Спартыўныя страсці ў Казлоўшчыне

Падзеі

З малодшай дачкою яшчэ раз успамінаю (з пабуджэння школьнай праграмай) гісторыю Старажытнага свету і разумею, што мала новага прыдумалі людзі. З часоў Элады і Старажытнай Грэцыі мала змянілася. Разам з надоямі і прывагамі, колькасцю вырабленага алкаголю, поспехамі ў адукацыі і навуцы заўсёды шанавалі поспехі ў спорце. Мабыць таму алімпійскі медаль у Беларусі ацэньваецца ў 100000 долараў, а праца трэнера і настаўніка танней, трэба думаць – пакуль. Таму і ў нашым пасёлку Казлоўшчына адбылася спартакіяда «Здароўе», прысвечаная Дню Абаронцы Айчыны і Узброеных сіл РБ.

Спартакіяда традыцыйная, але апошнія два гады пайшлі на асэнсаванне таго, што яна неабходная, і была выпрацавана цэласная стратэгія развіцця спорту ў пасёлку. Ініцыятыва старшыні Казлоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта В. Бяляткі аб адраджэнні спартакіяды знайшла водгук у многіх арганізацыях пасёлка. Тут сапраўды шмат добрых словаў заслугоўваюць кіраўнікі: І. Данільчык, дырэктар школы, які асабістым прыкладам натхняў каманду; А. Вайтовіч, загадчык філіяла «Казлоўшчына» СГПТКП, які ўласна ўдзельнічаў у спаборніцтвах; В. Цярэшка, кіраўнік ЖКГ пасёлка, які перажываў за сваю каманду; В. Гузень, дырэктар Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода, які выставіў самую зладжаную і згуртаваную каманду, што не скарысталася нават правам заяўкі двух легіянераў з ліку працаўнікоў прадпрыемстваў пасёлка; А. Ільюхін, старшыня СВК «Слава працы», які заявіў каманду, нягледзячы на справаздачны сход, што праходзіў у гэты дзень; Е. Макарчык, начальнік паста МНС, які трымаў у тонусе каманду; В. Адамчык, начальнік ПМС, які заўсёды падтрымлівае спорт у сваёй арганізацыі на высокім узроўні, і дзе, мне здаецца, чэмпіёнаў пасялковай спартакіяды сустрэнуць калі не героямі, то вельмі годна.

IMG_4953

IMG_4959

IMG_5004

А зараз непасрэдна пра спаборніцтвы. На кожным лапіку дзвюх спартыўных залаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы і філіяла «Казлоўшчына» СГПТКП кіпелі неабыякія страсці. Валейбол, як любая спартыўная гульня, зачароўвае сваёй дынамікай і сюжэтам. Тут на першых ролях – пераможцы падгруп: МНС і вінзавод. У фінале мацнейшымі аказаліся ратаўнікі (Вадзім Лішык, Дзмітрый Плюснін, Уладзімір Шалесны, Сяргей Шалесны, Сяргей Грамадскі, Аляксандр Пятроўскі, Сяргей Рудаль). На трэцім месцы – ПМС.

У спаборніцтвах па стральбе не было роўных сямейнаму дуэту Святаслава і Марыі Буякоў з Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Пры гэтым яны выступілі роўна, набраўшы па 42 ачкі кожны. На другім месцы – СВК «Слава працы»: Юрый Сазонаў і Таццяна Галавач. Трэцяе месца заняў дуэт МНС у складзе Аляксандра і Аксаны Гародкаў.

Прызавую тройку ў спаборніцтвах па дартсе склалі ПМС (Аксана Баравік і Дзмітрый Мазоль), Казлоўшчынская сярэдняя школа (Ігар Данільчык і Кацярына Хілімончык), зладжаны дуэт маладых спецыялістаў СВК «Слава працы» (Юрый Сазонаў і Таццяна Галавач).

На верхняй прыступцы прызавога подыуму ў спаборніцтвах па шашках – каманда філіяла «Казлоўшчына» СГПТКП (Галіна Луцык і Аляксандр Сігейкін). Другое месца – у Казлоўшчынскай сярэдняй школы (Мікалай Юрчык і Ксенія Пякарская). Трэцяе месца – у МНС (Валянцін Сіняк – адкрыццё пасялковых шашак, чэмпіён сярод мужчын і Алена Мілевіч).
Не забыліся на спартакіядзе і пра сілавыя дысцыпліны. У падняцці гіры ў роўнай барацьбе, але з дапамогаю выгаднай жараб’ёўкі валявую і прыгожую перамогу атрымаў Аляксандр Самахвал з ПМС, які апярэдзіў Яўгена Макарчыка з МНС (другое месца) і Сяргея Гушчу з ЖКГ (трэцяе месца).

На дэсерт былі малайцоўскія забавы па перацягванні каната. Тут ужо, як звычайна, страсці білі праз край. У чэмпіёнах апынулася каманда ЖКГ (Дзмітрый Татарчык, Аляксандр Кузьміч, Фёдар Грышук, Сяргей Гушча, Віктар Кірылка, Міхаіл Томчык). Гэта была не самая цяжкавагавая, але найбольш зладжаная і граматная каманда. У фінале імі былі зрынуты вінаробы, якія занялі другое месца. Замкнула тройку каманда філіяла «Казлоўшчына» СГПТКП.

У выніку па найбольшай якасці месцаў ва ўсіх відах спартакіяды першае агульнакаманднае месца заняла каманда ПМС, другое – МНС, трэцяе – школы.

У завяршальным слове пры закрыцці спартыўнага мерапрыемства Вадзім Аляксандравіч Бялятка сказаў, што спартакіяда закончылася, але засталося цвёрдае перакананне, што яна зноўку адбудзецца і барацьба за пераходны кубак адновіцца праз год.

Быў на гэтым свяце яшчэ адзін цікавы момант. Неабходна было вызначыць самую актыўную жанчыну з ліку ўдзельніц спартакіяды. Гэта, пэўна, і аказалася самым складаным, бо, да шчасця, было з каго выбіраць. Пальму першынства аддалі Аксане Баравік (каманда ПМС).

Спартыўнае свята адбылося, дзякуючы фінансавай падтрымцы ФСК, Дзятлаўскаму аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і спонсарскай падтрымцы ЧТУП Сяргея Лагуціка, ЧТУП «Эльза Прод» Ларысы Кучынскай, ЧТУП «Биссер Торг» Дзмітрыя Томчыка, ЧТУП «Пасат Торг» Людмілы Лазута, ІП Святланы Кучынскай магазін «Медыя».

Л. ПЯКАРСКІ,
галоўны сакратар спартакіяды, старшыня прафсаюзнай арганізацыі СВК «Слава працы»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *