«Мае гады — маё багацце»

Падзеі

Раённае мерапрыемства пад такой назвай, прымеркаванае да Дня пажылых людзей, прайшло ў Доме культуры аграгарадка Гезгалы з ініцыятывы Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна пры падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», раённага камітэта ГА «БРСМ».

1

2

3

4

5

Для гасцей свята ў фае ладзілася выстава сувеніраў, падрыхтаваная Гезгалаўскім сектарам рамёстваў.
На святочны канцэрт павіншаваць людзей «залатога ўзросту» прыехалі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спотру і турызму райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Т. С. Нікіпорчык, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Г. М. Чура, прадстаўнікі раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

6

Першай да прысутных звярнулася старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» А. І. Жадзейка:

— Прыемна, што ў календары ёсць такі дзень, калі мы можам выказаць словы падзякі тым, хто нас выгадаваў, даў пуцёўку ў жыццё, хто і сёння падтрымлівае мудрымі парадамі. Няхай яшчэ шмат гадоў гарыць у вашых вокнах святло, няхай часцей наведваюць дзеці і ўнукі. Прабачце нам, маладым, што за мітуснёй хуткаплынных дзён мы часам забываемся патэлефанаваць, не часта прыязджаем. Паверце, мы любім вас і просім Бога падоўжыць ваша жыццё.

Беларускі саюз жанчын, і раённая арганізацыя ў прыватнасці, аб’ядноўвае актывістак грамадскага жыцця, гатовых прыйсці на дапамогу. Калі ў вас ёсць просьбы да нас — звяртайцеся, будзем рады, калі зможам дапамагчы. Шчасця вам, здароўя, даўгалецця!

7

Да словаў віншавання далучылася дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Т. С. Нікіпорчык:

— Дабрыня, шчасце, клопат не маюць межаў, іх не набудзеш за грошы, дык няхай яны і вера ва ўсё лепшае суправаджаюць вас на працягу ўсяго жыцця. Мерапрыемствы да Дня пажылых людзей ужо сталі добрай традыцыяй на Дзятлаўшчыне. Летась мы сустракаліся ў Наваельні, сёлета эстафету перанялі Гезгалы, таму хачу падзякаваць Святлане Анатольеўне Русак, работнікам культуры, навучэнцам і педагогам Гезгалаўскай школы і ўсім тым, хто падрыхтаваў для нас гэты цудоўны канцэрт. Асобна за падтрымку і неабыякавыя адносіны да чужых праблемаў хачу падзякаваць нашым спонсарам — ПСУП «Партнёр СтройСэрвіс» В. Я. Вараб’ю, начальніку аддзела рознічнага продажу «Востраў чысціні» Я. Ю. Урбановічу, дырэктару Дзятлаўскага магазіна «Еўраопт» Т. І. Маліка, прыватным прадпрымальнікам С. С. Максімчыку, М. В. Шалевічу, С. Л. Біруку, Л. К. Маркушэўскай, В. М. Буракову, М. В. Буракову, А. А. Гоман, наогул усім нераўнадушным людзям, якія адгукваюцца на нашы просьбы.

8

9

Цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў гучалі са сцэны на працягу ўсяго канцэрта, гледачы дзякавалі артыстам дружнымі апладысментамі.

10

Таксама ў рамках мерапрыемства да Дня пажылых людзей актывісты раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і раённага камітэта ГА «БРСМ» падарылі святочны настрой тым, хто па стане здароўя не змог прыйсці на канцэрт, — пацыентам Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду і жыхарам Дома самастойнага сумеснага пражывання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Госці прыйшлі да іх са святочнымі паштоўкамі, сувенірамі, салодкімі пачастункамі, пажаданнямі даўгалецця і дабрабыту.

І. КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *