У сямейным і творчым дуэце

Падзеі

_MG_4689

Таццяна Фёдараўна Семенік родам з вёскі Драбавічы. Аднак другой яе радзімай стала вёска Войневічы. Сюды яна, выпускніца Ашмянскага тэхнікума, прыехала працаваць бухгалтарам у мясцовую гаспадарку.

Цяпер Таццяна Фёдараўна Семенік — «правая» рука старшыні Войневіцкага сельскага савета, працуе кіраўніком справаў сельсавета. На гэтай пасадзе — ужо больш за дзесяць гадоў.

Калегі характарызуюць яе як выдатнага і граматнага спецыяліста, а яшчэ як клапатлівую маці і бабулю.
Дарэчы, муж Таццяны Фёдараўны — Міхаіл Мікалаевіч таксама працуе ў СВК «Войневічы». Ён — загадчык мехмайстэрні, камбайнер і вадзіцель «Холмера», на якім працуе ў час уборкі буракоў.

_MG_4694

Міхаіл Мікалаевіч і Таццяна Фёдараўна — не толькі сямейная, але яшчэ і творчая пара. Неаднаразова яны  выcтупалі дуэтам на мясцовай і раённай сцэнах. У іх выкананні гучалі шчырыя і задушэўныя музычныя нумары — пад акампанемент гармоніка Міхаіла Мікалаевіча.  Інструмент, дарэчы, музыкант, асвоіў самастойна.
А вось, па словах Таццяны Фёдараўны, свой вакальны талент яна атрымала ў спадчыну ад мамы. Як і яе родная сястра Ганна, якая шмат гадоў спявала ў вядомым у Беларусі калектыве «Палескія зоры».

Сумесная сямейная гісторыя Міхаіла Мікалаевіча і Таццяны Фёдараўны пачалася ў 1987 годзе, ёй ужо дваццаць восем гадоў. У пары — двое сыноў. Абодва яны атрымалі вышэйшую інжынерную адукацыю.

Маюць Таццяна Фёдараўна і Міхаіл Мікалаевіч дваіх унукаў — Ксенію і Аляксандра.

Кожны прыезд дзяцей клапатлівыя бацькі, бабуля і дзядуля чакаюць з радасцю. А гаспадыня дома яшчэ любіць парадаваць сваіх родных людзей смачнай хатняй выпечкай.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *