Перанос выплаты заработнай платы на больш позні тэрмін па аб’ектыўных прычынах. Магчыма гэта?

Падзеі

Права на справядлівае і своечасовае ўзнагароджанне вынікаў работы па найму з’яўляецца адным з найважнейшых складальнікаў канстытуцыйных правоў грамадзян, і заканадаўства змяшчае неабходны механізм рэалізацыі гэтага права.

Артыкул 55 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь абавязвае наймальніка выдаваць заработную плату работнікам у тэрміны і памерах, устаноўленых заканадаўствам, калектыўным дагаворам, пагадненнем ці працоўным дагаворам, а таксама забяспечваць захаванне заканадаўства аб працы, умоваў, устаноўленых калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі, іншымі лакальнымі нарматыўнымі актамі і працоўнымі дагаворамі. Згодна з шэрагам актаў заканадаўства кіраўнікі прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый незалежна ад формаў уласнасці, якія не забяспечваюць своечасовую выплату заработнай платы, нясуць за гэта персанальную адказнасць (аж да вызвалення ад займаемай пасады).

Такім чынам, складаючы працоўны дагавор (кантракт) з прынятым работнікам, наймальнік аўтаматычна бярэ на сябе абавязацельства па выплаце яму заработнай платы своечасова і ў поўным аб’ёме, павінен прымаць своечасовыя меры па акумуляванні грашовых сродкаў на рахунках арганізацыі на гэтыя мэты, кантраляваць своечасовасць выплат бухгалтарскай службай.

Канкрэтныя тэрміны выплаты заработнай платы вызначаюцца калектыўным дагаворам, пагадненнем або працоўным дагаворам і не могуць быць зменены наймальнікам у аднабаковым парадку, таксама як і тэрміны выплаты сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску да яго пачатку, разліку пры звальненні работніка.
Не могуць служыць падставай для пераносу тэрмінаў выплаты заработнай платы і так званыя аб’ектыўныя прычыны: адсутнасць грашовых сродкаў на рахунках арганізацыі, несвоечасовыя разлікі даўжнікоў за пастаўленыя тавары (выкананыя работы, аказаныя паслугі), неабходнасць першачарговай закупкі сыравіны для вытворчасці, ГЗМ.

Варта адзначыць, што не будзе такой падставай нават заява самога работніка з просьбай аб пераносе выплат на больш позні тэрмін (на практыцы такія факты мелі месца).

Часткай 1 артыкула 9.19 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за парушэнне наймальнікам або ўпаўнаважанай службовай асобай наймальніка (на практыцы гэта, як правіла, кіраўнік арганізацыі) парадку і тэрмінаў выплаты заработнай платы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад чатырох да дваццаці базавых велічыняў, а на юрыдычную асобу — да ста базавых велічыняў.

Права прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за згаданае парушэнне прадастаўлена органам Камітэта дзяржаўнага кантролю, інспекцыям Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама раённым судам.

А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *