Творчасць — крыніца радасці

Падзеі

Менавіта так лічыць майстар квілінгу з Лапушна Ірына Уладзіміраўна Тарасевіч.  Па выніках раённага этапу конкурсу «Новыя імёны-2016»  ў  намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» яна ўвайшла ў тройку лепшых мастроў.

У час размовы з Ірынай Уладзіміраўнай карэспандэнтка газеты папрасіла яе расказаць аб сваім захапленні.

— Яшчэ працуючы старшынёй Данілавіцкага сельвыканкама, я хацела асвоіць якое-небудзь дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Аднак тады, вядома,  на гэта не хапала часу. Пайшоўшы на пенсію, я ўжо добра ведала, што буду займацца любімай справай. У прыватнасці, агародам і кветкаводствам. Квілінг у мае планы не ўваходзіў, аднак, убачыўшы ў інтэрнэце вырабы, зробленыя ў гэтай тэхніцы,  я «захварэла» ёю. Пачынала з простых рэчаў — вырабу сняжынак. Пасля паспрабавала рабіць карціны. Спачатку брала за арыгінал карціны, выкананыя ў тэхніцы квілінга, якія бачыла ў інтэрнеце. Цяпер звычайную маляваную карціну, якая мне падабаецца, ствараю ўжо тэхніцы квілінгу.

— Колькі часу займае выраб адной карціны?

— Калі займаешся любімай справай, не  заўважаеш часу. Здараецца, я так магу захапіцца, што працую  над карцінай з ранку да самага вечара. За гэтым я адпачываю, паколькі творчасць для мяне — сапраўдная крыніца радасці.

— На раённы этап конкурсу «Новыя імёны Беларусі» вы  прадставілі карціны невялікага фармату. Ірына Уладзіміраўна, магчыма, у вас ёсць задумка стварыць вялікае палатно ў стылі квілінгу?

— Ёсць такая задумка, аднак для яе ажыццяўлення мне неабходны адпаведны матэрыял — вельмі вузкія палоскі паперы, шырынёй усяго толькі 1,5 міліметра, якія я пакуль не магу знайсці. А, увогуле, творчых задумак у мяне шмат.

— Ірына Уладзіміраўна, раскажыце пра іншыя свае захапленні.

— Вельмі люблю кветкі. Іх у мяне шмат на прысядзібным участку — ружы, лілеі, вяргіні, цюльпаны. Разваджу і пакаёвыя кветкі, ствараю «садзікі» ў слоіках. Вельмі люблю кухарыць, пяку тарты. Таксама займаюся і вырабам дэкаратыўных рэчаў з выкарыстаннем кававых зярнят. Нядаўна аформіла дэкаратыўныю дошку для любімых рэцэптаў. Для гэтага выкарыстала лаўровыя лісты,  зерне, макароны, адным словам — усё, што было пад рукой.

Адзначу і тое, што не дае мне сумаваць і аматарскае аб’яднанне «Нам гады — не бяда», якое працуе пры Данілавіцкім сельскім доме культуры,  і актыўным удзельнікам якога я з’яўляюся.

— Як да вашага захаплення дэкаратыўнай творчасцю ставяцца  блізкія?

— Падтрымліваюць. Муж у мяне — таксама майстар на ўсе рукі. Ён яшчэ і першы крытык маёй творчасці.
Што тычыцца дзяцей, то адна з нашых дочак таксама займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Старэйшая  дачка ыве ў Лідзе,малодшая — у Мінску. Яна і дапамагае мне з набыццём матэрыяла для квілінгу. Ёсць у мяне яшчэ і сын Антон — ён працуе аграномам.

— Ірына Уладзіміраўна, напрыканцы нашай размовы чаго пажадаеце людзям, якія толькі-толькі пачынаюць захапляцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам?

— Не баяцца пачынаць, спрабаваць сябе ў тэхніцы, якая падабаецца, і тады абавязкова ўсё атрымаецца.

IMG_1327

Даведка: квілінг, або папяровае кручэнне, як мастацтва ўзнікла ў канцы 14-15 стагоддзяў у Еўропе. Лічыцца, што квілінг прыдумалі манахі. Абрэзваючы пазалочаныя краі кнігаў, яны накручвалі іх на кончыкі птушыных пёрак, што стварала імітацыю залатой мініацюры.

Калі ў 14-16 стагоддзях папяровае кручэнне лічылася мастацтвам, то ў 19 стагоддзі — дамскім заняткам, амаль што адзіным рукадзеллем, якое дастойнае толькі высакародных дам. У Англіі гэтым відам мастацтва усур’ёз захаплялася прынцэса Лізавета. Многія яе работы цяпер захоўваюцца ў музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Для квілінгу выкарыстоўваюцца спецыяльныя папяровыя палоскі. Інструментамі  могуць быць спецыяльныя прыстасаванні з драўлянай, пластыкавай або металічнай ручкай і тонкай «вілкай» на канцы.

Таксама выкарыстоўваецца пінцэт — для дакладнага замацавання дэталяў на аснове, нажніцы, клей ПВА.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *