Сям’я… Гэта проста тата, мама і дзеці ці нешта значна большае? Кожны адкажа на гэта пытанне па-свойму, але большасць з нас адзначыць: сям’я – гэта радасць, святло, надзея, падтрымка, вера ў будучыню. Сям’я… Якой яна сёння павінна быць? Колькі трэба мець дзяцей, каб жыло шчасце пад вашым дахам не год і не два, а ўсё жыццё?
Давайце паспрабуем знайсці адказ па пытанне ў сям’і, дзе гадуюцца тры хлопчыкі, дзе жывуць мір, давер і лагода. Гэта сям’я Віктара Віктаравіча і Наталлі Міхайлаўны Скібінскіх. Настаўнікі гімназіі ў адзін голас скажуць: цудоўныя хлопчыкі Павел і Ілья Скібінскія. Выхаваныя, уважлівыя, тактоўныя, ніколі не пакрыўдзяць злым словам аднакласнікаў, памяркоўныя, з павагай ставяцца да дарослых. А яшчэ яны выдатныя матэматыкі, абодва займаюць прызавыя месцы на раённай алімпіядзе, удзельнічаюць у абласной. І гэта ад сям’і, ад таты і мамы, ад іх узаемаадносін, іх павагі адзін да аднаго, іх любові і пяшчоты. Бо хіба могуць у канфліктнай сям’і вырасці такія цудоўныя дзеці? Толькі ў дружнай і шчаслівай.
Завітаем у сям’ю Скібінскіх, бліжэй пазнаёмімся з іх жыццём і бытам. Жывуць яны ва ўласным доме, дзе і тату, і старэйшым хлопчыкам ёсць да чаго прыкласці рукі: зімой чысцяць снег, прыбіраюць у пакоях, мыюць посуд, а летам косяць, дапамагаюць тату ў будаўнічых работах, а матулі на агародзе, гадуюць трусікаў.
– Летам мы кожныя выхадныя ездзім у вёску да бабулі і дзядулі. Там ёсць чым заняць хлопцаў, таму што бабуля з дзядулем трымаюць немалую гаспадарку. У абавязак Ільі ўваходзіць касьба падворка, а Павел збірае траву, рыхтуе корм для жывёлы. Каля вёскі Барышына, дзе жыве наша бабуля, вельмі прыгожая прырода, возера. Калі ўсё пароблена, мы адпачываем, загараем, купаемся. У нас ёсць мара – арганізаваць аграсядзібу. І з нашымі хлопцамі гэта не будзе толькі марай, мы пастрабуем яе ажыццявіць, – расказвае Наталля Міхайлаўна.
А яшчэ Наталля Міхайлаўна вельмі ганарыцца тым, што яе сыны самастойныя. Вядома, ім хочацца ўвагі і ласкі, і матуля стараецца зрабіць так, каб кожны з іх адчуваў, што ён самы жаданы і любімы. А якія старэйшыя хлопцы цудоўныя нянькі для трохгадовага Максіма. Можна смела пакідаць яго з братамі хоть на цэлы дзень і быць упэўненай, што ўсё будзе ў парадку.
– Мы адразу, як пажаніліся, ведалі, што ў нашай сям’і будзе трое дзяцей, бо кожны з нас таксама гадаваўся ў сям’і з трыма дзецьмі. Мы бачылі, як гэта цудоўна, калі ў цябе ёсць брацікі і сястрычкі, пра якіх можна клапаціцца, з якімі ты разам расцеш, дзеліш усе радасці і засмучэнні, а ў дарослым жыцці вы становіцеся самымі лепшымі сябрамі, можаце падтрымаць адзін аднаго, бо бацькі ж не вечныя. І мы спадзяёмся, што ўтраіх нашым хлопцам будзе лягчэй жыць на гэтым свеце, – разважае Віктар Віктаравіч.
Сапраўды, сёння мець траіх дзяцей стала амаль нормай. Многія маладыя таты і мамы ўпэўнены, што сям’я павінна быць вялікай, а значыць шчаслівай. У такой сям’і менш канфліктаў, кожны адказны за іншага, мама і тата кахаюць адзін аднаго і берагуць добрыя адносіны.
– Мы хацелі б пажадаць маладым мамам і татам думаць у першую чаргу пра сваіх дзяцей, – кажа Наталля Міхайлаўна. – Калі яны ў вас ёсць, вы ўжо шчаслівыя, і не трэба іншага шчасця. А шчасцем для дзяцей будзе, калі яны змогуць, ужо дарослыя, вяртацца ў бацькоўскі дом і бачыць там радасных, шчаслівых маму і тату, адчуваць, што яны любімыя і доўгачаканыя.
А нам хочацца пажадаць дружнай сям’і Скібінскіх моцнага здароўя і здзяйснення ўсіх мараў.
А. АБРАМЧЫК