Юбілейная выстава «СМІ ў Беларусі»

Падзеі

З 11 па 14 мая ў Мінску ў выставачным цэнтры «Белэкспа» праходзіла ХХ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі», якая сёлета аб’яднала звыш 400 прадстаўнікоў медыяпрасторы з 20 краін свету. Паралельна з юбілейнай выставай прайшоў ХІ Беларускі міжнародны медыяфорум «Партнёрства ў імя будучыні», у якім прынялі ўдзел кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і эксперты з краін Садружнасці, блізкага і далёкага замежжа.

«Культурная і інфармацыйная прастора Беларусі служыць умацаванню ідэяў інтэграцыі і міру», — падкрэсліў у прывітанні для ўдзельнікаў выставы і медыяфоруму Прэзідэнт нашай краіны А. Лукашэнка. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў медыяфоруму, зазначыла:

— Сёлета мы асабліва актыўна абмяркоўваем тэмы інтэграцыі, пазітыўнага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Роля СМІ ў гэтых працэсах у нашы дні надзвычай вялікая, бо новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца медыясупольнасцю, з’яўляюцца як вельмі карыснымі, так і нясуць пагрозу. Гэта адбываецца, калі медыйная сфера трапляе пад уладу нядобрасумленных людзей. Тады канфлікты, войны інтэрпрэтуюцца ў СМІ без беражлівага стаўлення да галоўнага — чалавечага жыцця, мірнага суседства краін і народаў.

_MG_5363 _MG_5386 _MG_5393 _MG_5396 _MG_5406 _MG_5442 _MG_5452 _MG_5462 _MG_5500

У выставачным цэнтры «Белэкспа» ў час ХХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» працавалі дзясяткі стэндаў, на якіх сваю прадукцыю экспанавалі тэлеканалы, інфармацыйныя агенцтвы, рэспубліканскія, рэгіянальныя, галіновыя, дзіцячыя, замежныя сродкі масавай інфармацыі, мастацкія і культурныя выдавецтвы, FM-cтанцыі. У рамках выставы ладзіліся круглыя сталы, семінары, майстар-класы з удзелам вядучых журналістаў і медыяспецыялістаў з Беларусі, Расіі, Кітая, іншых краін. Таксама на выставе былі ўручаны ўзнагароды 12 Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара». Лаўрэатамі  “беларускага газетнага Оскара” ў розных намінацыях сталі «Гродзенская праўда», шчучынская «Дзянніца», газета Гродзенскага раёна «Перспектыва», навагрудская газета «Новае жыццё», дыплома лаўрэата ўдастоена «Свіслацкая газета».

На цырымоніі закрыцця адбылося ўшанаванне лепшых вядучых і адкрыццё інтэрнэт-галасавання ў намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў» 12-га Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня».

І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *