Алімпія-Тайм

Падзеі

Вольная барацьба

Аляўціна Янушкевіч – пераможца першынства вобласці па вольнай барацьбе

У турніры спаборнічалі дзяўчаты, якім па 16-17 гадоў. Вучаніца Дзятлаўскай СШ №3 заняла першае месца. Яшчэ дзве прадстаўніцы Дзятлаўскага раёна – Жанна Галавач і Настасся Касач фінішавала на другім і трэцім месцах. Абедзве яны з Руды Яварскай. Усе прызёры абласнога першынства барацьбою займаюцца ў Дзятлаўскай ДЮСШ пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Шалеснага.

У канцы красавіка дзяўчаты прымуць удзел у чэмпіянаце рэспублікі, які, як і абласны турнір, адбудзецца ў Гродне.

Б. ВАРНА

Шахматы

Чарговым турнірам раённай спартакіяды работнікаў установаў адукацыі стаў шахматны.

Удзельнічалі ў асабіста-камандным першынстве 13 каманд.

Шахматысты-мужчыны на першым этапе спаборніцтваў былі падзелены на тры групы. Пераможцы групаў затым аспрэчвалі прызавыя месцы ў асабістым заліку. Чэмпіёнам стаў Сяргей Калодка (СШ №3), які перамог абодвух сапернікаў. Другое месца заняў Дзяніс Бамбір (Вензавецкая школа), трэцяе – Мікалай Губко (гімназія).
Шахматысткі-жанчыны пачалі саперніцтва ў дзвюх групах. І пачалі, можна сказаць, сенсацыйна: тры ўдзельніцы першай групы набралі аднолькавую колькасць ачкоў – па тры, пры гэтым і дадатковыя паказчыкі ў іх аказаліся абсалютна аднолькавыя. Тады для вызначэння прызавых месцаў вырашылі “згуляць у рулетку” – кінуць жэрабя. Фартуна з трох прэтэндэнтак выбрала Алену Фадзееву (Казлоўшчынскі дзіцячы сад). У фінале Фадзеева выйграла ў пераможцы другой групы Алены Якаўчык (Дзятлаўскі ДЦРД №2). За трэцяе месца сапернічалі Наталля Губко (Хвінявіцкая школа) і Святлана Лішык (Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі). Перамагла Наталля і стала бронзавым прызёрам. У сустрэчы за пятае месца Святлана Лябецкая гуляла супраць Алены Баковіч (Наваельнянская школа) і перамагла. Атрымалася так, што ўсе прызёры першай групы, месцы ў групе для якіх вызначыла жэрабя, затым перамаглі ў фінальных матчах.

Для каманднага заліку ачкі, набраныя кожным удзельнікам каманды, рахункаваліся. У выніку па сем ачкоў аказалася ў камандаў Дзятлаўскай гімназіі і Казлоўшчынскага  дзіцячага сада. Але тут ужо абышліся без жэрабя. Бо рэгламентам турніру была прадугледжана перавага каманды з лепшым паказчыкам на жаночай дошцы. Лепшы ён аказаўся ў Алены Фадзеевай. Такім чынам каманда Казлоўшчынскага дзіцячага сада (Яўген Фадзееў і Алена Фадзеева) стала пераможцам турніру. Другое месца заняла каманда гімназіі, трэцяе – Наваельнянскага дзіцячага сада.

Шашкі. Першынтво СШ №1

Чэмпіёнка СШ №1 – Валерыя Жалнерчык

Больш за два месяцы доўжыўся шашачны турнір у СШ №1, удзельнікамі якога былі самыя юныя спартсмены – вучні 1-3 класаў. Стартавалі ў турніры 19 шашыстаў, большасць з якіх ужо мела вопыт спаборніцтваў нават раённага ўзроўню ў складзе камандаў дзіцячых садкоў.

На першым этапе турніру адбыўся адбор у фінальную групу. 19 чалавек па кругавой сістэме згулялі па адной партыі. Валерыя Жалнерчык і Сяргей Цюшляеў набралі самую вялікую колькасць ачкоў – па 16,5. Вынік асабістай сустрэчы аддаў перавагу Валерыі – яна першая. Другі – Сяргей. За трэцяе месца змагаліся Ягор Ерамейчык і Павел Крывулька. Ягор набраў 14,5 ачка і апярэдзіў Паўла на 0,5 ачка. Чацвёрку мацнейшых дапоўнілі Захар Андрукевіч, Ігнат Ерамейчык, Арсень Ляшчэўскі, Мікіта Насовіч, Улад Касцюкевіч, Аляксандр Жэгала, Аляксандр Сіняк.

На другім этапе турніру 11 чалавек па кругавой сістэме гулялі па дзве партыі – белымі і чорнымі. Лідар першага этапу Валерыя Жалнерчык пацвердзіла свой узровень – набрала 18,5 ачка і стала пераможцай школьнага першынства. На другое месца з 15 ачкамі выйшаў Ягор Ерамейчык. Трэцім стаў Сяргей Цюшляеў (13,5 ачка). Пацвердзіў сваю выніковасць і Павел Крывулька, ён стаў чацвёрты і ўвайшоў у склад першай каманды школы. Вынікі турніру назвалі склад і другой каманды школы для ўдзелу ў раённым турніры юных шашыстаў.

Дарэчы, тры прызёры школьнага турніру – Валерыя Жалнерчык, Ягор Ерамейчык, Сяргей Цюшляеў –выканалі нарматыў трэцяга спартыўнага разраду. Захар Андалюкевіч, Ігнат Ерамейчык, Павел Крывулька справіліся з нарматывам чацвёртага спартыўнага разраду.

Шашкі. Раённы турнір

Дзве каманды дзятлаўскай СШ №1 разыгралі тытул чэмпіёна раёна

У асабіста-камандным пешынстве раёна па шашках сярод малодшых школьнікаў удзельнічалі 12 каманд. На першым этапе турніру яны спаборнічалі ў дзвюх групах. З выдатным вынікам – 18 ачкоў з 20 магчымых – перамогу атрымала першая каманда СШ №1, за якую выступалі Ягор Ерамейчык, Сяргей Цюшляеў, Павел Крывулька, Валерыя Жалнерчык. На чатыры ачкі адстаў ад лідара квартэт Хвінявіцкай школы (14 ачкоў), трэцяе месца занялі шашысты СШ №3 (10,5 ачка).

У другой групе пераможцай стала другая каманда СШ №1 у складзе Ігната Ерамейчыка, Захара Андалюкевіча, Мікіты Насовіча, Лізаветы Сарокі (14,5 ачка). На ачко ад пераможцы адстала чацвёрка Дварэцкай школы (13,5). Трэцяе месца занялі шашысты Гезгалаўскай школы (12 ачкоў).

У фінальным стыкавым матчы за перамогу ў турніры сустрэліся першая і другая каманды СШ №1. Фаварытная першая каманда выйграла з лікам 2,5:1,5 і стала чэмпіёнам раёна. За трэцяе месца сапернічалі каманды Дварэцкай і Хвінявіцкай школаў. Хвінявіцкія шашысты не пакінулі шанцаў сваім візаві і выйгралі 4:0.
Наступныя месцы паслядоўна занялі каманды Гезгалаўскай школы, СШ №3, Казлоўшчынскай, Наваельнянскай, Раклевіцкай, Вензавецкай, Жукоўшчынскай, Круцілавіцкай школаў.

У асабістым заліку на першай дошцы пераможцам стаў Ягор Ерамейчык (СШ №1), на другім месцы – Аляксей Шалесны (Казлоўшчынская школа), на трэцім – Даніла Свіб (Хвінявіцкая школа).

Прызёры на другой дошцы – Яраслаў Урбан (1 месца, СШ №3), Аляксандр Волкаў (2 месца, Хвінявіцкая школа), Захар Андалюкевіч (3 месца, СШ №1).

Прызёры на трэцяй дошцы – Павел Крывулька (1 месца, СШ №1), Мікіта Насовіч (2 месца, СШ №1), Яўген Емяльянчык (3 месца, Хвінявіцкая школа).

На чацвёртай дошцы спаборнічалі дзяўчынкі. Перамагла Валерыя Жалнерчык (СШ №1), другое месца заняла Яна Арцюх (Хвінявіцкая школа), трэцяе – Дар’я Лашкоўская (Гезгалаўская школа).

Адметнасць справаздачнага турніру ў тым, што ён стаў звяном, якога не ставала ў ланцужку шашачнай падрыхтоўкі дзяцей ад дзіцячасадкоўскага ўзросту да ўзросту старшакласнікаў.

Адміністрацыя дзятлаўскай СШ №1 (асабіста А. Пацыновіч, А. Райдзюк) парупілася пра стварэнне належных умоваў для юных удзельнікаў спаборніцтваў, і турнір прайшоў на добрым арганізацыйным узроўні.

М. ВЕНСЛАВОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *