Пра інтэрв’ю з айцом Сергіем Антошкавым думала не раз. Шчыра цікавіла, як складваўся лёс чалавека, які нарадзіўся ў сям’і ваеннага, сам таксама абраў прафесіяй службу Айчыне і раптам прыняў духоўны чын.
На сустрэчу айцец Сергій прыехаў з матушкай Аленай. Яна сціпла прысела ў кутку кабінета, трымаючы ў руках куртку мужа, і слухала нашу размову, зрэдку дапаўняла аповед святара. Айцец Сергій быў у добрым настроі.
— З чаго, — кажа, — пачнём?
— Як належыць, з дзяцінства, — адказваю.
— Ну, добра. Нарадзіўся ў Гомелі, у сям’і ваеннага лётчыка. Калі мне споўнілася два гады, сям’я пераехала ў Баранавічы. Помню, што малога мяне цікавілі розныя рэчы, вельмі падабалася вывучаць замежную мову, хацелася ўдасканальваць свае веды ў будучым. Мама выпісвала мне “Маскоўскія навіны” на англійскай мове. Але як для большасці савецкіх хлопчыкаў, высокую матывацыю меў лад жыцця бацькі. Чым старэйшы я станавіўся, тым больш схіляўся да таго, каб пайсці па яго прафесійным шляху. У лётнае вучылішча, праўда, не трапіў, таму што не прайшоў медыцынскую камісію. Але, вырашыў, што не трэба засмучацца, ёсць у ваеннай справе іншыя прафесіі. Паспрабаваў паступіць у Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча. Конкурс быў вялікі – не хапіла балаў. Каб цэлы год не гуляць, не займацца абы-чым, паступіў у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Пасля заканчэння першага курса, забраў дакументы і зноў паехаў у Харкаў. Другая спроба паступлення аказалася ўдалай.
— Такой настойлівасці, моцы духу юнака можна пазайздросціць. Студэнцкае жыццё было насычаным?
— Зразумела. Вучоба займала шмат часу, выпрацоўваўся характар, з’явілася рэальнае адчуванне дысцыпліны, стаў зразумелы тэрмін “служыць Айчыне”, які “адсякаў” многія глупствы, недарэчнасці. У вольны час разам з сябрам Аляксандрам Кузняцовым наведвалі навуковае таварыства, якое было арганізавана пры нашай кафедры, там пазнавалі азы камп’ютарнай граматы. Потым гэтыя веды спатрэбіліся мне ў складаны перыяд жыцця.
— А як жа рамантыка, каханне?
— І гэта было. Аднойчы ў метро ўбачыў дзяўчыну, спадабалася вельмі. Вырашыў, паеду да таго прыпынку, дзе яна будзе выходзіць. А яна, як потым высветлілася, да сяброў ехала аж на другі канец горада. Так у транспарце пазнаёміліся, да тых сяброў разам завіталі. Назад прыйшлося ёй мяне да вучылішча суправаджаць, бо дарогі я не ведаў. Сустракаліся з Аленай нядоўга. На трэцім курсе пажаніліся, нарадзіўся сын Дзімка.
— Дадому вярнуліся ўжо з сям’ёй?
— Так. Скончыліся пяць гадоў вучобы, і накіравалі мяне, выпускніка з пагонамі лейтэнанта, у расійскі полк дальняй авіяцыі, які знаходзіўся ў Баранавічах. Служыў старшым тэхнікам групы авіяцыйнага абслугоўвання – гэта была перспектыўная пасада, цудоўныя ўмовы для прафесійнага росту. Не ведаю, як склаўся б мой лёс, бо, шчыра кажучы, я прафесіяй ваеннага быў вельмі задаволены, але надышлі “ліхія 90-ыя”, развал Савецкага Саюза. Свой полк расійскія войскі вывелі з тэрыторыі Беларусі. Тым, каму заставалася няшмат служыць да пенсіі, паехалі ўслед. Астатніх жа проста звольнілі. Планы праваліліся. Гэта былі складаныя гады для ўсіх людзей, прыходзілася выжываць, каб пракарміць сем’і. Вось тады мне і спатрэбіліся мае веды ў камп’ютарным праграмаванні.
— Гэта ж быў толькі пачатак “камп’ютарнай эры” ў Беларусі?
— Новая тэхналогія, якая развівалася хуткімі тэмпамі. Запатрабаванасць праграмістаў расла з кожным днём. Мой сябар, пра якога я ўжо расказваў, Аляксандр Кузняцоў быў майстрам па “жалезках”, а я любіў пісаць камп’ютарныя праграмы. Сумесная дзейнасць прыносіла плён. З цягам часу наладзілі кантакт з адной амерыканскай фірмай. Некалькі гадоў пісаў праграмы для яе. Добрыя грошы, новы аўтамабіль і новыя перспектывы – атрымалі запрашэнне пераехаць у ЗША.
— Чаму ж не пераехалі?
— Умяшаўся выпадак. Хоць цяпер я лічу, што гэта не выпадковасць, а такім быў мой шлях, па якім вёў Бог. У мяне памерла бабуля, і сваякі папрасілі, паколькі я працаваў дома, быў свабаднейшы за іншых, з’ездзіць у царкву заказаць паніхіду. Мы з Аленай пагадзіліся і паехалі ў храм, дзе служыў святар айцец Міхаіл, які мяне калісьці хрысціў. Пагутарылі, адслужыў ён паніхіду. Потым прыехалі на нядзельную службу, потым яшчэ. Так адбылося знаёмства з праваслаўнай рэлігіяй. Айцец Міхаіл расказаў пра Жыровічы, манастыр. Сталі ездзіць туды з цікавасці. Аднойчы я папытаўся у айца Міхаіла, ці можна сыну прыслужваць у храме, а ён паглядзеў на мяне і сказаў, што не сыну, а мне варта задумацца над свяшчэннаслужэннем. Але я збіраўся за мяжу, мроіў пра работу праграмістам. Тым часам да айца Міхаіла прыехаў у госці архідыякан Троіца-Сергіевай Лаўры айцец Ювеналій. Знаёмства з ім успамінаю з асаблівым цяплом, светлы чалавек, падобны на сонейка. Айцец Ювеналій падтрымаў ідэю айца Міхаіла і па благаславенне адправіў мяне ў Жыровічы да старца Мітрафана. Ужо моцна хворы старац прыняў мяне з павагі да архідыякана, выслухаў і благаславіў на свяшчэнства. Мора пачуццяў бушавала ў маім сэрцы. Надышоў чарговы пералом. І я ўсё пакінуў, як непатрэбнае. Яно і само быццам “адсякалася” ад мяне. Два гады я шукаў сваё месца ў рэлігіі, моцна падтрымлівала сям’я. Аднойчы сустрэў чалавека, які звёў мяне з Мітрапалітам Філарэтам, а той накіраваў паступаць у семінарыю, прычым, на дзённае аддзяленне. Жонка з сынам засталіся ў Баранавічах, а я вучыўся. У 2005 годзе мяне рукапаклалі ў дыяканы ў Жыровічах, а на вербную нядзелю ў той жа год у Свята-Троіцкім саборы – у свяшчэннікі. Год я служыў у Ашмянах, а потым Уладыка перавёў у Дварэц, дзе жыву і служу ў храме Пакравоў Прасвятой Багародзіцы ўжо дзесяць гадоў.
— Цяжка было гарадскім прывыкаць да вёскі?
— Шмат кур’ёзаў спачатку было. Раскажу адзін. Як засяліліся ў дом, трэба было наладзіць быт. Але не ўсё ж адразу. У доме – пячное ацяпленне. Я дзесьці паехаў на два дні, наказаў матушцы ўзяць у хляве торф, пралаліць печку. Яна ж убачыла ў хляве акуратна складзеныя спрасаваныя брускі торфу, вырашыла, што гэта матэрыял для будоўлі. Так прасядзела да майго прыезду ў халодным доме. Цяпер успамінаем – смяёмся. Даўно прывыклі да вёскі, наладзілі быт, падрамантавалі храм, шчыра служым, радуемся маленькаму ўнучку Андрэйку. А час, калі быў ваенным, потым праграмістам, нават рэдка ўсплывае ў думках. Напэўна таму, што праваслаўная рэлігія – бязмежны свет. У яго толькі трэба акунуцца цалкам – і прыходзяць гармонія, спакой. Няма мне сёння нічога больш блізкага, роднага, чым наш дом, храм і людзі, што побач з намі.
І. КАМАРОВА
Фота з архіва ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна
Фота Н. АВЯРЧУК