Пажылыя людзі, як кветкі: без догляду, увагі і жывога слова яны марнеюць. І далёка не ва ўсіх жыхароў нашага раёна сталага веку ёсць побач дзеці, якія цікавяцца здароўем і ўмовамі жыцця сваіх бацькоў. Але адзінокім дзятлаўчанам не даюць застацца сам-насам з адзінотай, а часам і бездапаможнасцю, пра іх клапоцяцца сацыяльныя работнікі, нялёгкая праца якіх – дапамога людзям. На сёння ў нашым раёне – 155 адзінокіх жыхароў і 401 чалавек, які жыве адзінока. Надомны догляд за імі ажыццяўляюць 70 сацыяльных работнікаў ва ўсіх сельскіх саветах раёна і ў райцэнтры.
У Войневіцкім сельсавеце сацыяльным работнікам па надомным доглядзе працуе Таццяна Каско – чулая, уважлівая жанчына і, дарэчы, вялікая аматарка кветак. Мы сустрэліся з ёй у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Дзятлаве, куды жанчына прыехала па справах.
— Не так часта даводзіцца выбірацца ў райцэнтр, – адзначыла Таццяна Іосіфаўна. – Амаль усе мае маршруты звязаны з Войневіцкім сельскім саветам, дзе працую ў надомным абслугоўванні.
Зыходнай кропкай нашай размовы становіцца прыгожая, у самай квецені, архідэя, якая аздабляе адзін з кабінетаў сацработнікаў. Таццяна Каско з радасцю адгукаецца на просьбу расказаць пра сваё захапленне кведкаводствам, пра розныя віды раслін, якія сама выгадавала або родныя падарылі ёй да ўрачыстых датаў.
— Ведаеце, мне вельмі часта набываюць вазоны ў падарунак, – заўважае мая суразмоўца. – Але кветкі з крамы вельмі капрызныя да новага месца, не заўсёды хочуць прыжывацца.
— А чалавек? Ці цяжка раптам узяць – і памяняць месца жыхарства? – пытаюся ў суразмоўцы, ведаючы, што на Дзятлаўшчыну яна прыехала з іншай мясцовасці.
— Няцяжка, калі сям’я побач.
Таццяна Іосіфаўна нарадзілася і жыла ў Баранавіцкім раёне. Атрымала адукацыю пасля школы ў Баранавіцкім кааператыўным вучылішчы. Некаторы час жанчына працавала па спецыяльнасці ў Мастах, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. Калі таго пасля заканчэння Ваўкавыскага сельскагаспадарчага тэхнікума размеркавалі на Дзятлаўшчыну, у вёску Раготна, маладая жонка паехала за ім. На першы час сям’і выдзелілі жыллё, а потым і свой дом тут атрымалася набыць. У гэтым доме выраслі дзеці, у ім і сёння не гасне агонь сямейнага ачага.
Пасля пераезду на Дзятлаўшчыну, дэкрэтнага адпачынку Таццяна Каско стала працаваць у абслугоўванні насельніцтва. Здавалася б, тая ж праца з людзьмі, як і ў спажывецкай кааперацыі, але на самой справе адрозненне істотнае.
— Ужо амаль шаснаццаць гадоў займаюся доглядам пажылых на даму. Не цураюся сваёй працы і не баюся цяжкасцяў: дапамагаць людзям, на маю думку, заўсёды важна і высакародна, а працы лёгкай нідзе не бывае.
Самае складанае ў рабоце, па словах жанчыны, гэта дарога да месца прызначэння. Кожны працоўны дзень даводзіцца ездзіць на веласіпедзе або хадзіць пешшу не менш за 14 кіламетраў. Вялікія Шастакі, Спасюкі, Навасёлкі, Раготна – населеныя пункты, дзе чакаюць свайго сацыяльнага работніка. Раней, калі ў маршруце былі Сямёнавічы і Петрукі, дабіралася яшчэ далей. Але жанчына ведае, што яна патрэбна людзям, і пераадольвае свой шлях у любое надвор’е.
— Тыя людзі, каго даглядаю пятнаццаць гадоў, ужо сталі, як родныя. Стараюся ў сваёй працы выконваць не толькі патрэбны пералік функцый, а даць людзям крыху больш увагі і клопату, – кажа сацыяльны работнік.
Пасля насычанага справамі працоўнага дня і няблізкай дарогі жанчына з радасцю вяртаецца дадому, дзе яе чакаюць і любяць. Муж разумее нялёгкую працу Таццяны Іосіфаўны, чым можа, дапамагае ёй у хатняй гаспадарцы. Дарослыя дзеці стараюцца часцей наведваць бацькоўскі дом. Бо кожны дакладна ведае: сям’я – самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас.
Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара
Трэба Іосіфаўне машыну нейкую выдзеліць — будзе зручна. 14 км дарэчы зашмат, узімку на ровары аніяк.
Чым дакладна займаюцца сацыяльныя работнікі на месцах жыхарства людзей, якую дапамогу аказваюць? Тэмат не раскрыты.
Рейтинг комментария:00