Функцыянальны фітнес. Арганізм скажа: «Дзякуй»

Падзеі

У наша стагоддзе камп’ютарных тэхналогій медыкі б’юць трывогу: людзі сталі менш рухацца. З гэтым звязаны многія хваробы, якія, па словах дактароў, з кожным годам «маладзеюць». Некаторыя сучаснікі наогул не здольны справіцца з мінімальнымі фізічнымі нагрузкамі. Як з дапамогай спорту ўмацаваць свой арганізм, карэспандэнтцы газеты расказаў педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Функцыянальны фітнес» І. В. Кабакін.

— Ігар Валер’евіч, што за аб’яднанне «Функцыянальны фітнес», ці даўно вы з’яўляецеся яго кіраўніком?

— Наша аб’яднанне працуе на базе Цэнтра творчасці са жніўня 2015 года. Заняткі праходзяць у дзвюх групах — у горадзе Дзятлаве і аграгарадку Гезгалы. Назва аб’яднання тлумачыць накірунак работы, бо ў фітнесе іх шмат. «Функцыянальны» — значыць скіраваны на развіццё функцыянальных якасцяў арганізма трываласці, сілы, гнуткасці, спрыту, каардынацыі, сілавой трываласці — адным словам, на развіццё арганізма ў цэлым. Іншыя мэты, як, напрыклад, пахудзенне, мы перад сабой не ставім, хаця некаторым пастаянным наведвальнікам удалося скінуць некалькі кілаграмаў.

Галоўнае адрозненне функцыянальнага фітнесу ад іншых накірункаў — у нагрузках і падборы практыкаванняў. Не ўлічваючы размінкі, гэта 40-45 хвілін сур’ёзных трэніровак, якія прымушаюць спартсменаў папацець і патраціць шмат энергіі. Вядома, мы звяртаем увагу на фізічныя магчымасці нашых наведвальнікаў, падстройваемся пад іх. У Дзятлаве гэта ўзроставая група ад 30 да 40 гадоў, у Гезгалах — пераважна за 40 гадоў. Цікава, што на заняткі фітнесам і ў райцэнтры, і ў аграгарадку ходзяць толькі жанчыны. Магчыма, яны больш сур’ёзна ставяцца да свайго здароўя і па характары больш адказныя, чым прадстаўнікі моцнай паловы. Стабільна наведваюць заняткі па 5-6 чалавек у кожнай групе — гэта наш «касцяк». Некаторыя наведвальніцы прыходзяць раз у адзін-два тыдні, але заняткі не кідаюць. Былі і такія, хто пачынаў займацца, аднак з-за розных абставінаў перастаў прыходзіць на трэніроўкі. Дарэчы, з дзятлаўскай групай мы сустракаемся ў спартыўнай зале Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, з гезгалаўскай — у трэнажорнай зале аграгарадка.

— Колькі сёння каштуюць заняткі?

— Вядома, цэны могуць памяняцца, але пакуль месяц трэніровак каштуе 120 тысяч рублёў, гэта значыць, адна трэніроўка абыходзіцца ўсяго ў 10 тысяч рублёў. Я параўноўваў нашы расцэнкі з цэнамі ў суседніх гарадах, і магу з упэўненасцю сказаць, што ў Дзятлаве займацца фітнесам найбольш выгадна.

— Як часта вы сустракаецеся з удзельнікамі аб’яднання, ці зручны выбралі час для заняткаў?

— Сустракаемся тры разы на тыдзень. У Дзятлаве заняткі ладзяцца па наступным графіку: аўторак — з 20 да 21 гадзіны, чацвер — з 20.15 да 21.15,  пятніца — з 21 да 22 гадзін. Лічу, што для працуючых людзей гэта найбольш зручны час.

— А калі ў Дзятлаве і Гезгалах з’явяцца яшчэ жадаючыя далучыцца да вас, ці можна зрабіць гэта цяпер?

— Можна. У аб’яднанне мы прымем і тых, хто да гэтага не трэніраваўся, але жадае весці здаровы лад жыцця. Аднак зазначу: кожная група павінна складацца не больш, чым з 15-і чалавек, адпаведна, месца знойдзецца толькі для першых 10 жадаючых у кожным населеным пункце.

_MG_4563

— Як праходзяць заняткі?

— Спачатку — абавязковая размінка. Затым — практыкаванні. Яны інтэнсіўныя і скіраваны на развіццё ўсяго арганізма, аднак максімальныя нагрузкі на тую ці іншую частку цела мы звычайна чаргуем: адзін дзень трэніроўка пераважна скіравана на развіцце ног, другі — на развіццё тулава, трэці дзень у нас зборны. З дапамогай практыкаванняў паскараецца абмен рэчываў у арганізме, умацоўваюцца суставы і мышцы, нават зніжаецца вага. Аднак зазначу, што для людзей, якія мараць у нас пахудзець, 80% поспеху складае харчаванне. Пры ўмове рэгулярных заняткаў і карэкцыі харчавання вынікі можна пабачыць ужо праз 2-3 месяцы.

— Ці ёсць абмежаванні па стане здароўя для жадаючых наведваць функцыянальны фітнес?

— Тым, у каго ёсць сур’ёзныя праблемы з суставамі або сэрцам, і інтэнсіўныя нагрузкі супрацьпаказаны, лепш хадзіць у басейн. Калі ж праблемы са здароўем менш сур’ёзныя, то займацца можна. Дарэчы, нашы трэніроўкі дапамогуць умацаваць мышцы спіны, пазбавіцца ад некаторых праблемаў з пазваночнікам, умацаваць арганізм у цэлым. Да нас часта прыходзяць людзі з нізкім развіццём цела і на пачатку не могуць выканаць усе практыкаванні. Ім раю: рабіце, колькі зможаце, адпачывайце, аднак старайцеся асіліць усё. Калі такія наведвальнікі займаюцца рэгулярна, то, незалежна ад узросту, праз некалькі тыдняў яны ўжо спраўляюцца з практыкаваннямі, якія раней ім былі не па сілах. Гэта сведчыць аб тым, што фітнес умацоўвае здароўе і карысны для многіх.

— Ігар Валер’евіч, а калі вы захапіліся спортам і як сталі трэнерам?

— Я рос у спартыўнай сям’і: боксам займаўся мой бацька, дзядзька — каратэ, спорт быў неад’емнай часткай нашага жыцця. Я таксама займаўся адзінаборствамі. Пазней у Маскве скончыў Цэнтр падрыхтоўкі прафесійнага фітнесу па спецыяльнасці «трэнер па бодзібілдзінгу і фітнесу», а таксама курсы ў Мінску па стрэтчынгу. Цяпер захапляюся яшчэ і паўэрліфтынгам, трэніруюся самастойна. Нядаўна ў Беларусі адкрылася новая альтэрнатыўная федэрацыя па паўэрліфтынгу, дзе ёсць намінацыя «Бяздопінгавая» — там і хачу выступаць. Акрамя фітнесу, у Гезгалах і Дзятлаве я вяду заняткі ў хлопчыкаў 5-11 класаў па кікбоксінгу. З імі паспяхова ўдзельнічаем у спаборніцтвах.

— Што б вы параілі моладзі Дзятлаўшчыны?

— Безумоўна, займацца спортам. Цяпер не модна курыць і ўжываць алкаголь, бо гэта не асацыіруецца з паспяховасцю. Яшчэ хочацца, каб юнакі і мужчыны праяўлялі да спорту большую цікавасць, бо яны — абаронцы сваіх жанчын, побач з імі прадстаўніцы слабой паловы чалавецтва павінны адчуваць сябе ўтульна і ўпэўнена. Дзяўчаты, у сваю чаргу, — будучыя маці, яны павінны сачыць за здароўем. Ды і наогул, дарослыя — прыклад для сваіх дзяцей.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў наведвальніц аб’яднання «Функцыянальны фітнес», ці падабаецца ім хадзіць на трэніроўкі?

Людміла Іванаўна Волкава, пенсіянерка, жыхарка аграгарадка Гезгалы:

— Займацца фітнесам вельмі падабаецца, у Гезгалах ім захапіліся многія. Гэта выдатнае і карыснае баўленне вольнага часу. Наш Ігар Валер’евіч заўсёды звяртае ўвагу на наша самаадчуванне, дапамагае правільна спраўляцца з нагрузкамі. Ён начытаны, граматны, кансультуе, каму на што звярнуць увагу, адказвае на любыя пытанні. Але галоўнае, што ад заняткаў ёсць станоўчыя вынікі. Пасля паўгода рэгулярных трэніровак я добра сябе адчуваю. Паляпшэнні ў стане здароўя адзначаюць і медыкі. Знаёмыя пры сустрэчы пачалі казаць кампліменты: «Выдатна выглядаеце! Як вы змяніліся!». Гэтай зімой я нават змагла стаць на лыжы і атрымлівала вялікае задавальненне ад двухгадзінных лыжных прагулак. Без фітнесу не рызыкавала б гэта зрабіць. Адчуваю, што арганізм умацаваўся, цяпер, калі па ўважлівых прычынах прапускаю заняткі, мне ўжо некамфортна. Дарэчы, у Гезгалах, дзякуючы Ігару Валер’евічу, спортам захапіліся і дарослыя, і школьнікі — трэнажорная зала па вечарах не пустуе. Пабольш бы на Дзятлаўшчыне было такіх энтузіястаў, як наш трэнер. Ён адказны, мэтанакіраваны і заслугоўвае падзякі ад усіх нас.

Аляксандра Міхайлаўна Аўдзеенка, настаўніца фізкультуры Хвінявіцкага д/с-СШ:

— Летам выпадкова ўбачыла аб’яву, што збіраецца група для заняткаў фітнесам. Спортам захапляюся даўно, але працяглы час не трэніравалася, таму вырашыла пайсці абавязкова. Спадабалася з першых заняткаў, бо трэніроўкі збалансаваныя, нагрузка даволі сур’ёзная, правільна размеркавана. Ігар Валер’евіч вальмі ўважлівы трэнер, сочыць за нашым самаадчуваннем, падказвае, дапамагае, ён выдатны спецыяліст. Займаюся ўжо некалькі месяцаў і бадзёра сябе адчуваю. Змяніўся рэльеф цела, менш стала стамляцца на працягу дня. Як аматар і прафесіянал раю і іншым людзям, якія не маюць супрацьпаказанняў, заняцца фітнесам. Дарэчы, некаторыя методыкі Ігара Валер’евіча я выкарыстоўваю на сваіх уроках, каб дзеці лепш фізічна развіваліся.

Наталля Мікалаеўна Быстрыцкая, сырароб ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод»:

— Заняткі фітнесам падабаюцца. Калі толькі пачала хадзіць, многія практыкаванні былі не па сілах, цяпер адолела ўсе. Адчуваю, што з’явілася фізічная вытрымка, палепшылася самаадчуванне, радзей сталі непакоіць галаўныя болі. Хадзіць пачала дзеля здароўя, але ўцягнулася і займаюся з вялікім задавальненнем, паляпшаецца настрой, выпрацоўваецца гармон радасці. Адчуваю, што напрыканцы трэніроўкі стома праходзіць, адкрываецца другое дыханне. Ігар Валер’евіч стараецца, каб нагрузка была паступовай, многае падказвае, кансультуе наконт правільнага харчавання. У мяне шаснаццацігадовая дачка, таму стараюся і яе прывучыць да здаровага ладу жыцця, для нас гэта актуальна. Цікава сустракацца і з іншымі наведвальніцамі фітнесу — у нас сяброўская атмасфера на занятках.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *