В. Крэйдзіч: «Хачу, каб свет стаў крыху дабрэйшы»

Падзеі

Першае месца ў абласным этапе конкурсу Беларускага таварыства інвалідаў па зроку «Я — самы рэабілітаваны», другое — у рэспубліканскім конкурсе «Без межаў», плюс перамога ў дзвюх намінацыях, дыпломы. Гэта толькі частка сёлетніх дасягненняў нашага земляка, удзельніка раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, наведвальніка аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Віталя Крэйдзіча. Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў Віталя, як яму ўдаецца дасягаць высокіх вынікаў, чым ён яшчэ захапляецца, да чаго імкнецца.

— Віталь, гэта штогадовы конкурс? Ты не першы раз вынікова ў ім удзельнічаеш?

— Крыху ўдакладню: штогадовы ён для рэгіёнаў і вобласці і носіць назву «Я — самы рэабілітаваны», а рэспубліканскі праходзіць раз у два гады пад назвай «Без межаў». Ужо тры гады запар я прымаў удзел у абласным конкурсе, а ў рэспубліканскім — гэта было маё другое выступленне. Першы раз выдаўся менш паспяховы.

— Значыць, за два гады ты паспеў удасканаліць свае ўменні і навыкі?

— За гэты час многае памянялася ў маім жыцці. Па-першае, я атрымаў спецыяльнасць — аператар ЭВМ 4 разрада. Па-другое, удасканаліў навыкі валодання кіёчкам, навыкі па сацыяльна-бытавым абслугоўванні.

— Што новага сёлета з’явілася на рэспубліканскім конкурсе?

— Было вельмі цікавае заданне па Брайлю, скіраванае не толькі на хуткасць напісання тэксту, а і на яго практычнае прызначэнне. Мы складалі рэзюмэ для ўладкавання на работу, якая нас цікавіць. Кожны вырашаў сам, куды яму хочацца пайсці працаваць і як сябе ахарактарызаваць, каб зацікавіць наймальніка.

У камп’ютарным конкурсе ўпершыню ўдзельнічаў мабільны тэлефон. Акрамя задання на камп’ютары, было заданне скачаць базу навігацыйных маршрутаў і адзін з іх размясціць на андройдзе або айфоне, у залежнасці ад таго, хто якім мабільнікам карыстаецца.

Былі і яшчэ дзве «навінкі». Па-першае, мы для арыентавання ў прасторы выкарыстоўвалі сістэму IVEO, якая дапамагае сляпым людзям вывучаць карты мясцовасці, будынкаў, дарог. Сістэма з’явілася ў Беларусі толькі два гады таму. Па-другое, мы павінны былі зайсці ў магазін і што-небудзь набыць — такога таксама раней не задавалі.

— Колькі ўсяго было конкурсных заданняў?

— Тры: пісьмо і чытанне па сістэме Брайля; валоданне элементарнымі навыкамі работы на камп’ютары; сацыяльна-бытавое арыентаванне. Апошняе складалася з двух этапаў. Першы быў скіраваны на валоданне сістэмай IVEO, наколькі мы здольны вывучаць прастору, складаць карты і праходзіць па маршрутах. Мяне здзівіла, што некаторыя ўдзельнікі арганізацый, дзе гэта сістэма выкарыстоўваецца на працягу двух гадоў, не змаглі правільна заправіць ліст з картай, адкалібраваць яго, нармальна вывучыць сам маршрут. На Гродзеншчыну IVEO трапіла пазней, чым у іншыя вобласці, тым не менш, першае месца па яе вывучэнні — у нас. Другое заданне было ўжо непасрэдна па арыентаванні ў прасторы.

_MG_8629

— У якіх заданнях табе не было роўных?

— Я стаў пераможцам намінацый «Прасторавае і сацыяльна-бытавое арыентаванне», а таксама намінацыі «Валоданне элементарнымі навыкамі працы за камп’ютарам», у якой набраў 105 балаў са 105 магчымых. У выніку заняў другое месца ў рэспубліцы і, адпаведна, стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу Беларускага таварыства інвалідаў па зроку «Без межаў-2015».

— Як лічыш, што паспрыяла поспеху?

— Безумоўна, падрыхтоўка. Сёлета на высокім узроўні праходзіў абласны этап конкурсу ў Гродне, і многае з таго, што было на рэспубліканскім этапе, я ўжо ведаў загадзя, быў да гэтага гатовы. Таксама вельмі мне дапамагла інструктар Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Алена Аркадзеўна Міхневіч. Менавіта дзякуючы ёй я авалодаў навыкамі работы з сістэмай IVEO. Вядома ж, дапамагала імкненне да перамогі. Ехаў на конкурс і прыняць удзел, і паказаць, што жыхары Гродзеншчыны на нешта здольныя.

— Хто яшчэ верыў у цябе і падтрымліваў маральна?

— Такіх людзей шмат. Гэта і мама, і Валянціна Расціславаўна Саламевіч, і Алена Пятроўна Калюцік, і наведвальнікі аддзялення «Праменьчык», і прадстаўнікі Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, у тым ліку старшыня Ірына Барысаўна Новік, і наш былы інструктар Ірына Анатольеўна Жыбіна, а таксама ўсе сябры і знаёмыя.

— Ведаю, што на абласны этап конкурсу ты прыехаў сам, а на рэспубліканскі?

— Да Гродна таксама дабіраўся сам. Далей мы ехалі групай: трое ўдзельнікаў і два чалавекі нас суправаджалі. У гасцініцы жылі самастойна, у асобных нумарах.

— Апошнім часам шмат гаворыцца аб безбар’ерным асяроддзі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Якія ў цябе ўражанні: ці гатова беларускае грамадства прыняць асаблівых людзей?

— Ведаеце, уласна маё меркаванне наконт гэтага перадае вядомы выраз: «Не грамадства для інвалідаў, а інваліды для грамадства». Як мы сябе пакажам, так на нас адрэагуюць. Я ніколі не заўважаў, каб людзі да мяне адносіліся кепска. Здараліся адзінкавыя выпадкі, калі адказвалі груба, але ніколі спецыяльна не абражвалі. Звычайна людзі да мяне адносяцца добра. Лічу, што спрацоўвае прынцып: як сам адносішся да іншых, так і яны да цябе.

— Віталь, якія ў цябе яшчэ захапленні, акрамя камп’ютара?

— Я займаўся музыкай на прафесійным узроўні: 4 гады іграў на скрыпцы, столькі ж на альце. Цяпер я спяваю і актыўна ўдзельнічаю ў розных конкурсах. Што тычыцца сяброўства, прытрымліваюся прынцыпу: «Сяброў шмат не бывае». У мяне многа  знаёмых, у тым ліку ў інтэрнэце — з Расіі, Германіі, Бразіліі, ЗША, Іспаніі. Аднак блізкіх сяброў, з якімі дзялюся асабістым, няшмат.

— Да чаго ты імкнешся ў жыцці?

— Мой дэвіз: «Жыць, а не існаваць». Я не стаю на месцы, крочу наперад, развіваюся, самаўдасканальваюся, пазнаю новае. Ці ёсць у мяне мара? Безумоўна. У глыбіні душы мару зноў убачыць святло, узгадаць, якое яно. Што тычыцца прафесійных планаў, хачу ўладкавацца па спецыяльнасці і працаваць з камп’ютарамі, бо гэта мне падабаецца.

— Як дыпламант рэспубліканскага конкурсу, якія словы хочаш адрасаваць людзям з абмежаванымі магчымасцямі?

— Паўтаруся: заўжды памятайце, што не грамадства для інвалідаў, а інваліды для грамадства. Калі мы імкнёмся дасягнуць сваёй мэты, то павінны прыкладваць намаганні. Калі нам трэба што-небудзь, нельга гэта патрабаваць, дастаткова проста папрасіць, і жадаючых дапамагчы знойдуцца дзясяткі. Мне хочацца, каб свет вакол нас стаў крыху дабрэйшы. Няхай тыя, хто прачытае гэты артыкул, адносяцца адзін да аднаго з павагай і разуменнем. Нельга думаць ці казаць: «Табе кепска, але мне яшчэ горш». Гэта няправільна. Трэба разумець іншых людзей, калі мы гэтаму навучымся, то станем самі дабрэйшыя.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *