З ініцыятывы аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, раённага савета ветэранаў працы аддзела адукацыі прайшоў фестываль «Паэзія — душы тварэнне».
Да ўдзелу ў ім былі запрошаны таленавітыя, творчыя работнікі аддзела адукацыі, ветэраны галіны, для якіх паэтычная творчасць з’яўляецца мовай душы. Наколькі гэтая мова выразная, ацаніла журы на чале са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіславам Баляслававічам Фабішэўскім.
У час мерапрыемства, якое праходзіла ў гімназіі №1 горада Дзятлава, свае творы прачыталі Раіса Уладзіміраўна Лакіза, Георгій Міхайлавіч Шундрык, Лідзія Іванаўна Нічыпар — ветэраны педагагічнай працы, Аксана Міхайлаўна Пацыновіч, Аляксандр Іванавіч Васюкевіч, Нэля Генадзьеўна Церахава — прадстаўнікі сённяшняга пакалення педагогаў. Усяго на фестывалі сваю творчасць агучылі 14 паэтаў.
Трое з іх — Раіса Уладзіміраўна Лакіза, Лідзія Іванаўна Нічыпар, Вольга Валер’еўна Жых прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным паэтычным мерапрыемстве.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА