Раённая інфармацыйна-асветніцкая акцыя да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам прайшла ў філіяле «Казлоўшчына» Слонімскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы ліцэя і вучні старэйшых класаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы.
Да іх звярнулася валеолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н. Юрэня. Яна расказала аб небяспецы ВІЧ-інфекцыі, засяродзіла ўвагу на яе прафілактыцы. Гэтай жа тэме было прысвечана выступленне агітбрыгады, якое падрыхтавалі работнікі аддзела культуры і адпачынку «Казлоўшчынскі дом» культуры.
З духоўным наказам да моладзі звярнуўся настаяцель храма ў Казлоўшчыне Георгій Ярмоліч.
У час акцыі яе ўдзельнікі таксама паглядзелі відэафільм па прафілактыцы небяспечнай хваробы. Былі падведзены вынікі конкурсу плакатаў і малюнкаў. Іх агучыла першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «БРСМ» А. Чурай. Пераможцы конкурсу былі адзначаны ўзнагародамі.
Акрамя асветніцкай акцыі па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ў Казлоўшчыне, Дзятлаўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі сумесна з раённым камітэтам грамадскага аб’яднання «БРСМ» праведзена мерапрыемства ля Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі, у час якога быў створаны квілт — палатно памяці аб памерлых ад СНІДу.
А. ДУБРОЎСКАЯ