Дзятлаўскае таварыства ратавання на водах, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыя газеты “Перамога” сумесна правялі рэйд па вадаёмах Дзятлава. Вынікі не здзіўляюць, але прымушаюць задумацца.
Як вядома, самыя апантаныя аматары свайго хобі – гэта паляўнічыя і рыбаловы. Не верыце? Зазірніце на бліжэйшае возера, дзе дагэтуль, нягледзячы на ўсё больш адчувальны надыход вясны, можна сустрэць прыхільнікаў зімовай рыбалкі.
Верныя любімаму занятку, рыбаловы-дзятлаўчане апраўдваюць свае паводзіны тым, што ўсё даволі бяспечна, ноччу падмарожвае, а лёд яшчэ не перасягнуў крытычную па таўшчыні адзнаку. Знайшліся адчайныя, якія ў пацвярджэнне сваіх словаў нават паскакалі па лёдзе разам з бурам, рыбацкай скрыняй і ўловам. Аднак смелыя рыбакі не ўлічваюць, што лёд стаў крохкі, ненадзейны, а пры берагах азёраў і ўвогуле стаіць вада.
Акурат у час рэйду на “бальнічныя” азёры адзін з аматараў зімняй рыбалкі, які кіраваўся да возера, заўважыў чалавека ў форме і прайшоў па-за намі, робячы выгляд, што проста выйшаў з бурам на дзённы праменад. На жаль, сустракаліся і такія рыбакі, якія катэгарычна адмаўлялі прапановы паклапаціцца пра сябе і кінуць небяспечны на сёння занятак.
Для тых, каго не пераканалі словы і папярэджанні, прывядзём некалькі “свежых” фактаў. У пярэдадзень свята закаханых любоў да рыбалкі падвяла жыхара Белякоўшчыны Гродзенскага раёна, які вудзіў з лёду на мясцовым возеры. Лёд не вытрымаў, мужчына праваліўся ў ледзяную ваду. На яго шчасце, вартаўнік звалкі “Белякоўшчына” заўважыў, што тоне чалавек, і выклікаў ратаўнікоў. А вось жыхару Полаччыны так не пашанцавала. Труп мужчыны дасталі з дна возера Чорнае, дзе ён патануў у час зімовай рыбалкі.
На тэрыторыі ўсёй Віцебскай вобласці дзейнічае афіцыйная забарона выхаду на лёд, парушэнне якой караецца штрафам. На Дзятлаўшчыне – пакуль не. Але ж гэта не прычына станавіца самазабойцамі.
А. БЕЛЕНКА,
інспектар Дзятлаўскага РАНС
У. БАРАВІК,
старшыня Дзятлаўскага таварыства ратавання на водах
Н. АВЯРЧУК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”
Фота Н. АВЯРЧУК