Наведванне музеяў Беларусі

Падзеі

Праект “Музеі Беларусі разам з БЕЛКАРТ” падвёў вынікі работы музеяў за 2015 год.

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў інфармацыю аб наведванні беларускіх музеяў за 2015 год.

Лідарам у мінулым годзе стаў нядаўна адноўлены Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго ў 2015 годзе наведалі больш за паўмільёна разоў.

На другім месцы — Брэсцкая крэпасць. Сімвал горада Брэста наведалі 416 тысяч разоў. На трэцім месцы — таксама нядаўна адноўлены Нясвіжскі замак. Рэзідэнцыю Радзівілаў наведалі 407 тысяч разоў.

У Міністэрстве культуры адзначаюць павелічэнне колькасці наведвання музеяў у 2015 годзе. У параўнанні з 2014 годам, беларусы амаль на 300 тысяч разоў часцей наведалі музеі. Усяго ў мінулым годзе яны схадзілі ў музеі 6 мільёнаў 300 тысяч разоў.

— Прыемна, што беларусы сталі актыўна хадзіць у музеі. Гэта сведчыць аб тым, што адраджаецца цікавасць да нацыянальнай культуры, — адзначыла кіраўнік праекта “Музеі Беларусі разам з БЕЛКАРТ” Марына Раман. — Думаю, наш праект паспрыяў павелічэнню колькасці наведванняў. За два гады работы ў рамках праекта “Музеі Беларусі з БЕЛКАРТ” было апублікавана больш за 130 фотарэпартажаў з усіх куткоў Беларусі. І гэта не мяжа — мы плануем і далей інфармаваць грамадскасць аб беларускіх музеях.

Павялічыліся і музейныя фонды. За 2015 год колькасць рэчаў, якія захоўваюцца ў фондах, павялічылася на 51 тысячу адзінак. Больш за палову ўсіх фондаў занесены ў электронную базу.

Усяго ў Беларусі, паводле звестак Міністэрства культуры, у сістэме міністэрства налічваецца 157 музеяў і 60 філіялаў. Больш за ўсё музеяў знаходзіцца ў Віцебскай вобласці — 28. Самым распаўсюджаным відам музеяў з’яўляюцца комплексныя — 94, на другім месцы знаходзяцца гістарычныя — 43, на трэцім – мастацкія — 14, потым ідуць літаратурныя — 4 і прыродазнаўчыя — 2.

К. ТАРАСЕВІЧ,
спецыяліст аддзела па сувязях з грамадскасцю ЗАТ “Плацежная сістэма БЕЛКАРТ”



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *