Вы верыце ў Дзеда Мароза? Не спяшайцеся адмоўна адказваць на гэта пытанне, лепш задумайцеся, што кожнаму з нас часам хочацца хоць маленькага цуда. А як навагодніх дзівосаў чакаюць дзеці! Дом гандлю ў Дзятлаве другі год запар бярэ на сябе клопат наладзіць прамую сувязь паміж Дзедам Марозам і маленькімі дзятлаўчанамі, а добрым чараўніком можа стаць кожны з вас.
Агульнымі намаганнямі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і ініцыятыўных прадаўцоў Дома гандлю, у гандлёвай зале магазіна на другім паверсе “вырасла” горка, застаўленая сувенірамі ручной работы. Усе іх сваімі рукамі з дапамогай бацькоў вырабілі дзеткі са шматдзетных сем’яў, дзеці-інваліды.
— Далучыцца да добрай справы пагадзіліся сем’і Кацярыны Якаўчык, Вольгі Палухінай, Наталлі Ціхан, Дыяны Андрукевіч, Святланы Басай, Ульяны Лукашэня, Наталлі Манчук, Надзеі Чэнтук, Марыны Шэлег, Алены Жылінскай, – пералічвае ўдзельнікаў акцыі загадчыца аддзяленяя пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Пераважная большасць удзельнікаў – шматдзетныя сем’і, паўдзельнічаў і дзятлаўскі дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Па ўмовах акцыі “Дары дабро – стань Дзедам Марозам” кожны жадаючы можа выбраць сабе любую з работ дзіцячай творчасці, якая прыйшлася да спадобы, а ўзамен – набыць у Доме гандлю падарунак для маленькага аўтара самаробнай прыгажосці. Які падарунак і на якую суму набыць – залежыць ад вашага захаплення работай, сумлення і жадання парадаваць маленькага творцу ў навагоднія святы.
Як зазначае загадчыца Дома гандлю Марына Бортнік, мінулагодняя такая акцыя прайшла на “Ура!” – усе дзіцячыя работы знайшлі новых гаспадароў, а дзеткі атрымалі ўзамен падарункі з магазіна. Выставу-абмен работ сёлета разам з ёй арганізавала начальнік вытворчага ўчастка Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Наталля Загдай.
Акцыя “Дары дабро – стань Дзедам Марозам” ужо пачалася і будзе доўжыцца да праваслаўнага Нараджэння Хрыстова. Кожны з вас, шаноўныя дзятлаўчане, хоць ненадоўга можа адчуць сябе добрым чараўніком і падарыць дзецям радасць у навагоднія святы.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК