Электрычнасць не пабачыш і не пакратаеш, аднак жыццё без яе сёння не ўявіць. Так і мы з вамі часам не заўважаем працу энергетыкаў, а, між тым, яна выконваецца бесперапынна, ад яе часта залежыць дабрабыт, а то і жыццё людзей. Энергетык – увогуле асаблівая прафесія: кожны яе работнік, незалежна ад пасады, павінен быць бездакорным прафесіяналам, мець грунтоўныя веды ў сваёй галіне.
Уся працоўная дзейнасць манцёра аварыйнай брыгады Дзятлаўскага раёна электрычных сетак Сяргея Леашкевіча – пацвярджэнне таго, што ў энергетыцы выпадковых людзей не бывае.
Гутару з маім суразмоўцам, энергетыкам з 24-гадовым стажам у электрычных сетках раёна, пры ўключаным дыктафоне.
— Не бянтэжыць запісваючая тэхніка? – пытаюся ў яго.
— Уключаны запіс – гэта ўжо нават звыкла, – адказвае Сяргей Леашкевіч. – У нас у раёне электрычных сетак не толькі ўсе працоўныя размовы запісваюцца, але і відэакантроль за работай аварыйнай брыгады ажыццяўляецца.
Сяргей Анатольевіч сёння заслужана ўваходзіць у лік вопытных энергетыкаў Дзятлаўшчыны, на каго можна і трэба раўняцца навічкам. Але і праз гады яму добра помніцца, як выбіраў сваю прафесію. Закончыўшы 9 класаў базавай школы ў Казлоўшчыне, юнак вырашыў, што надышоў час асвойваць самастойнае жыццё. Нават дакументы, як і многія яго аднакласнікі, падаў у мясцовае ПТВ (сёння філіял Слонімскага сельскагаспадарчага каледжа).
— Я нават адвучыўся адзін дзень у вучылішчы, але бацькі разам з настаўніцай пераканалі мяне вярнуцца ў школу, – цяпер з удзячнасцю згадвае Сяргей Леашкевіч.
Пасля атрымання сярэдняй адукацыі падаў дакументы ў Жыровіцкі тэхнікум, цяпер пэўна ведаў, што хоча працаваць з электрычнасцю. Атрымаўшы дыплом аб спецыяльнай адукацыі, малады спецыяліст зрабіў першыя свае працоўныя крокі на мясцовым вінна-гарэлачным заводзе на пасадзе электрыка, але надоўга тут працаваць не застаўся.
Як усе дарогі вядуць у Рым, так усе шляхі да вялікай энергетыкі на Дзятлаўшчыне прыводзяць у Дзятлаўскі раён электрычных сетак. У снежні 1991-га Сяргей Леашкевіч стаў працаваць у энергетыцы маладой Беларусі. На наступны год разам з прафесійным святам ён адзначыць свой сярэбраны працоўны юбілей.
— Электраманцёрам прыйшоў працаваць у электрычныя сеткі, электраманцёрам працую і цяпер, – лаканічна выкладае сваю працоўную біяграфію мой суразмоўца.
Аднак за гэтай, здавалася б, сціпласцю і нават аднастайнасцю – не такая простая гісторыя. Уладкоўваўся на працу Сяргей Анатольевіч у Дзятлава электраманцёрам па эксплуатацыі кабельных сетак, а калі быў створаны вытворчы ўчастак у Казлоўшчыне – не адзін год працаваў там у брыгадзе па эксплуатацыі размеркавальных сетак. Электраманцёр згадвае часы, калі электрычныя сеткі былі менш надзейныя, чым сёння: драўляныя апоры і паветраныя лініі не раз давалі нечаканай працы энергетыкам; а вось брыгады былі больш шматлікія: у казлоўшчынскай на той час працавалі восем чалавек (сёння іх у сярэднім пяць).
А калі ў 2006 годзе ўчастак рэфармавалі, ён вярнуўся працаваць у райцэнтр у аварыйную брыгаду. Галоўны матыў – жаданне паспрабаваць сябе ў нечым новым – не даў промаху: разнастаўная праца ў аварыйна-дыспетчарскай службе прыйшлася даспадобы спецыялісту.
— У сем гадзін прыходжу на працу, і ў запланаваныя работы амаль заўсёды ўносяцца карэктывы. Працуем па сітуацыі, што само па сабе мне падабаецца.
Адзіны мінус, як адзначае Сяргей Анатольевіч, не заўсёды даводзіцца ў святы адпачываць: графік ёсць графік, і некаму трэба несці вахту нават у святочны дзень.
— Работа аварыйнай брыгады часта звязана з ліквідацыяй наступстваў аварыі, калі ў людзей некаторы час адсутнічае электрычнасць. Ці заўсёды жыхары раёна цярплівыя да такіх часовых нязручнасцяў? – пытаюся ў майго суразмоўцы.
— Дзякуючы пастаяннаму інфармаванню, многія разумеюць, што нельга ўсё адрамантаваць у адзін момант, адносяцца спакойна. Але, вядома, ёсць нямала званкоў, часцей за ўсё ад усхваляваных лёсам бытавой тэхнікі гаспадыняў.
— Будні аварыйна-дыспетчарскай службы, усё ж, звязаны не толькі з аварыямі. У падрыхтоўцы раёна да абласных “Дажынак” вы таксама паўдзельнічалі?
— Работа ў электрычных сетках раёна сёлета вялася вельмі маштабная, таму, вядома, брала актыўны ўдзел і наша служба. Не без гонару заўважу, што па выніках мерапрыемства праца энергетыкаў раёна была высока ацэнена мясцовымі ўладамі.
— Сяргей Анатольевіч, вы зарэкамендавалі сябе за гады працы ў Дзятлаўскім раёне электрычных сетак талковым, надзейным, разумным спецыялістам. Чаму вы дагэтуль у электраманцёрах?
— Адукацыя крыху падвяла. Не аднойчы збіраўся павучыцца ў ВНУ, ды ўсё неяк адкладваў да лепшых часоў.
Надыходзячае прафесійнае свята Сяргей Леашкевіч сустрэне на дзяжурстве, так што адзначыць яго давядзецца пазней. Усім, хто верны прафесіі энергетыка, ён зычыць галоўнага – безаварыйнай работы і шчасця ў сем’ях.
Тэкст і фота Н. АВЯРЧУК