Менавіта так могуць ахарактарызаваць Ганну Іванаўну Емяльянчык яе былыя вучні, а таксама жыхары вёскі Русакі, якая з’яўляецца малой радзімай жанчыны.
Жыццёвы шлях Ганны Іванаўны пачаўся на хутары Каранік. Тут яна нарадзілася ў 1937 годзе, незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Дзяўчынка рана засталася без мамы, а ў 1943 годзе яе чакала яшчэ адно выпрабаванне — на прымусовую работу ў Германію забралі бацьку. Пра далейшы яго лёс жанчына ведае няшмат. Вядома толькі, што ён працаваў на шахтах, потым уцёк з іх. Больш падрабязную інфармацыю Ганна Іванаўна змагла атрымаць з запыту, які даслаў яе сын у Міжнародную пошукавую службу. Прыйшла даведка, што бацька Ганны Іванаўны — Іван Іванавіч Марук знаходзіўся ў канцэнтрацыйным лагеры Заксенхаўзен, затым у лагерах Равенсбрук і Мітэльбанц. Рабочым у лагеры горада Нестэрхаўзен быў і дядзька Ганны Іванаўны — Аляксандр Іванавіч Марук.
З дзяцінства Ганна Іванаўна была здольнай да вучобы. На выдатна закончыла пачатковую школу ў Алёхнавічах. Далей вучыцца не дазволілі родныя, што выклікала вялікае засмучэнне дзяўчынкі. Аднак умяшальніцтва бабулі дапамагло Ганне працягнуць вучобу ў сямігодцы, якая знаходзілася ў Страле. Выкладала тут Яніна Адамаўна Санцэвіч.
Закончыўшы сем класаў таксама «на выдатна», Ганна паступіла ў Навагрудскае педагагічнае вучылішча. Стаўшы яго выпускніцай, накіравалася працаваць у Радунскі раён, вёску Салтанішкі.
Пасля замужжа вярнулася на сваю малую радзіму, у вёску Русакі. Выкладала ў школе ў Дубраўцы, а пасля ў школе, якая працавала ў вёсцы Разважа. Незадоўга да выхаду на пенсію Ганна Іванаўна была настаўніцай у Жыбартах.
Выбраўшы прафесію настаўніка, Ганна Іванаўна ні разу не пашкадавала пра гэта, рэалізавала сябе менавіта ў педагогіцы.
Ужо даўно Ганна Іванаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Разам з мужам мае невялікую гаспадарку, з радасцю сустракае дзяцей і ўнукаў. Дарэчы, нядаўна любімай маці і бабулі яны даслалі перакідны каляндар са сваімі фотаздымкамі.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА