Аператыўна, хутка, надзейна

Здарэнні і бяспека

Гэта дэвіз міліцыі аховы, які названая служба пацвярджае на працягу часу свайго існавання. Аб службовых задачах супрацоўнікаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, аб тым, як яны берагуць спакой жыхароў раёна, карэспандэнтцы газеты расказаў начальнік аддзела Д. Харошка.

Начальнік Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Д. І. Харошка.

— Дзмітрый Іванавіч, з якімі вынікамі службовай дзейнасці ваш аддзел сустракае прафесійнае свята?

— Наш аддзел ахоўвае 268 аб’ектаў рознай формы ўласнасці, сярод якіх на 43 выкарыстоўваецца фізічная форма аховы, да пульта цэнтралізаванага назірання падключаны 225 аб’ектаў раёна. Пад аховай знаходзяцца 144 жылыя дамы і кватэры грамадзян. Асабовы састаў узвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы сёлета ўдзельнічаў у раскрыцці 7 злачынстваў, нашымі супрацоўнікамі выяўлены 240 адміністрацыйных правапарушэнняў. 

— Якая галоўная задача службы аховы?

— Гэта ахова аб’ектаў і маёмасці, раскрыццё злачынстваў, выяўленне правапарушэнняў.

2
Старшы інспектар-інжынер групы сродкаў і сістэмаў аховы У. М. Андрукевіч.

— Раскажыце аб тэхнічнай базе аддзела.

— Час не стаіць на месцы, і, каб раскрыць злачынствы па гарачых слядах, варта быць не толькі аператыўнымі, але і ўмець карыстацца новымі тэхналогіямі. Сэрца нашага аддзела — пульт цэнтралізаванага назірання. За яго бесперабойную работу адказваюць старшы інспектар-інжынер групы сродкаў і сістэмаў аховы Уладзімір Мар’янавіч Андрукевіч і спецыяліст групы Дзяніс Анатольевіч Бяляк. Яны ж займаюцца абсталяваннем аб’ектаў і жылых дамоў сродкамі сістэмаў аховы, іх абслугоўваннем. Пульт цэнтралізаванага назірання аддзела абсталяваны дзвюма сістэмамі перадачы паведамленняў — аўтаматызаванай сістэмай ахоўнай сігналізацыі «Алеся», якая працуе па правадных лініях сувязі і праз сотавую сувязь, і радыёканальнай сістэмай перадачы паведамленняў (РСПП), якая прымае трывожныя сігналы па радыёканалах і праз сотавую сувязь. Сістэмы ўяўляюць сабой два камп’ютары з адпаведным праграмным забеспячэннем. Рэзервовы канал сувязі пашырае магчымасці аддзела па ахове аб’ектаў: калі няма тэлефоннай, можна выкарыстаць радыёсувязь. За пультам цэнтралізаванага назірання пастаянна знаходзіцца дзяжурны-аператар. Ён першым прымае сігнал і перадае інфармацыю групе затрымання, якая па горадзе прыбывае на аб’ект за лічаныя хвіліны.

— Як часта міліцыі аховы даводзіцца выязджаць па трывозе, калі спрацоўвае кнопка сігналізацыі?

— З пачатку 2015 года адбыліся 483 выезды па сігналах трывогі з ахоўваемых аб’ектаў.

— Думаю, паспяхова працаваць дапамагае не толькі тэхніка, але і службовыя сабакі?

— Безумоўна. У нашым аддзеле працуюць чатыры міліцыянеры-кінолагі з сабакамі. Нашы чатырохногія сябры паспяхова нясуць службу, сёлета ўжо дапамаглі раскрыць тры злачынствы. Па колькасці раскрытых правапарушэнняў вылучаюцца міліцыянер-кінолаг Віктар Мікалаевіч Жынко і яго надзейны памочнік — кемлівы сабака Форум.

Памочнік камандзіра ўзвода-камандзір аддзялення групы затрымання Д. М. Дорда.
Памочнік камандзіра ўзвода-камандзір аддзялення групы затрымання Д. М. Дорда.

 

4
Бухгалтар фінансавай службы аддзела Т. К. Цярэшка.

 

Дзяжурны-аператар пульта цэнтралізаванага назірання Ж. С. Халопік.
Дзяжурны-аператар пульта цэнтралізаванага назірання Ж. С. Халопік.

 

6
Дзяжурны-аператар пульта цэнтралізаванага назірання Т. І. Маціевіч.
7
Група затрымання ў складзе міліцыянера-вадзіцеля А. П. Берасневіча (справа) і міліцыянера групы затрымання В. У. Цыгеля.

— Дзмітрый Іванавіч, раскажыце пра калектыў аддзела.

— Наш калектыў зладжаны, надзейны, правераны часам. Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы, здольныя вырашаць любыя службовыя задачы. За апошнія пяць гадоў калектыў значна амаладзіўся: прыйшлі 10 супрацоўнікаў. «Кузняй кадраў» для нас з’яўляецца аграгарадок Хвінявічы, бо адтуль родам сем нашых новых работнікаў. Маладыя ўжо паказалі сябе на справе, вынікамі мы задаволены. Наогул, сярод супрацоўнікаў аддзела варта выдзеліць памочніка камандзіра ўзвода-камандзіра аддзялення групы затрымання Дзмітрыя Мечыслававіча Дорду. Менавіта ён сочыць за падрыхтоўкай нарадаў міліцыі да нясення службы, спраўнасцю службовага транспарту. Усе раскрытыя аддзелам злачынствы і правапарушэнні — вынік плённай работы групаў затрымання. Лепшая з іх — група ў складзе старшага міліцыянера-вадзіцеля Аляксандра Андрэевіча Лаўніка і міліцыянера-кінолага Віктара Мікалаевіча Жынко.
З 1985 года ў аддзеле працуе начальнік падраздзялення аховы аб’екта гарпасёлка Наваельня Аляксандр Рыгоравіч Дзядулька. Сёлета за старанную шматгадовую службу ён атрымаў Падзячнае пісьмо Дзятлаўскага райвыканкама. Яшчэ адным Падзячным пісьмом райвыканкама ўзнагароджана бухгалтар фінансавай службы аддзела Тамара Канстанцінаўна Цярэшка, якая працуе на сваёй пасадзе з 1977 года.  
Сам я служу ў аддзеле з 1994 года, прайшоў шлях ад міліцыянера да начальніка і з упэўненасцю магу сказаць, што мае калегі — людзі адказныя, надзейныя, гатовыя прыйсці адзін аднаму на дапамогу ў складанай сітуацыі.

— Ці падтрымлівае аддзел аховы сувязь з ветэранамі службы?

— Ужо пяць гадоў у нас функцыянуе ветэранская арганізацыя, якую ўзначальвае былы начальнік аддзела Станістаў Станіслававіч Казакевіч. Ветэраны актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльна-культурным жыцці калектыву, дапамагаюць выхоўваць у маладых супрацоўнікаў патрыятычна-маральныя якасці. Так, мы запрашаем іх на першае ўручэнне табельнай зброі. Пры атрыманні супрацоўнікамі чарговых званняў яны таксама віншуюць нашых работнікаў, узгадваюць час сваёй службы. Мы вельмі удзячныя за актыўнае супрацоўніцтва і ўдзел у жыцці калектыву ветэранам службы, былым начальнікам аддзела Мікалаю Яўгенавічу Маруку, Сцяпану Іванавучу Мацюкевічу, Івану Канстанцінавічу Сямашку. Заўсёды рады бачыць у аддзеле Вячаслава Аляксандравіча
Франюка, Сяргея Аляксеевіча Гародку, Генадзя Эдвардавіча Гранкоўскага.

— Дзмітрый Іванавіч, чаго пажадаеце супрацоўнікам аддзела і ветэранам службы?

— Усім моцнага здароўя, удачы, дабрабыту, стабільнага фінансавага становішча. Супрацоўнікам, якія ў страі — паменш выездаў па сігнале, надзейнага сямейнага тылу.

Гутарыла І. СТЫРНІК

Фота П. АДАМЧУКА 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *