У аграсядзібе “Каля дуба” Сяргея і Жанны Калпінскіх, што ў Цяцейках, сустрэлі Хрышчэнне Гасподняе. Малебен, прысвечаны вялікаму праваслаўнаму святу, і асвячэнне вады тут чацвёрты год запар праводзіць настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц іерэй Сергій Антошкаў.
Родныя, сябры і знаёмыя гаспадароў сядзібы, а таксама ўсе жадаючыя сабраліся ля вадаёма, каб малітвай і традыцыйным абрадам ушанаваць вялікае хрысціянскае свята, калі бязгрэшны Ісус увайшоў у воды Іардана і асвяціў іх; час, калі Іардан мяняе сваё цячэнне, а вада валодае цудадзейнымі ўласцівасцямі. Да іх далучыліся вучні Раготнаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, тым самым атрымаўшы ўрок духоўнага выхавання на практыцы. Па завяршэнні малебна айцец Сергій асвяціў ваду і патлумачыў прысутным сэнс духоўнай падзеі і выкарыстання хрышчэнскай вады:
— Прыносячы дахаты асвечаную ваду, не стаўце яе ў далёкі закуток, старайцеся выкарыстоўваць часцей, нават у гаспадарчых патрэбах. Дастаткова адной кроплі асвячонай вады, каб асвяціць вялікую колькасць вадкасці.
Госці аграсядзібы “Каля дуба” мелі магчымасць, згодна са святочнай традыцыяй Вадохрышча, акунуцца ў загадзя падрыхтаванай іардані (палонцы, высечанай у форме крыжа для водаасвячэння), а пасля пачаставацца духмяным чаем на зёлках з гаспадынінымі гасцінцамі.
Тэкст і фота Н. Авярчук