Чвэрць стагоддзя — з музыкай

Падзеі

Сёлета спаўняецца дваццаць пяць гадоў, як Людміла Казіміраўна Раманава працуе настаўнікам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Выкладае яна музычную тэорыю.

На кожным з яе ўрокаў дзеці знаёмяцца з жыццём і творчасцю вядомых кампазітараў, гісторыяй напісання твораў, асаблівасцю перыяду, калі яны былі створаны.

Найбольш паспяховыя і таленавітыя вучні пад кіраўніцтвам Людмілы Казіміраўны штогод рыхтуюцца да ўдзелу ў абласной музычна-тэарэтычнай алімпіядзе. Вынікі ў юных дзятлаўчан  добрыя. Прыклад таму — Дар’я Волкава, цяперашняя навучэнка Лідскага музычнага каледжа, пераможца абласной музычна-тэарэтычнай алімпіяды.

Паспяхова выступілі і цяперашнія навучэнцы школы мастацтваў.

— Абласная алімпіяда — гэта адказна,— адзначае Людміла Казіміраўна. — Дзецям патрэбна было не толькі засвоіць шмат інфармацыі, але і валодаць добрымі слыхам і памяццю.

У свой час неабходныя музычныя веды Людміла Казіміраўна таксама засвойвала ў Дзятлаўскай школе мастацтваў. Узгадваючы гэты перыяд, жанчына  перш за ўсё з цёплынёй узгадвае сваіх настаўнікаў, якія прывілі ёй любоў да музыкі. Гэта ў сваю чаргу паўплывала на далейшы шлях у прафесію.

— На мой погляд, я змагла б знайсці сябе ў любой справе, аднак сэнсам жыцця  ўсё ж такі стала выкладанне музычнай дысцыпліны. На працягу многіх гадоў музыка ўражвае мяне сваёй прыгажосцю. А яшчэ музыка вучыць па-асабліваму глядзець на свет і ўспрымаць яго, — гаворыць Людміла Казіміраўна.

Пасля заканчэння Гродзенскага музычнага вучылішча яна вярнулася працаваць на родную Дзятлаўшчыну.

— Інакш і не магло быць, — адзанчае мая суразмоўца, — паколькі я вельмі люблю свой горад, і жадання жыць дзесьці ў іншым месцы ў мяне ніколі не ўзнікала.

Яшчэ ў час вучобы ў Гродне я заўжды з нецярпеннем чакала, калі паеду дахаты. Нездарма ж кажуць, што на радзіме і сонца інакш свеціць. У Дзятлаве мяне чакалі мае родныя людзі, мая сям’я. Дарэчы, мой брат і сястра таксама — таленавітыя людзі, іграюць на музычных інструментах. Музычным талентам валодае пляменніца. Школу мастацтваў свой час наведвалі і мае сыны. А яшчэ мая сям’я сябруе са спортам.

_MG_1259

— Людміла Казіміраўна, дваццаць пяць гадоў працы — даволі значны перыяд. Не адчуваеце прафесійнага выгарання?

— Не, не адчуваю.Работа з дзецьмі заўжды цікавая, яна не стамляе. Акрамя гэтага, мне заўжды прыемна назіраць, як свет мастацтва змяняе дзіця, выхоўвае яго. Нават цяпер навукоўцамі даказана, што заняткі музыкай узбагачаюць не толькі духоўны свет чалавека, але і знешне ён становіцца больш прыгожым.

Як чалавек творчы, Людміла Казіміраўна тонка адчувае прыгажосць. Бачыць яе ў прыродзе, кветках, якія радуюць вока вясной і летам — гэтыя поры годы з’яўляюцца любімымі для жанчыны. Прыгажосць заключана і ў дабрыні, менавіта таму жыццёвым дэвізам Людміла Казіраўна абрала ўменне радавацца поспехам іншых людзей. А яшчэ — заўжды аптымістычна ўспрымаць жыццё, кожны яго дзень і імгненне.

Занясенне яе імя на раённую Дошку гонару Людміла Казіміраўна лічыць перш за ўсё адказнасцю і стымулам — яшчэ больш аддана  працаваць, прафесійна самаўдасканальвацца.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *