Гэтая дата вызначана адпаведнай пастановай Савета Міністраў.
Згодна з пастановай, рэкамендуецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, іншым арганізацыям на добраахвотнай аснове правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або ажыццявіць добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, тэрыторый населеных пунктаў, падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых і спартыўна-аздараўленчых лагераў да летняга сезона, паведамілі «Звяздзе» ў прэс-службе Савета Міністраў.
Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам. Тыя, у сваю чаргу, пералічваюць палову гэтай сумы Міністэрству фінансаў.
Сродкі, якія застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, накіроўваюцца на рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў для дзяцей, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых летнікаў да сезона.
Сродкі, якія застаюцца ў распараджэнні Брэсцкага аблвыканкама, пойдуць таксама на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў гэтым рэгіёне. А грошы, пералічаныя Мінфіну, будуць накіраваны Гомельскаму аблвыканкаму для праектавання і будаўніцтва абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.
Дарэчы, утрыманне наймальнікамі грашовых сродкаў з заработнай платы работнікаў, для якіх 23 красавіка 2016 года з’яўляецца працоўным днём, будзе праводзіцца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі працоўнымі калектывамі.