Чарговы рэйд па выяўленні фактаў выпальвання сухой расліннасці на корані, а таксама парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры спальванні смецця быў праведзены Дзятлаўскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, раённай інспекцыяй аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя сумесна з рэдакцыяй газеты “Перамога”.
Нагодай для мерапрыемства стала тое, што ў рэспубліцы пачасціліся выпадкі гібелі і траўмавання людзей у пажарах з-за спальвання сухой травы.
Паміж вёскамі Юравічы і Нагорнікі на полі заўважылі задымленне, яго крыніцай была сухая трава, ахопленая агнём. Хутка знайшоўся і вінаваты ў здарэнні. Ім аказаўся пастух СВК “Вензавец”, які побач пасвіў калгасны статак. Ён патлумачыў свае супрацьпраўныя дзеянні так: ён падпаліў сухую траву на месцы выпасу жывёлін, каб на яе месцы ў далейшым хутчэй вырасла новая расліннасць. Мужчына не ўлічыў тое, што выган знаходзіцца блізка ад лесу, і агонь па траве ўжо пачаў падбірацца да ляснога масіву. Сіламі работнікаў і тэхнікі СВК “Вензавец” было праведзена абворванне выгана, каб агонь не распаўсюдзіўся далей, а затым – тушэнне травы. У адносінах вінаватага ў здарэнні, акрамя прафілактычнай гутаркі, распачаты адміністрацыйны працэс. За выпальванне сухой расліннасці на корані яму пагражае штраф ад 10 да 40 базавых велічыняў.
Цягам правядзення рэйду яго ўдзельнікі наведалі вёскі Дзятлаўскага сельскага савета. Былі ўстаноўлены выпадкі спальвання смецця ў вёсцы Хадзяўляны, аднак яны адпавядалі ўсім правілам пажарнай бяспекі.
На 15 красавіка на Дзятлаўшчыне за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры спальванні смецця і выпальванне сухой расліннасці штрафамі пакараны 10 чалавек. Нагадваем вам, паважаныя чытачы, што спальванне сухой расліннасці на корані забаронена і караецца штрафам. Калі вы вырашылі спальваць смецце на прысядзібным участку, рабіце гэта па правілах.
Н. АВЯРЧУК