Пад вэлюмам жалезнага вяселля

Падзеі

У студзені 65-годдзе сямейнага жыцця адзначаюць Павел Міхайлавіч і Станіслава Феліксаўна Хіркоўскія — жыхары аграгарадка Раготна.

У календары юбілейных датаў 65 гадоў сумеснага жыцця пазначана як жалезнае вяселле. Нездарма: у назве адлюстравана трываласць і моц сям’і, якая гартаваліся на працягу многіх гадоў.

— Мама ў маладосці была вельмі прыгожая, — расказвае  пра сваіх бацькоў  малодшая дачка Таццяна. — І тата, узгадваючы гісторыю іх знаёмства, неаднаразова паўтарае: «Як глянуў на яе — адразу ж закахаўся. З першага погляду».

_MG_0838

Сваё вяселле Станіслава Феліксаўна і Павел Міхайлавіч згулялі ў студзені 1951 года. Пасля рэгістрацыі вянчаліся ў Дзятлаўскім касцёле. Ехалі туды на санях — усяго ў вясельным картэжы было шэсць саняў.  На маладой пад кажухом — звычайная сукенка, якую на час вяселля яна пазычыла ў сваёй сяброўкі. Самой купіць не было за што: Станіслава  рана засталася без бацькі, цяжка хварэла мама. Дапамагчы не было каму. Ужо ў дзесяцігадовым узросце прыйшлося ісці працаваць да чужых людзей, каб зарабіць на кавалак хлеба.
Жыла сям’я Станіславы на хутары, што размяшчаўся за кіламетр ад Раготна. Павел Міхайлавіч таксама ўраджэнец гэтых мясцін. Нарадзіўся ён у шматдзетнай сям’і, быў дзявятым у бацькоў. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе, затым закончыў два класы рускамоўнай. Узгадвае Павел Міхайлавіч і цяжкія гады ваеннага ліхалецця: тады яму давялося жыць у старэйшага брата ў Казлоўшчыне. Вярнуўся дахаты толькі ў 1947 годзе.

… Праз тры месяцы пасля жаніцьбы Павел Міхайлавіч быў прызваны праходзіць армейскую службу ў артылерыйскіх войсках на Урале. Дахаты на працягу трох гадоў ляцелі пісьмы і паштоўкі. На жаль, кажа Станіслава Феліксаўна, яны не захаваліся. А вось заручальныя пярсцёнкі, зробленыя са звычайных манетак, захоўваюцца як сямейная рэліквія. Як і ўзнагароды Станіславы Феліксаўны, якімі яна была адзначана за сваю добрасумленную работу ў калгасе. Спачатку — свінаркай, а перад выхадам на пенсію жанчына працавала ў калгасных цяпліцах.

У калгасе «Раготна» ўсё сваё жыццё працаваў і Павел Міхайлавіч.

Узгадваючы тыя гады, муж і жонка адзначаюць, што даводзілася нялёгка, аднак жыццёвая стойкасць, загартоўка дазвалялі пераносіць усе цяжкасці і нягоды. А яшчэ, адзначае Станіслава Феліксаўна, дапамагала вера. І цяпер, калі па стане здароўя жанчына не можа наведваць касцёл, яна просіць дачку падаць запіскі на малебен аб здароўі сваёй вялікай сям’і. Гэта — чацвёра дзяцей, дзесяць унукаў, восем праўнукаў. Дарэчы, самы старэйшы з праўнукаў нядаўна стварыў уласную сям’ю.

— Мне пашанцавала з бацькамі, — кажа пра сваіх родных людзей малодшая дачка Таццяна. — Ім даводзілася цяжка працаваць, аднак яны не скардзіліся на жыццё.  Ды і не было калі сумаваць: занятасць у калгасе, па хатняй гаспадарцы, выхаванне дзяцей. А яшчэ адзначу, што мама з татам выхавалі і адну з унучак, якая яшчэ немаўляткам засталася сіратой, дапамаглі ёй атрымаць адукацыю. Цяпер яна працуе настаўніцай.
Увогуле, мама з татам заўжды з нецярпеннем чакаюць кожнага з нас у сваёй утульнай хаце, дзе мы раслі і гадаваліся, дзе адчуваем любоў і падтрымку. І напярэдадні такой адметнай для нашай сям’і юбілейнай даты мы жадаем сваім родным людзям яшчэ доўгіх гадоў жыцця, здароўя і аптымізму.

А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *