У Год культуры навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава вырашылі распрацаваць і рэалізаваць актуальны праект, скіраваны на прафілактыку негатыўных з’яваў у моладзевым асяроддзі — «Караоке-клуб «Продвижение».
На пашыраным пасяджэнні членаў пярвічак ГА «БРСМ», дзіцячай палаты і гарадскога піянерскага штаба раённага савета ГА «БРПА» ідэю прэзентавала Ілона Герасімовіч, прызёр раённага этапу конкурсу «Лідар года-2016».
Ілона зазначыла, што навучэнцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, якія працавалі над праектам, папярэдне прааналізавалі сітуацыю ў моладзевым асяроддзі і заўважылі, што праблема арганізацыі вольнага часу сёння даволі актуальная.
Школьнікі мяркуюць, што яе вырашэнню, а таксама раскрыццю талентаў маладых людзей паспрыяе праект, які будзе адпавядаць іх інтарэсам, дапаможа цікава і з карысцю бавіць вольны час, дазволіць знізіць негатыўныя з’явы сярод моладзі. Так узнікла ідэя «Караоке-клуба «Продвижение». Мэта гэтага забаўляльна-адукацыйнага праекта — забеспечыць змястоўны адпачынак старшакласнікаў ва ўмовах культурнай прасторы школы.
Каб арганізаваць работу клуба, удзельнікі праекта збіраюцца стварыць творчую групу, дэкаратыўна аформіць актавую залу школы, распаўсюдзіць крэатыўную рэкламу ў школьнай газеце, на школьным тэлебачанні, раздаваць рэкламныя флаеры.
Чакаецца, што праект паспрыяе павышэнню духоўна-маральнай, эстэтычнай, музычнай культуры старшакласнікаў, дапаможа ім актывізаваць узаемадзеянне з равеснікамі і педагогамі, заахвоціць цікавымі формамі баўлення вольнага часу і тым самым паўплывае на зніжэнне колькасці правапарушэнняў, учыненых падлеткамі ў вячэрні час. Дзякуючы таму, што праект забаўляльна-адукацыйны, у час яго рэалізацыі можна будзе арганізоўваць тэматычныя вечары і конкурсы песень. Адкрыццё «Караоке-клуба «Продвижение» запланавана на 1 мая 2016 года.
Пры абмеркаванні праекта эксперты, у ліку якіх былі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк і выконваючая абавязкі першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Эліна Брага, якія знаходзіліся з рабочым візітам на Дзятлаўшчыне, параілі аўтарам дабівацца стварэння папулярнага брэндавага клуба, пропуск у які трэба будзе заслугоўваць, а таксама распрацаваць лагатып, які вылучыць членаў караоке-клуба сярод іншых навучэнцаў.
Напрыканцы мерапрыемства карэспандэнтка газеты пацікавілася ў сакратара Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрыя Варанюка, якія ўражанні ў яго засталіся ад наведвання Дзятлаўскага раёна.
— Галоўнае ўражанне, калі ты прыязджаеш і можаш многае карыснае для сябе ўзяць. Улічваючы, што мы наведваем шмат арганізацый Гродзеншчыны і рэспублікі ў цэлым, нават бываем за мяжой, то можам з упэўненасцю сказаць, што Дзятлаўшчына ў плане арганізацыі моладзевай палітыкі і ўзаемадзеяння моладзі з кіраўніцтвам раёна можа ганарыцца сваёй работай. Сапраўды, прыклады, якія тут выкарыстоўваюцца, мы можам запазычыць для вобласці і рэспублікі. Раённай арганізацыі ГА «БРСМ» ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць. А найлепшая адзнака работы — гэта самі маладыя людзі, іх ініцыятывы, бо за моладдзю — будучыня. Роля і каштоўнасць гэтай сустрэчы ў тым, што мы пабачылі раённых лідараў, усе яны ведаюць адзін аднаго. Іх сяброўства пройдзе праз усё жыццё. А цяперашнія школьнікі — будучыя кіраўнікі. Калі яны разумеюць вышэйшыя каштоўнасці — рабіць што-небудзь дзеля нашай краіны, нашых людзей і дзяцей — то кіраўніцтва раёна і рэгіёна — на правільным шляху, бо гадуе дастойную змену.
На развітанне я жадаю моладзі Дзятлаўшчыны крочыць толькі наперад, ніколі не здавацца, заўжды быць з адкрытымі сэрцамі.
Запісала І. КАЎКЕЛЬ