Здольнасць своечасова, прафесійна, непрадузята рэагаваць на просьбы, заўвагі, скаргі людзей — адзін з важнейшых крытэрыяў, па якіх у Беларусі ацэньваецца эфектыўнасць работы дзяржаўных ведамстваў і арганізацый. Кіраўніцтва краіны стараецца ўдасканальваць механізмы ўзаемадзеяння чыноўнікаў з грамадзянамі.
Сярод такіх мераў — падпісаны Прэзідэнтам 15 ліпеня 2015 года Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», які ўступіў у сілу 23 студзеня 2016 года. З гэтага ж дня пачала дзейнічаць новая інструкцыя аб арганізацыі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў і вядзенні справаводства па іх у органах унутраных спраў і ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў, зацверджаная загадам МУС ад 22 снежня 2015 года №370. Што памянялася?
У законе з’явілася новае тлумачэнне паняцця «паўторны зварот». Цяпер гэта пісьмовы (электронны) зварот ад аднаго і таго ж заяўніка па адным і тым жа пытанні ў адну і тую ж арганізацыю, які паступіў на працягу трох гадоў з дня першапачатковага звароту, на які ўжо быў дадзены адказ.
Заканадаўца канкрэтызаваў тэрмін, які ўлічваецца пры вызначэнні паўторнасці зваротаў — тры гады. Цяпер да паўторных можна будзе аднесці і звароты, якія паступілі з іншых арганізацый. Аднак неабходна ведаць, што копіі зваротаў, накіраваныя заяўнікам у розныя інстанцыі, якія ўрэшце паступілі ў аддзел унутраных спраў, у гэтым выпадку не з’яўляюцца паўторнымі. Гаворка ідзе толькі пра звароты, якія паступяць у АУС пасля разгляду першаснага звароту і накіравання адказу заяўніку.
Артыкул 2 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» вызначае сферу яго дзейнасці. Усе звароты, якія рэгіструюцца ў адзінай кнізе, належаць разгляду, згодна з крымінальна-працэсуальным заканадаўствам або заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу. Сфера дзейнасці Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» не распаўсюджваецца на такія звароты, а таксама на разгляд зваротаў у рамках адміністрацыйных працэдур. Таксама з 23 студзеня сфера дзеяння Закона не распаўсюджваецца на парадак разгляду зваротаў работніка да наймальніка (гэтыя праваадносіны рэгулююцца выключна працоўным заканадаўствам).
Значна змяніўся артыкул 6, які рэгламентуе пытанні асабістага прыёму. Цяпер права адмовіць у прыёме або запісе на яго маюць не толькі адказныя асобы арганізацый (непасрэдна кіраўнікі), але і работнікі, упаўнаважаныя весці папярэдні запіс на асабісты прыём (напрыклад, супрацоўнікі прыёмнай грамадзян МУС або падраздзяленняў па абароне дзяржсектараў тэрытарыяльных АУС).
У артыкуле 19 удакладнена, якія менавіта расходы могуць быць спагнаны ў судовым парадку. Да іх аднесены «сумы, якія належыць выплаціць экспертам і іншым спецыялістам, прыцягнутым да разгляду зваротаў, паштовыя затраты, затраты, звязаныя з выездам на месца разгляду звароту, іншыя расходы, за выключэннем аплаты рабочага часу спецыялістаў, якія разглядаюць зварот».
Затое цяпер заяўніку можна не ўказваць месца вучобы ці работы, дастаткова напісаць прозвішча і ініцыялы, свой адрас.
Унесены змяненні ў артыкул 13, які вызначае парадак прыёму і рэгістрацыі зваротаў. Пры падачы заяўніком некалькіх аднолькавых зваротаў або зваротаў з удакладняючымі і дапаўняючымі дакументамі і звесткамі, да накіравання адказу на першапачатковы зварот на такія звароты можна накіраваць агульны адказ у тэрмін, вызначаны законам для разгляду першапачатковага звароту. У гэтым выпадку ўсе названыя звароты ўлічваюцца як адзін.
Згодна з артыкулам 23, ананімнымі прызнаюцца і не разглядаюцца звароты, у якіх пазначаныя заяўнікам дадзеныя не сапраўдныя.
Значна памяняўся парадак работы з кнігай заўваг і прапаноў. Цяпер заўвагі і прапановы, якія не адносяцца да дзейнасці арганізацыі, будуць заставацца без разгляду па сутнасці, без паведамлення аб гэтым заяўніку. Разам з тым, заўвагі да супрацоўнікаў тэрытарыяльных аддзелаў міліцыі, унесеныя ў кнігі заўваг і прапаноў МУС або УУС будуць разглядацца, як і раней. Адкарэктаваны алгарытм накіравання і разгляду электронных зваротаў. Не будуць разглядацца электронныя звароты грамадзян, калі яны размешчаны не ў спецыяльнай рубрыцы на афіцыйным сайце дзяржоргана. Патрабаванні да гэтай рубрыкі вызначаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2015 года №1044. Таксама электронныя звароты абавязкова павінны мець адрас электроннай пошты заяўніка, а прадстаўнікі заяўніка павінны прыкладваць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы. Калі гэтыя патрабаванні не выкананы, заявы застануцца без разгляду. У выпадку, калі электронныя звароты па адной праблеме ад розных заяўнікаў маюць масавы характар (больш за 10), адказ на іх па рашэнні кіраўніка арганізацыі або ўпаўнаважанай ім асобы можа быць размешчаны на афіцыйным сайце дзяржоргана або іншай дзяржаўнай арганізацыі ў інтэрнэце без накіравання адказаў або паведамленняў заяўнікам.
А. БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама