Ён і Яна. Мужчына і жанчына. Дзве палавінкі, якія праз таямніцу шлюбу становяцца адным цэлым — сям’ёй.
Яна будуецца на ўзаемапавазе і ўзаемаразуменні, каханні, якое пачынаецца з першай сустрэчы і першага позірку.
Іх першая сустрэча адбылася больш за пяцьдзесят гадоў таму. Яніна тады была яшчэ школьніцай, Георгій — маладым мужчынай, які толькі прыйшоў з арміі.
Упершыню яны ўбачыліся ў Казлоўшчыне на ўрачыстым адкрыцці парка. Георгію прыглянулася вабная дзяўчына невысокага росту, сяброўка яго стрыечнай сястры. У сваячкі ён і распытаў пра незнаёмку, якая кранула яго сэрца. Назаўсёды.
Сёння Яніна Уладзіславаўна і Георгій Міхайлавіч Пятліцкія — сямейная пара з важкім стажам сумеснага жыцця. Усё яно прайшло ў вёсцы Падвялікае. Тут раслі і гадаваліся іх дзеці. Цяпер яны прыязджаюць у бацькоўскі дом ужо разам са сваімі сем’ямі.
Хата, дзе жыве сям’я Пятліцкіх, выдзяляецца сваім адметным стылем, дагледжанасцю. Побач з ёй знаходзіцца альтанка, а таксама драўляная піраміда. Усё гэта зроблена рукамі Георгія Міхайлавіча — майстра, пра якога можна сказаць, што ў яго — залатыя рукі. Яшчэ юнаком ён пераняў ад свайго айчыма майстэрства цяслярыць і сталярнічаць, будаваць хаты.
Вось і дом, дзе жыве сям’я Пятліцкіх, пастаўлены ўласнымі сіламі гаспадара. Зроблены ім і мэбля, складзена печка.
Георгій Міхайлавіч яшчэ і мастак-самавучка. Распісаны кветкамі столь, дзверы, маляваныя шпалеры — усё гэта сведчыць пра самабытны талент гаспадара.
У наступным годзе Георгій Міхайлавічу споўніцца 80 гадоў. Таксама сямейная пара адзначыць і 55-годдзе сумеснага жыцця — сваё смарагдавае (изумруднае)вяселле.
Яніна Уладзіславаўна маладзейшая за мужа на тры гады. Яна нарадзілася на хутары Ціхавая, ён — з вёскі Ананічы. Лёс, звёўшы іх дарогі ў адну, падарыў ім шмат гадоў сумеснага жыцця. Яно ідзе ва ўзаемаразуменні і ўзаемапавазе, каханні. У гэтай атмасферы выхоўваліся дочкі. Яніна Уладзіславаўна і Георгій Міхайлавіч сёння маюць пяцёра ўнукаў і дзве праўнучкі.
Дзеці і ўнукі заўжды з задавальненнем прыязджаюць у бацькоўскую хату, дзе іх з нецярпеннем чакаюць родныя людзі, дзе ім заўжды рады.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК