Шэсць сацыялагічных структур акрэдытаваны для правядзення апытанняў па прэзідэнцкіх выбарах і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, акрэдытацыю атрымалі Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта, Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый», а таксама Інстытут параўнальных сацыяльных даследаванняў «Еўразійскі барометр».
«Толькі гэтыя сацыялагічныя службы маюць права праводзіць сацыялагічныя апытанні, што датычацца выбараў Прэзідэнта Беларусі і грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне», — гаворыцца ў паведамленні на сайце ЦВК.
Як адзначыла раней старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, правядзенне экзітполаў у дзень выбараў — традыцыйная для Беларусі практыка. Пры гэтым Цэнтрвыбаркам не заказвае іх правядзенне і не ўмешваецца ў гэты працэс. «Для гэтага трэба атрымаць адпаведную акрэдытацыю ў камісіі, якая ўтворана пры Савеце Міністраў, працуе на базе Нацыянальнай акадэміі навук», — растлумачыла Лідзія Ярмошына. Прэтэндэнты на правядзенне экзітполаў павінны абавязкова прадставіць доказы таго, што члены каманды прафесійна валодаюць методыкай правядзення сацыялагічных апытанняў. Тыя, хто праводзіць апытанні, павінны мець адпаведныя бэйджы і дакументы.