Ці павялічваць пенсійны ўзрост?

Падзеі

Меркаванні наконт гэтага пытання высвятляла карэспандэнтка газеты «Перамога» ў жыхароў Дзятлаўшчыны.

Алена Крупеннік, валеолаг Дзятлаўскай раённай бальніцы:

— Я супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Мне засталося 2 гады і тры месяцы да выхаду на заслужаны адпачынак. Калі павысяць пенсійны ўзрост, мне давядзецца працаваць на год больш. Вядома, з гэтым нічога не зробіш. Галоўнае толькі — каб здароўе было.

Наталля Маркава, бухгалтар Дзятлаўскага РК ГА «БРСМ»:

— На мой погляд, у вырашэнні гэтага пытання варта кіравацца жаданнем і станам здароўя саміх людзей. Ёсць людзі, якія і па дасягненні заслужанага адпачынку яшчэ маюць энергію і жаданне працаваць, стан здароўя таксама дазваляе. А ёсць людзі, якія, наадварот, падходзяць да пенсіі даволі стомленымі. Таму тут  варта кіравацца крытэрыем выбару людзей.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Станоўча стаўлюся да павышэння пенсійнага ўзросту. На цяперашні момант у краіне шмат працуючых пенсіянераў, і павышэнне ўзроставай планкі выхаду на заслужаны адпачынак, на мой погляд, вырашыць гэтую праблему. Лічу, што калі чалавек здаровы, яшчэ хоча працаваць, то чаму б не даць яму такую магчымасць.

Марына Лашкоўская, дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы:

— Трэба пераходзіць да павышэння пенсійнага ўзросту, аднак рабіць гэта трэба пакрокава. Тым больш, што ў гісторыі гэта ўжо было — спачатку для жанчын пенсійны ўзрост быў 60, для мужчын — 65. Пасля яго зменшылі.

Ёсць у гэтым і станоўчы псіхалагічны аспект — мы даўжэй будзем адчуваць сябе маладымі. Калі чалавек заняты справай, ён і ў сталым узросце  бадзёры.

Дзмітрый Гульнік, намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС:

— На мой погляд, павышэнне пенсійнага ўзросту павінна быць дыферэнцыраваным у залежнасці ад прафесіі і займаемай пасады.

Падрыхтавала да друку А. ДУБРОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *