Апошнюю ў гэтым годзе сустрэчу з журналістамі вобласці правёў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. На прэс-канферэнцыі ён падвёў сёлетнія вынікі эканамічна-сацыяльнага развіцця рэгіёна і паведаміў аб планах на надыходзячы 2016 год.
— Гэты год быў няпросты, нават складаны, — адзначыў старшыня аблвыканкама, — асабліва для эканомікі. У асноўным ролю адыгралі знешнія фактары: дэвальвацыя валют у краінах-суседзях, падзеі ва Украіне. Адбылося запавольванне продажу беларускай прадукцыі на асноўныя рынкі збыту. У выніку, валавы рэгіянальны прадукт не перасягнуў 95,3% за 11 месяцаў.
Што датычыцца сельскай гаспадаркі, Уладзімір Краўцоў прывёў прыклады па розных відах прадукцыі. Напрыклад, зерневыя ўрадзілі, а вось цукровых буракоў сабралі на 700 тысяч тон менш, чым летась. Паўплывала спякотнае, засушлівае надвор’е. На жаль, «плюс» у жывёлагадоўлі не перакрыў гэтыя страты. На будучыню, па запэўніванні старшыні аблвыканкама, будуць адшуквацца метады і новыя тэхналогіі, якія дазволяць захаваць раслінаводства і знізіць залежнасць галіны ад прыродных катаклізмаў.
У будаўніцтве сёлета з прыбыткам аказаліся буйныя кампаніі, якія працуюць на аб’ектах Расійскай Федэрацыі, а таксама галоўная будоўля — Беларускай АЭС у Астраўцы. Прыкладна чвэрць усіх аб’ёмаў будаўнічых работ на Гродзеншчыне прыходзяцца менавіта на гэты аб’ект.
— Мы рэалізавалі практычна ўсе планы сацыяльнай галіны, — падвёў вынік 2015 года Уладзімір Краўцоў. — І завяршаем год адкрыццём новага дзіцячага садка ў мікрараёне Вішнявец у Гродне, дзе неабходнасць дашкольнай установы стаіць вельмі востра, а таксама дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Астраўцы. Лічу ўвогуле пераход ад інтэрнатаў да дамоў сямейнага тыпу абсалютна правільнай сацыяльнай палітыкай дзяржавы.
Планы 2016 года ўжо пралічаны і сфарміраваны. Першае, на чым настойвае старшыня аблвыканкама, — гэта дыверсіфікацыя рынкаў збыту. Уладзімір Краўцоў асабліва заўважыў, што, захоўваючы знешнеэканамічныя адносіны з Расіяй, неабходна развіваць новыя пляцоўкі для супрацоўніцтва, адысці ад манапалізму. Гэта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць беларускай вытворчасці, пашырыць асартымент прадукцыі, якая выпускаецца, і атрымаць эканамічную выгаду. Ужо сёння Гродзенская вобласць мае дамоўленасці з Казахстанам на пастаўку ў наступным годзе сельгасмашын з перспектывай будаўніцтва сумеснай вытворчасці. Ёсць разуменне ў садзейнічанні ў мяса-малочнай галіне і аховы здароўя. Кітай стане пляцоўкай для збыту прадукцыі Бярозаўскага шклозавода «Нёман» і сухіх малочных сумясей ААТ «Беллакт». Ёсць намер супрацоўнічаць з Пакістанам і ЗША.
Праграмай актывізацыі эканомікі Гродзенскай вобласці прадугледжана рэалізацыя інвестпраектаў аб’ёмам 31 трыльён рублёў. Палова інвестыцый прыходзіцца на будаўніцтва беларускай АЭС і сацыяльных аб’ектаў у Астраўцы.
Прагназуецца павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці на прадпрыемствах ААТ «Гродна Азот», ААТ «Лакафарба», завод «Кронаспан».
Будаўніцтва трох лагістычных цэнтраў на прапускных пунктах беларускай мяжы «Брузгі», «Каменны Лог», «Бераставіца» — гэта не толькі стварэнне новых працоўных месцаў, але і лагістычная прыцягальнасць Гродзенскай вобласці, экспарт паслугаў.
— Для сацыяльнай галіны 2016 год будзе не менш складаны за 2015 год. Бюджэт склаўся сціплы, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Калі летась мы атрымалі ў бюджэт трыльён рублёў звыш запланаванага, то сёлета, як я ўжо гаварыў, не дабяром 700 мільярдаў рублёў. Але заўважу, што ўсе першачарговыя планы і задачы выканаем, абмяжуем тое, што не крытычна.
І. КАМАРОВА