Вучоба, спорт і захапленні

Падзеі

Школьная пара. Школьнае сяброўства. Урокі і вясёлыя перапынкі, работа над заданнямі і праектамі. Усё гэта — адметнасць той пары дзяцінства і юнацтва, якая бывае ў жыцці толькі раз і ніколі не паўторыцца больш, хіба што нагадае пра яе фотаальбом са здымкамі.

Яўген Апанасік, Дзіяна Татарынава, Павел Кіслы — 11-класнікі Раготнаўскай школы, найбольш актыўныя і ініцыятыўныя з класа, з багатым кругаглядам і светам захапленняў. І першае з іх — спорт. Усе яны з пачатковых класаў займаюцца гонкамі на лыжах і лыжаролерах, удзельнічаюць у  спаборніцтвах, на якіх паказваюць добрыя вынікі.

Захапленне спортам дапаўняюць і іншыя заняткі па інтарэсах. У Дзіяны —  гэта пляценне з бісеру, вышыўка крыжыкам. Таксама дзяўчына з’яўляецца пастаянным удзельнікам конкурсаў чытальнікаў. Яўгену па душы — тэхніка, рыбалка. Павел захапляецца камп’ютарамі, футболам,  валейболам, баскетболам, біятлонам. Сочыць за выступленнямі Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіна, а таксама французскага біятланіста Мартэна Фуркада.
Самастойна Павел вучыцца іграць на гітары.

_MG_0833

Адной камандай яны працуюць і над даследчымі праектамі. У гэтым пераліку і абласны конкурс праектаў «Вушастая сава». Да яго рэалізацыі далучыліся і дзевяцікласнікі Таццяна Кардаш і Кірыл Ляўкевіч. Як і іх старэйшыя сябры, яны актыўна займаюцца спортам. Зноў жа — з пачатковых класаў. Акрамя гонак на лыжах, Кірыл яшчэ захапляецца футболам, ёсць  жаданне ўсур’ёз асвоіць канькі.

Сярод захапленняў Таццяны Кардаш — фотасправа, выраб мяккай цацкі. Дзяўчына займаецца гэтым на працягу чатырох гадоў. Яшчэ яна іграе на фартэпіяна.

Дзіяна Татарынава — стараста 11 класа. Гаворыць, што яе клас вельмі згуртаваны. Дапамагаюць у гэтым  дэвіз з вядомай кінастужкі — «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», і тое, што вольны ад вучобы час юнакі і дзяўчаты  праводзяць разам. Спрыяюць таму сумесныя экскурсіі, сярод якіх наведванне Гродна, Мірскага замка.

Найбольш уразілі, кажа Дзіяна, лесвіцы ў замку, урачыстая зала, дзе праходзяць бальныя вечары. А ў Гродне спадабаўся абноўлены парк Жылібера. У планах 11-класнікаў і дзевяцікласнікаў разам наведаць  Мінск, у прыватнасці, музей Вялікай Айчыннай вайны.

Яднае нас і тое, працягвае Дзіяна, што разам мы дапамагаем пры касцёле: клапоцімся пра яго ўнутранае ўпрыгажэнне на вялікія святы, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі ля святыні.

Тэкст А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *