Прызыўнікі праходзяць адбор у вайсковыя часці

Падзеі

Прызыўная кампанія “Вясна – 2016” набірае абароты: завершаны медыцынскія агляды на прыдатнасць юнакоў да службы ў арміі, пачаўся адбор будучых ваеннаслужачых у вайсковыя часці.

Залежыць, куды пойдзе служыць хлопец, не толькі ад яго ўласнага жадання, хоць гэта абавязкова ўлічваецца пры адборы, але і ад вынікаў прыватнай сустрэчы прызыўніка з прадстаўнікамі тых ці іншых вайсковых часцей. Нядаўна ў Дзятлаве праводзілі вывучэнне і адбор новага папаўнення прадстаўнікі вайсковай часці 92616 сілаў спецыяльных аперацый горада Брэста гвардыі маёр Павел Бондар і доктар-неўролаг Андрэй Ярмоліч. Яны азнаёміліся з асабістымі справамі, характарыстыкамі з месцаў вучобы, работы сямі дзятлаўскіх прызыўнікоў, з якімі пасля правялі індывідуальную гутарку.

— З асабістай справы мы атрымліваем самую важную і, галоўнае, аб’ектыўную інфармацыю, — пракаменціраваў гвардыі маёр Павел Бондар. — Састаў сям’і прызыўніка, характарыстыкі, лісты гутарак з бацькамі, медыцынскія паказчыкі, наяўнасць прыводаў у міліцыю ці асуджанасцяў. Пасля вывучэння асабістай справы – гутарка, у час якой вызначаем жаданне юнака служыць у нашых войсках, яго асабістыя якасці, атрымліваем больш падрабязную інфармацыю пра сацыяльна-бытавыя ўмовы, ступень увагі бацькоў да жыцця юнака, яго хобі, сяброў.

— Асаблівую ўвагу ў гутарцы з прызыўніком надаём яго псіхалагічнай устойлівасці, фізічнай падрыхтоўцы, — удакладніў доктар-неўролаг Андрэй Ярмоліч, – для службы ў войсках сілаў спецыяльных аперацый гэта вельмі важна. Ацэньваем узровень інтэлектуальнага развіцця будучага навабранца – у ход ідзе нават элементарная табліца множання.

Кожныя паўгода Брэсцкае фарміраванне сілаў спецыяльных аперацый набірае прызыўнікоў з розных куткоў Беларусі.

— Калі казаць мовай лічбаў, амаль пяцьсот чалавек у кожны прызыў прыходзяць да нас на тэрміновую ваенную службу, — адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Дарэчы, восенню 2015 года мы адабралі з Дзятлаўшчыны пяцёра юнакоў. Служаць яны добра, без заўвагаў. У гэтым прызыве па плане было тры чалавекі з вашага раёна, ваенкамат жа прапанаваў семярых. Паглядзім, калі ўсе годныя, забяром усіх. Многія прызыўнікі мараць трапіць у сілы спецаперацый. Раней гэта называлася паветрана-дэсантнымі войскамі. Юнакоў прыцягвае рамантыка, скачкі з парашутам, стрэльбы, вучэнні. Але, паўтаруся, для таго каб служыць тут, малады чалавек павінен адпавядаць шэрагу патрабаванняў, у тым ліку мець адмысловае здароўе.

IMG_0183

Сярод прызыўнікоў, якія прыйшлі на сустрэчу з прадстаўнікамі вайсковай часці, быў жыхар вёскі Нянадавічы Ігар Бараноўскі. Хлопец ужо паспеў скончыць школу, будаўнічы ліцэй, індустрыяльна-педагагічны каледж. Зараз працуе ў Брэсце майстрам вытворчага навучання ў ліцэі.

— Сам вельмі хачу ў армію. Жаданне з’явілася не так даўно, магчыма, дарос, — жартуе хлопец. – Мару трапіць ва ўнутраныя войскі МУС або ў паветрана-дэсантныя войскі. Некаторыя прадстаўнікі цяперашняга пакалення баяцца цяжкасцяў, а я лічу, што служба ва Узброеных Сілах – гэта нядрэнная школа жыцця.

Усе мары і жаданні будучых ваеннаслужачых хутка ператворацца ў рэальнае жыццё – у сярэдзіне мая плануецца правесці першую адпраўку ў войскі.

І. КАМАРОВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *