Была прыгожая кастрычніцкая раніца. Па дарозе ехалі машыны: кожны па сваіх справах, і ніхто не заўважаў ля абочыны маленькі чорна-белы камячок. Гэта было кацяня, якое “добрыя” гаспадары выкінулі паміраць за 20 кіламетраў ад горада, у лесе. Яго “браціка”, на жаль, ужо задушыла машына, якая праязджала міма, а вадзіцель нават не заўважыў (або не хацеў заўважаць), што пазбавіў жыцця жывую істоту. І гэтае кацяня, верагодней за ўсё, чакаў такі ж лёс – калі не ад аўтамабіля, то ад голаду і холаду.
Дзякуй Богу, што знайшліся людзі, якія падабралі гэтую бедную жывёліну. На жаль, не ва ўсіх такі лёс.
На памяць прыходзіць адзін выпадак з майго жыцця. У нас былі кацяняты, прыгожыя, пушыстыя, дагледжаныя, прывучаныя да латка, і я прапанаваў адно кацяня знаёмай жанчыне, на што атрымаў адназначны і рэзкі адказ: “Няхай яно здохне да вечара”. А гэтая жанчына часта прасіла, каб я памаліўся аб яе здароўі, аб здароўі яе дзяцей, унукаў. Яна размаўляла са мной заўсёды ласкава і дружалюбна (відаць, калі ёй гэта было неабходна), але ў адказ я пачуў менавіта гэтыя словы, якія мяне проста збянтэжылі. Жанчына прасіла ў мяне малітвы за яе і яе родных і ў той жа час жадала смерці жывым істотам, стварэнню, божаму. Як так можа быць?
Дарагія мае, пакуль мы не зразумеем, як неабходна жыць, пакуль не навучымся адрозніваць дабро ад зла, пакуль не зразумеем сэнсу – дрэнныя нашы справы. Апамятайцеся, калі можаце.
На жаль, часта прыходзіцца сутыкацца з такой з’явай, як жорсткае абыходжанне з братамі нашымі меншымі – жывёламі. Гэта спажывецкія адносіны, дзеля выгады, для свайго задавальнення або сваіх дзяцей. Чалавек, не думаючы, бярэ тую або іншую жывёліну дахаты, прыручае, корміць, дзеці з ёю гуляюць, часта як з цацкай, а затым выкідвае на вуліцу, і не каля дома, а куды-небудзь у лес або іншы населены пункт, апраўдваючы сябе, што не забіў жывёліну, а хто-небудзь яе падбярэ або яна куды-небудзь прыб’ецца. Як жа чалавек не можа зразумець, што ўсё вяртаецца бумерангам? Як мы, так і нам.
Кацяняты ж жывыя істоты. Гасподзь даў ім жыццё, і мы не маем права рашаць – жыць ім або не жыць. Прыслухайцеся да парадаў: стэрылізуйце кошак; прышчапляйце ад хваробаў; калі не хочаце, то лепш увогуле не заводзьце, але не выкідайце братоў нашых меншых.
Я часта ўспамінаю, як айцец Мітрафан (жыровіцкі старац) гаварыў, што неабходна рабіць дабро, і пакуль мы жывыя, спяшацца, каб не было нясцерпна балюча нашай душы ў вечнасці. А што такое дабро? Гэта ўсё тое, што мы робім ад усёй душы, з любові да таго, для каго і дзеля каго робім. Дапамог старому чалавеку дровы да печкі прынесці – дабро. Накарміў галоднага – дабро. Апрануў голага – дабро. Даў прытулак бяздомнаму – дабро. Памаліўся за бліжняга – дабро.
Калі ў вашым сэрцы яшчэ засталася хоць кропля любові і дабрыні, не праходзьце міма чужога гора і бяды. Апостал Павел гаворыць: “Вера без справаў – мёртвая”.
Спяшайцеся рабіць дабро!
Святар Аляксей ЛАЎНІК