Міністэрства адукацыі пашырыла пералік педагагічных спецыяльнасцяў у ВНУ, пры паступленні на якія асобныя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца без уступных выпрабаванняў.
Нагадаем, што для таго, каб прыцягнуць добра падрыхтаваных абітурыентаў на педспецыяльнасці, два гады таму было прынята рашэнне залічваць туды медалістаў і выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з дыпломам з адзнакай без уступных экзаменаў — пры ўмове наяўнасці ў апошніх рэкамендацыі педагагічнага савета сваёй навучальнай установы. Тое ж тычыцца і пераможцаў трэцяга абласнога тура прадметных школьных алімпіяд. Уладальнікам дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў трэцяга (абласнога і Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзеных Міністэрствам адукацыі ў бягучым навучальным годзе, дадзена права паступаць без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці, для якіх гэты прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту.
У гэты пералік увайшлі наступныя спецыяльнасці: «дашкольная адукацыя», «пачатковая адукацыя», «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «біялогія і геаграфія», «матэматыка і інфарматыка», «біялогія» (навукова-педагагічная дзейнасць), «хімія» (навукова-педагагічная дзейнасць), «геаграфія» (навукова-педагагічная дзейнасць, «матэматыка» (навукова-педагагічная дзейнасць), «фізіка» (навукова-педагагічная дзейнасць), «фізіка і інфарматыка», «фізіка і тэхнічная творчасць», «беларуская мова і літаратура», «руская мова і літаратура», «тэхнічная праца і прадпрымальніцтва», «абслуговая праца і прадпрымальніцтва», «абслуговая праца і выяўленчае мастацтва», «лагапедыя», «сурдапедагогіка», «тыфлапедагогіка», «алігафрэнапедагогіка», «сацыяльная педагогіка» — усяго 22.
Цяпер пералік папоўнілі яшчэ тры спецыяльнасці: «прафесійнае навучанне (па кірунках)», «беларуская філалогія (па кірунках)» і «руская філалогія (па кірунках)».