Свой абавязак яны выканалі спаўна

Падзеі

Афганістан баліць у душы кожнага з 80 воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзятлаўшчыны, хоць з таго часу, калі апошняя калона савецкіх войскаў пакінула афганскую зямлю, мінулі 27 гадоў.

IMG_4252

IMG_4255

IMG_4267

IMG_4277

IMG_4283

IMG_4310

У дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, 15 лютага, ля помніка ў цэнтры Дзятлава сабраліся былыя “афганцы”, кіраўнікі раёна, прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, школьнікі горада.
На пачатку мітынга намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Камароў павітаў прысутных і прадаставіў слова старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму.

— 15 лютага ў рэспубліцы Беларусь абвешчана Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Менавіта ў гэты дзень у 1989 годзе савецкія войскі пакінулі Афганістан, з годнасцю выканаўшы заданне ўрада. У афганскай вайне ўдзельнічалі 620 тысяч салдат і афіцэраў Савецкай Арміі, у тым ліку 32 тысячы беларусаў. Салдаты і афіцэры, паказваючы прыклады мужнасці, гераізму, воінскай доблесці, стойкасці і таварыскай узаемавыручкі, кіраваліся лепшымі традыцыямі сваіх дзядоў і прадзедаў – воінаў, якія перамаглі фашызм у Вялікай Айчыннай вайне, заваявалі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, – зазначыў Аляксандр Станіслававіч.
На традыцыйнай сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанавалі памяць загінулых у Афганістане землякоў – Аляксандра Шылава і Дзмітрыя Лазовіка.

18 сакавіка 1982 года ў баі Аляксандр Шылаў атрымаў раненне і на наступны дзень памёр. Дзмітрый Лазовік загінуў 19 ліпеня 1983 года ў час баявой аперацыі. За мужнасць і гераізм яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі.

У Афганістане ваявалі 130 дзятлаўчан. Яны з гонарам выканалі абавязак салдата, заслужылі баявыя ўзнагароды. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ўзнагародзіў нагрудным знакам “20 гадоў арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алега Галавенку, нагрудным знакам “За заслугі” першай ступені – Мікалая Лябецкага.

Ратны гераізм, вернасць воінскай прысязе, стойкасць і мужнасць воінаў-інтэрнацыяналістаў заўжды будуць служыць дастойным прыкладам для моладзі.

З пажаданнямі здароўя воінам-інтэрнацыяналістам, з просьбай паважаць і шанаваць памяць пра тых, хто прайшоў праз пекла афганскай вайны, да сённяшняй моладзі звярнуўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

— Тут, ля помніка воінам-афганцам, можна сказаць: свой абавязак яны выканалі спаўна. Усе “афганцы” заслугоўваюць не меншага гонару і павагі, чым іх дзяды, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў барацьбе з фашызмам.

IMG_4315

IMG_4326

IMG_4345

IMG_4347

Ад імя моладзі Дзятлаўшчыны на мітынгу-шанаванні выступілі вучні сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Педагог школы Вераніка Клімант падарыла прысутным песню, прысвечаную памяці воінаў-афганцаў.
Да помніка воінам-інтэрнацыяналістам прысутныя ўсклалі гірлянды, кветкі. Надалей шлях воінаў-афганцаў ляжаў у Дварэц і Наваельню. Там жалобныя мітынгі адбыліся на могілках, дзе пахаваны Дзмітрый Лазовік і Аляксандр Шылаў.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *