11 снежня на базе газеты «Перспектыва» ў Гродзенскім раёне адбыўся рэгіянальны навукова-практычны семінар «Мова ў сродках масавай камунікацыі як інструмент уздзеяння на свядомасць людзей» для галоўных рэдактараў газет сумесна з кафедрай журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У рабоце семінара браў удзел галоўны рэдактар газеты «Перамога» Алег Кудзінаў.
Насычаная праграма семінара складалася з дзвюх частак — прэс-тура па сельгаспрадпрыемствах Гродзенскага раёна і пленарнага пасяджэння па тэме «Мова ў сродках масавай камунікацыі як інструмент уздзеяння на свядомасць людзей».
Пачатковы пункт маршрута — аграгарадок Квасоўка, цэнтр сельгасвытворчага кааператыва імя В. І. Крамко. Удзельнікі семінара ўсклалі кветкі да помніка Герою Беларусі Віталю Ільічу Крамко, які на працягу дваццаці трох гадоў узначальваў гаспадарку. Дзявяты год на чале СВК імя В. І. Крамко — яго сын Сяргей Вітальевіч.
Адкрыццё семінара адбылося ў адміністрацыйным будынку СВК імя В. І. Крамко. Пасяджэнне распачаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вячаслаў Апановіч. Ён павітаў удзельнікаў семінара і перадаў слова першаму выступоўцу — намесніку старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерыю Клімовічу, які пазнаёміў прысутных з сённяшнім становішчам справаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскага раёна і перспектывах яго развіцця.
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў імя В. І. Крэмко, які гасцінна прымаў удзельнікаў семінара, знаходзіцца ў ліку лепшых сельгаспрадпрыемстваў не толькі ў вобласці, але і рэспублікі. Сяргей Крамко, які дзявяты год кіруе гаспадаркай, расказаў пра поспехі прадпрыемства і яго работнікаў.
У межах прэс-тура журналісты наведалі ферму «Агароднікі» СВК імя В. І. Крамко.
Удзельнікі дэлегацыі пабачылі сад гаспадаркі плошчай больш за 245 гектараў, дзе па перадавых тэхналогіях вырошчваюцца больш за 40 відаў яблыкаў, грушы, слівы, алыча, вішні. Усё гэта расліннае багацце захоўваецца побач, у садавінаагароднінасховішчы «Надзея», загадвае ім Андрэй Крамко, адзін з трох сыноў Героя Беларусі Віталя Крамко, імя якога з 2011 года носіць сельгаскааператыў.
Па словах старшыні СВК Сяргея Крамко, у калгасным магазіне «Колас» практычна заўсёды вялікі наплыў пакупнікоў. Бо прадукцыя тут самая свежая, пераважна — вытворчасці самой гаспадаркі.
З гумарам сустрэлі журналістаў у Квасоўскім цэнтры культуры. Пад адным дахам з ім працуюць Квасоўская дзіцячая школа мастацтваў, сельская бібліятэка, ЗАГС.
У аграгарадку Свіслач, удзельнікаў рэгіянальнага навукова-практычнага семінара павітаў старшыня аднайменнага сельскагаспадарчага кааператыва Васіль Густыр, які і ўзяў на сябе ролю экскурсавода. Васіль Мікалаевіч прадэманстраваў гасцям свіслацкай зямлі гонар свайго сельгаскааператыва — абсталяваную па-сучаснаму рамонтную майстэрню, а таксама памяшканне, дзе да сезону палявых работ захоўваецца сельскагаспадарчая тэхніка (у тым ліку — камбайн-пераможца сёлетняга жніва).
Мясцовай адметнасцю з’яўляецца гісторыка-археалагічны музей СВК «Свіслач». Ён размясціўся па суседстве з клубам адпачынку моладзі і праўленнем сельгаскааператыва ў трохпавярховым помніку архітэктуры, колішнім маёнтку мясцовай графіні Марты Красінскай. Гэты будынак быў узведзены ў канцы 19 стагоддзя, у тады ён меў нават ліфт. На жаль, ад таго часу да сучаснасці захаваліся толькі прыступкі, некаторыя драўляныя канструкцыі і прыхожая алея побач са збудаваннем.
Стваральніцай музея і яго нязменнай захавальніцай з 2006 года з’яўляецца Зінаіда Шыдлоўская. Яна працавала ў свіслацкай школе настаўніцай хіміі і біялогіі, а па выхадзе на заслужаны адпачынак стварыла музей. Тут функцыянуюць пяць тэматычных залаў — першая з іх прысвечана гаспадыні маёнтка графіні Марце Красінскай; другая — тэме Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам, якіх калісьці ў Свіслачы было ажно 59 чалавек; трэцяя — распавядае гісторыю саўгаса «Свіслач» з 1944 па 1984 год, чацвёртая — стылізаваная «Беларуская хатка», у пятай зале — экспанаты Дома народнай творчасці.
У гэтым гістарычным будынку адбылося пленарнае пасяджэнне. Напачатку яго слова трымаў старшыня СВК «Свіслач» Васіль Густыр, які расказаў пра работу сельгаскааператыва.
На пленарным пасяджэнні выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі журналістам вынікі аналізу прэсы Гродзеншчыны, параілі, як зрабіць газету цікавейшай і больш канкурэнтнай. У сустрэчы бралі ўдзел адразу дзве нашы зямлячкі — доктар філалагічных навук, прафесар кафедры журналістыкі Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч і кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры журналістыкі Іна Іванаўна Мінчук. Разам з калегамі прадстаўлялі свае выступленні кандыдат філалагічных навук, загадчыца кафедры журналістыкі Тамара Анатольеўна Піваварчык і доктар філалагічных навук, прафесар кафедры журналістыкі Аляксандр Аляксандравіч Мурашоў.
Рэгіянальны навукова-практычны семінар у Гродзенскім раёне быў багаты на падзеі, новыя знамствы, змястоўны і, мяркую, карысны кожнаму з яго ўдзельнікаў. Удзел у гэтым мерапрыемстве яшчэ раз пацвердзіў прапісную ісціну нашай прафесіі: галоўнай тэмай журналістыкі быў, ёсць і мае быць ва ўсе часы чалавек працы.
Тэкст і фота Н. Авярчук