворагам.
У барацьбе з “новым парадкам” – фашысцкім рэжымам узнік атыфашысцкі рух, у якім прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі розных народаў і нацыянальнасцяў. У прыватнасці, французскі рух Супраціўлення аказаў уплыў на такія краіны, як Югаславія, Італія, Бельгія. У Францыі побач з французкімі патрыётамі змагалася амаль 40 тысяч партызанаў сямнаццаці нацыянальнасцяў. Сярод іх – каля трох тысяч савецкіх грамадзян, якім пашчасціла ўцячы з канцлагераў. Уцекачы атрымлівалі дапамогу ад мясцовага насельніцтва, а затым уступалі ў шэрагі французкіх партызан – макі. У час барацьбы з нямецкім акупацыйным рэжымам у Францыі быў сфарміраваны Першы савецкі партызанскі полк.
Адным з актыўных удзельнікаў руху Супраціўлення і французскіх макі быў наш зямляк Міхаіл Рыгоравіч Гранкоўскі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ліжэйкі ў 1909 годзе. У пошуках заробку ў часы панскай Польшчы завербаваўся на работу ў Францыю. Працаваў на шахце “Фантана” каля горада Алес, што на Поўдні Францыі. Уступіў у прафсаюз шахцёраў і стаў яго актывістам. За актыўную прафсаюзную дзейнасць быў арыштаваны ўладамі генерала Франка і пасаджаны ў турму. У тым жа 1940 годзе быў дэпарціраваны з турмы ў канцлагер Вернэт Дар’эжа на поўдні ад горада Тулузы. Працаваў на рудніках і ў шахце па здабычы мінералаў. Праца там была знясільваючая, і не кожны выжываў. Пачаліся масавыя ўцёкі з канцлагера, але фашысцкія ахоўнікі часта знаходзілі ўцекачоў і расстрэльвалі. Праўда, сярод канваіраў канцлагера былі і такія, якія аказвалі дапамогу зняволеным. Вось адзін з ахоўнікаў, які ведаў рускую мову, і дапамог уцячы Міхаілу Гранкоўскаму, калі зняволеных гналі на працу. Праз дапамогу мясцовага насельніцтва Міхаіл далучыўся да французскіх партызанаў. Удзельнічаў у баявых аперацыях супраць акупантаў да верасня 1944 года. У канцы верасня макі далучыліся да войскаў саюзнікаў і рэгулярнага войска Францыі, ваявалі на тэрыторыі Германіі. У сярэдзіне 1945 года Гранкоўскі вярнуўся ў горад Алес і прадоўжыў працу на шахце “Фантана”.
У 1947 годзе, як і многія грамадзяне СССР, Міхаіл Гранкоўскі вярнуўся ў Беларусь. Дома працы не было, і ён завербаваўся на шахты Данбаса. Трапіў у Макееўку на Украіне. Там працаваў да 1969 года. Выйшаў на пенсію і зноў вярнуўся на радзіму, у Наваельню.
Дапамагаў родным і блізкім па гаспадарцы, цешыўся з унучкі Наталлі. Наталля Іванаўна Локцева цяпер жыве ў Мінску, часта ўспамінае, як дзядуля навучаў яе французскай мове.
У горадзе Маладзечне жылі землякі Міхаіла Гранкоўскага, якія разам з ім ваявалі ў складзе французскага партызанскага атрада. Іх сын Аляксандр Салагуб даведаўся праз французскае пасольства пра падрабязнасці ўдзелу нашых землякоў у францзскім Супраціўленні і пабываў у мемарыяльным комплексе Вернет у Францыі.
Памёр Міхаіл Рыгоравіч Гранкоўскі ў жніўні 1972 года і пахаваны на могілках у Наваельні.
Дзякую галоўнаму захавальніку фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея І. Якаўчык, племянніцы Міхаіла Гранкоўскага — Дзіне Аляксандраўне Станкевіч за дапамогу ў пошуку звестак пра Міхаіла Рыгоравіча Гранкоўскага.
М. ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Фота з архіва Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея