Гледзячы на невысокую хударлявую Аляўціну Янушкевіч з медалямі, кубкам і дыпломам, не верыцца, што ўсе гэтыя ўзнагароды дзяўчына атрымала на спаборніцтвах па вольнай барацьбе. На першы погляд не скажаш нават, што яна — навучэнка 10 класа сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, настолькі яна мініяцюрная.
— Вось гэта — самае каштоўнае для прадстаўнікоў нашага віду спорту, — зазначае трэнер Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Віктар Мечыслававіч Шалесны, у якога займаецца дзесяцікласніца. — Невялікая вага, на самой справе, — гэта перавага, бо для спаборніцтваў яна хутчэй «нефармат», чым норма. Спартсменак з такой вагой (катэгорыя да 38 кілаграмаў) на сустрэчах можна пералічыць па пальцах, а таму ў спарынгах яны сустракаюцца часцей, значыць, і шанцаў на перамогу ў іх больш, чым у прадстаўнікоў «стандартных» вагавых катэгорый.
Віктар Мечыслававіч расказаў, што свае ўзнагароды Аляўціна Янушкевіч атрымала сёлета на рэспубліканскім турніры па вольнай барацьбе сярод дзяўчат, які праходзіў у лістападзе. Адтуль школьніца вярнулася з дыпломам за першае месца і медалём. Залаты медаль спартсменка заваявала і на нядаўнім чэмпіянаце вобласці па вольнай барацьбе сярод кадэтаў спартыўных школ і школ алімпійскага рэзерву. Таму ў Аляўціны Янушкевіч ёсць сур’ёзная перспектыва трапіць у склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці і выступіць на рэспубліканскім турніры, які чакаецца ў лютым 2016 года.
Па словах Віктара Мечыслававіча Шалеснага, Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа шмат увагі надае вольнай і грэка-рымскай барацьбе, бо гэта — алімпійскія віды спорту. Секцыі, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам у Дзятлаве і на базе Рудаяварскага дзіцячага сада-базавай школы, наведваюць каля 30 чалавек.
Вольная барацьба – супрацьборства двух сапернікаў, мэта якога — перамагчы, выкарыстоўваючы любыя няўдарныя, няболевыя прыёмы. На першы погляд здаецца, што арсенал барца невялікі, аднак гэта не так. Колькасць прыёмаў, захопаў, кідкоў даволі вялікая, кожны з іх – тэхнічна вельмі складаны. Для таго, каб правільна вывучыць той або іншы кідок, патрабуюцца сотні паўтораў на працягу некалькіх месяцаў. Вольная барацьба з’яўляецца дасканалым інструментам для развіцця сілы, каардынацыі, хуткасці рухаў. Заняткі дазваляюць навучыцца валодаць сваім целам, гарманічна развіваюць усе мышцы. За час сваёй трэнерскай практыкі Віктар Мечыслававіч заўважыў, што нават фізічна слабыя дзеці праз паўгода заняткаў становяцца мацнейшымі і здаравейшымі. А яшчэ не менш важна, што юныя аматары спорту прывыкаюць да здаровага ладу жыцця, становяцца больш дысцыплінаванымі, вынослівымі. «Байцоўскі» характар і ў дарослым жыцці дапамагае дасягаць поспехаў у любой сферы дзейнасці. Таму бацькі, якія аддаюць дзяцей у спартыўныя секцыі, робяць правільны выбар.
Аляўціна Янушкевіч з гэтым меркаваннем поўнасцю згодная. Яна пераканана, што спорт станоўча ўплывае на яе жыццё. Спачатку дзяўчына два гады займалася каратэ, але на спаборніцтвах ёй не ўдавалася падымацца вышэй за другую пазіцыю — у скарбонцы за той перыяд толькі сярэбраныя медалі. Але аднойчы аднакласнік Аляўціны — Ілья Пузач прапанаваў ёй прыйсці на заняткі секцыі па вольнай барацьбе, у якой займаўся сам.
— Прыйшла, убачанае мне вельмі спадабалася, вось і засталася, — расказвае Аляўціна. — Цяпер, нарэшце, з’явіліся і высокія дасягненні. А аднойчы я паказала сваім аднакласніцам відэа спаборніцтваў, якія здымала на мабільны тэлефон. Дзяўчаты вельмі зацікавіліся, і цяпер са мною на секцыю ходзяць Іра Грыб і Насця Кароль з нашага 10 «В».
Пасля перамогі на абласных спаборніцтвах сама я актыўна рыхтуюся да рэспубліканскіх, бо калі ўдасца перамагчы ў іх, змагу прыняць удзел у Еўрапейскіх спаборніцтвах. Мае поспехі — гэта яшчэ і заслуга майго трэнера, які пастаянна гаворыць: «Не бойся, ты зможаш, бо я табе паказаў усё, што ведаю». Віктар Мечыслававіч часта «выцягвае» мяне ў спартзалу, прымушае бегаць, гуляць у футбол, займацца гімнастыкай, трэніравацца на трэнажорах, каб умацаваць цела. На трэніроўках у час спарынгаў расказвае нам, колькі балаў спартсмену ставяць за тыя ці іншыя прыёмы, што можа прынесці перамогу на спаборніцтвах.
Я актыўна займаюся спортам ва ўсе дні тыдня, акрамя нядзелі. Кожная мая раніца пачынаецца з абавязковай зарадкі. Заўважаю, што значна менш стала хварэць, з’явілася сіла ў руках, за мае поспехі ў спорце мяне паважаюць у школе.
Цікаўлюся ў Аляўціны, ці не перашкаджаюць трэніроўкі вучобе і ці не збіраецца дзяўчына звязаць са спортам сваё дарослае жыццё?
— Спорт вучобе не перашкаджае. Спецыялісты, наогул, раяць чаргаваць фізічную і разумовую нагрузкі. Усе школьныя заданні я паспяваю зрабіць вечарам перад сном, ды і настаўнікаў уважліва слухаю на ўроках. А сваю будучую прафесію хачу звязаць з медыцынай. Яшчэ не ведаю, куды ўдасца паступіць: у вучылішча ці ва ўніверсітэт, але медыкам буду абавязкова. Ужо цяпер мае любімыя школьныя прадметы — хімія і біялогія. Я хачу дапамагаць людзям спраўляцца з хваробамі. А паколькі спорт і здароўе крочаць побач, то таксама планую стаць трэнерам па вольнай барацьбе, гэта будзе мая дадатковая работа — для душы.
Пытаюся ў Аляўціны, хто яшчэ, акрамя трэнера, яе падтрымлівае?
— Мае родныя. Заўсёды вельмі перажывае мама і шчыра радуецца кожнаму майму поспеху, а за перамогі нават падарункі дорыць. Маральна падтрымліваюць мяне сястра, брат, тата.
Акрамя спорту, у Аляўціны Янушкевіч ёсць шэраг цікавых захапленняў. Напрыклад, дзяўчына наведвае Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе ўжо некалькі гадоў займаецца ў Жанны Вячаславаўны Лукашэні. Аляўціна любіць маляваць, сярод яе карцін — копіі вядомых мастакоў, пейзажы, футурыстычныя малюнкі. Летам, калі вольнага часу больш, дзяўчына шмат чытае. У выхадныя разам з мамай і старэйшай сястрой любіць кухарыць. Яны майстэрскі гатуюць салаты, булачкі, хвораст.
— Наша сям’я вельмі дружная, — расказвае Аляўціна, — у выхадныя ў нас ёсць традыцыя ўсё рабіць разам: і кіно глядзець, і праблемы вырашаць, і падарожнічаць. Ужо пабылі ў гродзенскіх заапарку і аквапарку, Лідскім і Нясвіжскім замках. Мы часта ездзім да бабулі ў Навагрудскі раён, стараемся ёй «надакучваць», каб не сумавала. Мы, дзеці, большую частку лета праводзім там. Дапамагаем саджаць і капаць бульбу, палоць і даглядаць агарод. У нашай бабулі — 5 дзяцей і 8 унукаў. Ёсць добрая традыцыя збірацца разам за святочным сталом на Новы год і Вялікдзень, а таксама хадзіць у храм.
Моладзі Дзятлаўшчыны Аляўціна Янушкевіч пажадала быць больш актыўнай.
— Цыгарэты і алкаголь не пваінны быць вашымі захапленнямі. Захапляйцеся спортам, і жыццё стане цікавым, багатым на станоўчыя эмоцыі, у вас з’явіцца шмат сапраўдных сяброў. Памятайце, што іх варта шукаць у рэальным жыцці, а не ў інтэрнэце. А яшчэ ёсць шмат дастойных пісьменнікаў і журналістаў, творы якіх вы не паспелі прачытаць. Ёсць шмат прыгожых гарадоў, дзе вы яшчэ не пабылі. У вас столькі выдатных магчымасцяў, скарыстайцеся імі!
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА