Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама часта звяртаюцца грамадзяне, каб атрымаць кансультацыю наконт пенсій па ўзросце. На самыя актуальныя пытанні жыхароў раёна адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Міхайлаўна Навічэнкава.
Пытанне: якія змяненні ў пенсійным заканадаўстве адбыліся з пачатку 2016 года?
Адказ: 8 снежня 2014 года прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Ён прадугледжвае комплекс мераў, скіраваных на павышэнне ўзроўню пенсій грамадзян, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, налічаных пры працяглым стажы работы, узмацненне матывацыі работнікаў да больш працяглай легальнай працоўнай дзейнасці і абмежаванне ўтрыманскіх установак.
Указам з 1 студзеня 2015 года прадугледжана павышэнне пенсій асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, налічаных пры працяглым стажы работы з невысокім заробкам.
З 1 студзеня 2016 года асобам, якія дасягнулі агульнавызначанага пенсійнага ўзросту, пенсіі дадаткова павялічваюцца на 0,1; 0,2; 0,3; 0,4; 0,5 працэнта сярэднямесячнага заробку (або «мінімальнай базы» — у выпадках, калі гэтая велічыня перавышае сярэднямесячны заробак) адпаведна за кожны поўны год стажу работы звыш 40 гадоў па 45 уключна ў мужчын і звыш 35 гадоў па 40 уключна ў жанчын. Гэта павелічэнне будзе дадатковым да павелічэння, уведзенага з 1 студзеня 2015 года.
Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года асобам са стажам работы 36 гадоў у мужчын і 31 год у жанчын пры налічэнні працоўнай пенсіі будзе ўлічвацца заробак у памеры да 5-кратнай сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы.
Да 2016 года крайняя велічыня заработнай платы для налічэння пенсіі складала 4 сярэднія заработныя платы, што адпавядае індывідуальнаму каэфіцыенту фактычнага заробку пенсіянера 4,0.
Пенсіі, назначаныя да 1 студзеня 2016 года, належаць перагляду, згодна з вышэйназванымі нормамі пры захаванні ўстаноўленых умоваў.
Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2015 года №534 «Аб пытаннях сацыяльнага забеспячэння», з мэтай адаптацыі сацыяльнага забеспячэння да сацыяльна-эканамічных умоваў, якія мяняюцца, вызначана, што:
— пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы вядзецца на падставе указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не радзей за адзін раз на год у межах сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь;
— права на працоўную пенсію па ўзросце, за выслугу гадоў (артыкулы 11-13, 15, 24, 47-49 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 красавіка 1992 года «Аб пенсійным забеспячэнні» (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1992 г., №17, стар. 275), артыкул 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2003 года «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., №70, 2/953), артыкулы 32 і 33 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2009 №17, 2/1561)) прадастаўляецца пры наяўнасці стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь адпаведна заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні не менш за 15 гадоў 6 месяцаў. Пачынаючы з 1 студзеня 2017 года гэты стаж работы штогод паступова пачне павялічвацца на 6 месяцаў да дасягнення 20 гадоў;
— замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь або з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, належаць абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам для грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Пытанне: ці ўключаецца ў стаж работы, які дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы і за выслугу гадоў, перыяд знаходжання жанчыны ў водпуску па доглядзе дзіцяці?
Адказ: у стаж работы, які дае права на пенсію па ўзросце за работу з асаблівымі ўмовамі працы і за выслугу гадоў, уключаецца перыяд знаходжання жанчыны ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту паўтара года, калі гэты перыяд меў месца да 1 студзеня 2000 года, і калі водпуску або пераводу на іншую работу ў сувязі з цяжарнасцю непасрэдна папярэднічала работа з асаблівымі ўмовамі працы або работа, якая дае права на пенсію за выслугу гадоў.
Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ